Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Гомельскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу, а таксама ААТ «Гомсельмаш», дзе азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця прадпрыемства, работай канструктарскага бюро па стварэнні новых узораў высокапрадукцыйнай збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці айчыннага камбайнабудавання.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручаў у гэтым уборачным сезоне прадэманстраваць сучасны высокапрадукцыйны камбайн, які не ўступае лепшым сусветным узорам (так званы суперкамбайн). У 2018 годзе выканана распрацоўка канструктарскай дакументацыі мадэлі камбайна КЗС-2124, якая ўлічвае новыя тэндэнцыі ў развіцці камбайнабудавання. Гэта тэхніка працягвае развіццё лінейкі машын на базе найбольш прадукцыйнага збожжаўборачнага камбайна КЗС-1624-1.
Да ўборачнага сезона выраблена тры ўзоры камбайна новай мадэлі. Камбайн арыентаваны на перадавыя гаспадаркі, якія вырошчваюць высокаўраджайнае (больш за 60-70 ц/га) збожжа. Па прадукцыйнасці і якасці ўборкі новы камбайн не ўступае лепшаму замежнаму аналагу — збожжаўборачнаму камбайну Lехіоn 770 фірмы Сlaas, маючы цану амаль у два з палавінай разы ніжэйшую.
Аляксандр Лукашэнка даручыў запусціць у краіне маштабную праграму па аднаўленні і мадэрнізацыі тэхнікі, якая адслужыла свой тэрмін. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу гэта датычыцца тэхнікі такіх беларускіх прамысловых грандаў, як МАЗ, МТЗ і «Гомсельмаш». Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу, што прывядзенне ў парадак паралельна з пэўнай мадэрнізацыяй старой тэхнікі магло б стаць паўнацэнным дадатковым напрамкам работы ААТ «Гомсельмаш», якая была б запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і ў сумежных краінах — Расіі, Украіне.
Ён даручыў за зіму прапрацаваць адпаведныя пытанні і з 1 студзеня пачынаць практычную рэалізацыю гэтай задачы.
«Нашы міністры прамысловасці і сельскай гаспадаркі прапрацуюць гэта пытанне. Трэба гэта перакласці на планавую аснову на ўсю краіну», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Я не магу дапусціць, каб «Гомсельмаш» знік. Але ў гэтай жорсткай канкурэнцыі, каб выжыць, трэба шукаць новыя аб’ёмы работ, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта добры кавалак работы. Гэта не навіна. У нас такім чынам працуюць МАЗ, асабліва МТЗ, і ўжо аднаўляюць трактары ў «сельгастэхніках».
Прэзідэнту прадставілі камбайн-навінку «Палессе GS1218»
Як было даложана, новая тэхніка крыху даражэйшая у параўнанні з традыцыйнымі аналагамі, аднак дае магчымасць значна эканоміць на кошце паліва. У сярэднім гэта каля палавіны затрат па гэтым расходным артыкуле. Распрацоўшчыкі лічаць, што новы камбайн можа быць шырока запатрабаваны на расійскім рынку. Акрамя таго, ён больш экалагічны. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ўсе пытанні бяспекі эксплуатацыі вырашаны на 100 працэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся навінкай і даручыў да наступнай уборачнай кампаніі вырабіць некалькі такіх камбайнаў, каб апрабаваць іх у якасці эксперымента ў адной з гаспадарак.
Прэзідэнт мае намер у наступную ўборачную кампанію асабіста прыехаць і паглядзець на вынікі эксперымента. Ён таксама адзначыў, што з’яўляецца актыўным прыхільнікам развіцця тэхнікі на электрарухавіках, аднак адносна камбайнаў гэта пакуль яшчэ даволі далёкая перспектыва, таму выкарыстанне газу ў якасці паліва магло б стаць добрай альтэрнатывай з эканамічнага пункту гледжання.
Аб нядобрасумленнай канкурэнцыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракае Расію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі і невыкананні абавязацельстваў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Я хачу захаваць «Гомсельмаш». У нас цяпер цяжкі перыяд — расіяне паво-дзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас, публічна аб гэтым кажу. Яны ад нас патрабуюць нечага, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязкі не хочуць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю», — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Расіі папракаюць амерыканцаў і Захад у стварэнні «неканкурэнтнай перавагі». «А самі ж яны для нас такія ж неканкурэнтныя ствараюць умовы. Гэта яшчэ тэма нашай размовы з Прэзідэнтам Расіі. Але мы павінны працаваць у тых умовах, у якіх сёння існуем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гэту тэму Аляксандр Лукашэнка закрануў і ў час размовы з работнікамі прадпрыемства. «Галоўнае — мы павінны два-тры гады вытрымаць. На нас будзе вельмі моцны націск з боку канкурэнтаў. Мы заціснуты з Захаду рознымі «клаасамі-лексіёнамі» і г.д., і мы заціснуты, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна. Яны «Растсельмаш» свой усяляк падтрымліваюць, субсідзіруюць, парушаючы нашы дамоўленасці ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта няправільна, несправядліва, і гэту праблему мы не здымаем з парадку дня беларуска-расійскіх перагавораў на ўзроўні ўрадаў і нават прэзідэнтаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што будуць прыкладацца намаганні для стварэння аднолькавых канкурэнтных умоў.
«Мы, наколькі можам, падтрымаем ваша прадпрыемства. Але вы, калі ласка, хутчэй працуйце. Нам трэба два-тры гады вытрымаць у гэтай нядобрасумленнай канкурэнцыі і перасягнуць сваіх сапернікаў (іх мой сябар Прэзідэнт Расіі называе партнёрамі, а я называю нашымі як мінімум сапернікамі)», — заявіў беларускі лідар.
Ён асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці далейшага паляпшэння якасці прадукцыі, павышэння яе надзейнасці, на распрацоўцы розных навінак, якія будуць запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, пошуку новых рынкаў збыту і крыніц забеспячэння ўстойлівай работы.
«Гомсельмаш» не прадаецца
Паводле слоў Прэзідэнта, у прыватнасці, казахстанскія партнёры гатовы працаваць з «Гомсельмашам» і ўвайсці ў капітал прадпрыемства. «Але скажу прама: я не збіраюся «Гомсельмаш» прадаваць, я не хачу яго прыватызаваць. Калі Казахстан хоча атрымаць тут нейкую долю акцый, мы не супраць. Ды Казахстан і не прэтэндуе на тое, каб кіраваць гэтым прадпрыемствам і атрымаць кантрольны пакет», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Кантрольны пакет акцый прадаваць я не гатовы, і наўрад ці ў маё прэзідэнцтва гэта здарыцца. Прадпрыемства гэта дзяржаўнае, і кантроль павінен заставацца дзяржаўным», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае, да чаго можа прывесці такая прыватызацыя. «Растсельмаш даўно прапануе — давайце прыватызаваць, мы гатовы купіць. Але я не хачу, каб гэты завод ператварыўся ў завод па вытворчасці шасцярэнек. Усё астатняе — і канструктарскія распрацоўкі, і навукова-тэхнічны складнік — усё там — у Растове, а мы ператворымся ў нейкі прыдатак. Гэтага быць не павінна, павінны быць партнёрскія адносіны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Казахстана, Прэзідэнт адзначыў, што гэта неабдымны і вельмі важны рынак для прадукцыі «Гомсельмаша», і там зацікаўлены ў гэтай тэхніцы. «Я генеральнаму дырэктару сказаў, што ёсць яшчэ родная Украіна. З імі трэба дамаўляцца. Гэта сусветная жытніца, а свайго камбайна ў яе няма», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Па матэрыялах БелТА.