Традыцыйныя жнівеньскія ўрачыстасці, прысвечаныя благаслаўлёным пакутнікам Антонію Ляшчэвічу і Юрыю Кашыры, адбыліся на мінулым тыдні ў Росіцкім касцёле Найсвяцейшай Троіцы.
Як заўсёды ў гэтыя дні, святыня была перапоўнена людзьмі. Сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі дабіраюцца сюды, каб прыняць удзел у мерапрыемствах духоўнасці, якія маюць асобую прыцягальнасць і сілу. Многія сведчаць, што наведванне Росіцы дае моцны зарад веры і жыццёвай стойкасці, напаўняе любоўю і нават дапамагае ў вырашэнні асабістых патрэб і праблем. Напэўна, гэта магчыма таму, што на прыкладзе росіцкіх пакутнікаў чалавек пераасэнсоўвае жыццёвыя каштоўнасці, задумваецца аб сапраўдных прыярытэтах, узбройваецца добразычлівасцю і надзеяй на Божую ласку.
Нездарма ў шлях да святыні людзі выпраўляюцца не толькі на машынах ці аўтобусах, але на веласіпедах, матацыклах і нават пешшу. Сёлета сюды прыбылі велапілігрымка з Жодзіна і байкеры з Браслава, а таксама дзве пешыя пілігрымкі з Полацка і Друі агульнай колькасцю звыш 160 чалавек. У іх складзе былі людзі розных узростаў не толькі з навакольных, але і дальніх парафій краіны. Ісці давялося ў надзвычайных умовах, пераадольваючы моцную спякоту. Але ніхто не збочыў з дарогі, вернікі мужна пераадольвалі цяжкасці, ахвяруючы іх Богу разам са сваімі просьбамі. І нібы знакам благаслаўлення для пілігрымаў сталі дождж на подступах да святыні і прыгожая вясёлка, якая заззяла над касцёлам да прыходу гасцей.
Вернікаў сардэчна прывітаў пробашч касцёла айцец Часлаў Курэчка, які пастараўся, каб Храм сустрэў іх прыгажосцю і гасціннасцю. Тут як заўсёды палымнеюць яркія кветнікі, зелянеюць дагледжаныя газоны і дэкаратыўныя расліны, здзіўляюць арыгінальнасцю новыя кампазіцыі. Кветкі і свечкі запаўняюць і саму святыню, надаючы ёй асаблівую атмасферу малітоўнасці і супакою. На працягу сутак тут доўжацца малебны, духоўныя мерапрыемствы, гучыць кранальная музыка.
На вячэрняй святой Імшы з прывітальным словам да вернікаў звярнуўся біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён адзначыў, што сёлетняя сустрэча ў Росіцы адбываецца ў асобую дату – мінула 75 гадоў з моманту ахвяры тут двух тысяч жыццяў. “Сёння мы сабраліся, каб падзякаваць Богу за мужны прыклад веры айцоў-марыянаў Юрыя і Антонія, якія маглі ўратаваць жыццё, але, адчуваючы адказнасць за даручаных ім людей, пажадалі застацца разам з імі. Гэты прыклад адказнасці і ахвярнасці, вернасці пакліканню, моцнай веры надзвычай патрэбны для кожнага з нас. Прысутнасць у святыні вялікай колькасці маладых твараў найлепшым чынам гаворыць аб тым, што ахвяра пакутнікаў не была дарэмнай”.
Падчас урачыстасцей, у якіх прынялі ўдзел Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары розных парафій Віцебшчыны, гаварылася аб адметнасці жыццёвага шляху росіцкіх ксяндзоў-пакутнікаў, іх ролі ў адраджэнні веры на нашай зямлі, умацаванні духоўнасці і чалавечай годнасці.
Калі вялікая працэсія вернікаў са знічкамі ў руках наблізілася ўначы да месца пакутніцкай смерці росіцкіх ахвяраў, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што мы прыходзім сюды не толькі для таго, каб маліцца за тых, хто загінуў у ахвярным агні – яны выканалі сваю місію і маюць узнагароду ў Бога. Прыходзім жа прасіць, каб не паўтарылася такая трагедыя, калі забіваецца вялікая колькасць людзей. Жывём у свеце, які нясе пагрозу вайны, і хто ведае, калі б не малітва шчырым сэрцам, ці не здарылася б яна?! Прыходзім прасіць аб ушанаванні людской годнасці, адвагі бараніць жыццё ад самага яго пачатку да натуральнага канца. Гледзячы на знак Крыжа, які ўвасабляе перамогу над смерцю, умацоўваем веру, надзею і любоў да Бога і бліжняга. І просім у росіцкіх пакутнікаў падтрымкі і заступніцтва на гэтым шляху барацьбы са злом і перамогі дабра.
Да канца наступнага дня ў Росіцы працягваліся малітоўныя мерапрыемствы і сяброўскія сустрэчы за кубкам кавы. Напрыканцы гучалі шматлікія падзякі айцу Чаславу і ўсім, хто арганізоўвае і праводзіць росіцкія ўрачыстасці, якія сталі для многіх людзей гаючай крыніцай духоўнасці.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Валерый САЛАЎЁЎ (фота).