Па традыцыі да Дня беларускага пісьменства ў раённай бібліятэцы адкрыліся выставы, прысвечаныя адметнай даце.
У дзіцячай бібліятэцы юных наведвальнікаў і іх бацькоў чакае выстава “Напачатку было слова”, падрыхтаваная работнікамі бібліятэкі Тамарай Лапацкай і Таццянай Валангевічус. На выставачных паліцах прадстаўлены новыя серыі кніг беларускіх выдавецтваў, прысвечаныя гісторыі і развіццю кнігадрукавання на Беларусі. Сярод іх “Асветнікі Беларусі”, дзе сабраны выданні аб Францыску Скарыне, Еўфрасінні Полацкай, Кірыле Тураўскім, Сімяоне Будным, Міколе Гусоўскім, іншых першапраходцах беларускай пісьменнасці. Тут жа змешчана новае пашыранае выданне “Вялікія і славутыя людзі зямлі беларускай”, кнігі сучасных даследчыкаў роднага слова. Адметна, што фаліянты не толькі змяшчаюць цікавую і падрабязную інфармацыю аб развіцці айчыннага пісьменства, але і самі з’яўляюцца ўзорам кнігадрукавання.
Для дарослых чытачоў у абанементнай зале падрыхтавана выстава “Беларуская кніга – дарогамі вякоў”.
— Мы пастараліся як мага паўней ахапіць тэму Дня пісь-менства, прысвечаную Году малой радзімы, — расказала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Ніна Сяргееўна Глацёнак. — Прапаноўваем наведвальнікам экспазіцыі аб асветніках Беларусі, аб сталіцы сёлетняга свята – горадзе Іванава Брэсцкай вобласці і яго знакамітых людзях, аб праграме ўрачыстасці і прадстаўленых навінках кнігадрукавання. А яшчэ асобна прадставілі галоўныя выдавецтвы Беларусі і іх прадукцыю: “Мастацкая літаратура”, “Беларуская навука”, “Беларуская энцыклапедыя” і іншыя. Знайшлося на выставе месца і нашаму выдаўцу, які працуе ў Наваполацку, — Алегу Маладзечкіну. Ён выпускае кнігі па краязнаўчай тэматыцы Верхнядзвіншчыны, супрацоўнічае з мясцовымі творцамі. Выдадзеная ў мінулым годзе кніга Антона Бубалы стала дапаможнікам настаўнікам на ўроках і факультатывах па гісторыі і краязнаўству.
Нягледзячы на тое, што будынак бібліятэкі ў гэтыя дні актыўна рамантуецца напярэдадні абласных “Дажынак” і прыходзіцца падпарадкоўвацца пад абмежаваныя ўмовы, наведвальнікі не прапускаюць магчымасці паглядзець выставы і пазнаёміцца з навінкамі літаратуры. Інтарэс да друкаванага слова не змяншаецца ніколі – добрая кніга заўсёды будзе сябрам чалавека культурнага.
С. АЛЯКСАНДРАВА.