У сёлетняй уборачнай кампаніі на прызнаных карыфеяў поля раўняецца моладзь. Раман Размысловіч з ААТ “Нурава” стаў першым тысячнікам у раёне ў гэтай катэгорыі.
Раман Размысловіч і перадавік сельгаспрадпрыемства Яўген Ганічаў, якія ў гэты дзень працавалі ў адной звязцы, прымалі віншаванні і каштоўныя падарункі ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Алены Зуй, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Мароз, першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Дар’і Сакалоўскай.
На асабістым рахунку Рамана Мікалаевіча 1194 тоны намалочанага зерня і рапсу. Гараджанін Яўген Ганічаў памяняў у прыпар горад на вёску. На МАЗ-555 на ўчарашні дзень ён перавёз 1129 тон зерня.
— Мы ганарымся, што сярод моладзі ёсць такія працалюбівыя і ўпартыя хлопцы, якія працуюць старанна і з поўнай аддачай, — сказала Алена Зуй. Яна пажадала ім не здаваць лідарскіх пазіцый.
У ААТ “Нурава” жніво падыходзіць да завяршэння – убрана 72,5% плошчаў, намалочана 3073 тоны зерня. Ураджайнасць сёлета радуе – яна значна вышэй сярэднераённай — 39,6 цэнтнера з гектара.
Аднак на дасягнутым у сельгаспрадпрыемстве спыняцца не збіраюцца. Стаўку нураўцы робяць на азімыя. Вядзецца ворыва і сяўба азімага рапсу – а гэта 250 гектараў. З дня на дзень прыступяць да сяўбы азімых зерневых.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) А. У. Зуй, Р. М. Размысловіч,
Я. У. Ганічаў і Д. М. Сакалоўская.