Уздзвіжанне святога і жыватворнага Крыжа – адно з самых вялікіх святаў, усталяванае на ўспамін пра тое, як роўнаапостальная Алена, маці імператара Канстанціна, знайшла крыж, на якім быў распяты Ісус Хрыстос.
Гэта падзея паводле царкоўнага падання адбылася ў 326-м годзе ў Ерусаліме. Як апавядаюць царкоўныя гісторыкі 4-га стагоддзя, Алена накіравалася ў Ерусалім, каб знайсці месца, звязанае з катаваннем Ісуса на Галгофе. Былі знойдзены тры крыжы. Каб вызначыць, на якім з іх памёр Хрыстос, іх прыклалі па чарзе да хворай жанчыны. І калі пасля прыкладання чарговага крыжа хворая паўстала здаровай, усе прысутныя ўславілі Бога.
Крыж быў падняты епіскапам для ўсеагульнага агляду. Але з-за шматлюднасці далёка не ўсе маглі не толькі пацалаваць яго, але нават пабачыць. Таму патрыярх ерусалімскі Макарый стаў на ўзвышэнне і падняў (уздзвігнуў) крыж. Людзі пакланяліся Крыжу і маліліся: “Госпадзе, памілуй!”. Гэта падзея і стала пачаткам вялікага свята Ўздзвіжання.
Некалькі гадоў таму жыхары Каханавічаў вырашылі паставіць Крыж на ўездзе ў вёску з боку райцэнтра, дзе адбываліся аўтамабільныя аварыі, у выніку якіх гінулі людзі. Адным з загінулых быў сябар нашага клуба.
Таму менавіта хлопцы з клуба “Белыя вароны” разам са старшынёй сельскага Савета В. Ярмоленкам ажыццявілі задуманае, усталяваўшы крыж-абярэг.
У паэта Міхася Башлакова ёсць такія словы:
“Крыжы-абярэгі…
Ля іх бласлаўлялі дзяцей у дарогу,
Страчалі гасцей і маліліся Богу.”
У гэтых словах каханавіцкімі актывістамі і быў пачуты запавет продкаў, які даў штуршок для дзеяння. Сябры клуба апекаваліся станам крыжа, даглядалі пасаджаныя ля яго ўзножжа кветкі.
А 27 верасня 2018 года паўстаў новы, металічны крыж. Абрад яго асвячэння здзейсніў настаяцель Бароўскай царквы Святой Еўфрасінні Полацкай айцец Уладзімір.
Дзень выдаўся халаднаваты, шэры, з парывістым ветрам. Але да пачатку цырымоніі, нібы вітаючы сабраных на ўрачыстасць, выглянула сонейка. Усе прысутныя шчыра маліліся і цалавалі Крыж, як калісьці гэта рабілі людзі ў Ерусаліме пры ўздзвіжанні святыні, што ўзвышае чалавека, далучаючы яго да вечнай таямніцы. Да ўзножжа новага крыжа ляглі жывыя кветкі.
П. КВЯЦІНСКІ,
кіраўнік народнага клуба “Белыя вароны”.