Адзначаем стагоддзе ўтварэння БССР

Актуально Общество

  1. Сённяшні Новы год для беларусаў асаблівы –
    1 студзеня 2019 года спаўняецца 100 гадоў БССР. За гэты час краіна прайшла складаны, поўны працы, барацьбы і рэформаў шлях, набыла суверэнітэт і ўмацавала сваю дзяржаўнасць. Успомнім гісторыю нашага раёна ў складзе БССР па старонках кнігі “Памяць” і матэрыялах раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

У пачатку студзеня 1919 года адбылося першае пасяджэнне выканкама Дрысенскага павятовага Савета. Былі створаны аддзелы харчовы, народнай адукацыі, ваенны, сацыяльнага забеспячэння, зямельны, фінансавы, аховы здароўя.
Разам з павятовым выканкамам арганізоўваліся Саветы сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў і камітэты беднаты. Яны адкрывалі школы, народныя дамы, хаты-чытальні, арганізоўвалі медыцынскую дапамогу.
Некаторы час Дрысенскі павет не ўваходзіў у склад БССР. З 15 сакавіка 1919 года ён быў перададзены РСФСР. І толькі 17 ліпеня 1924 года ў выніку новага адміністрацыйнага падзелу быў утвораны Дрысенскі раён у Полацкай акрузе, у якім налічвалася 7 сельсаветаў.
У перыяд сацыялістычнага будаўніцтва ў раёне былі ўзведзены 2 цагельных і 4 льнозаводы, пабудаваны лесапільні, 2 МТС, інкубатарная станцыя, створана прамкааперацыя. 153 калгасы аб’ядноўвалі 4770 гаспадарак. У канцы 30-х гадоў у Дрысенскім раёне было 118 школ з 12,3 тысячамі навучэнцаў, 2 бальніцы на 175 ложкаў і 7 урачэбных участкаў, 15 Дамоў культуры, 45 клубаў, 15 кінаперасовак.

За тры  гады фашысцкай акупацыі Дрысенскі раён панёс велізарныя страты. Спалена 426 вёсак, у большасці – з жыхарамі. На Асвейшчыне не засталося ніводнай цэлай пабудовы. З 53034 жыхароў даваеннага раёна на 1 кастрычніка 1944 года засталося 23630 чалавек, у Асвейскім раёне – 6430 з 21062 даваенных. Знішчаны ўсе МТС, прамысловыя прадпрыемствы, цагельні, млыны, масты, чыгунка, іншыя будынкі. Дрысенскі і Асвейскі раёны ўнесены ў спісы 36 найбольш пацярпелых  у гады вайны населеных пунктаў рэспублікі.

Цаной самаахвярнай працы раён за кароткі час узняўся з руін вайны. Былі пабудаваны заводы “Зоаветінструмент”, торфабрыкетны, льнозавод, масласырзавод, шэраг іншых перапрацоўчых і абслугоўваючых прадпрыемстваў. Новыя тэхналогіі і прадукцыйная тэхніка прыйшлі ў сельскую гаспадарку, што дазволіла скараціць ручную працу і ў разы павысіць вытворчыя паказчыкі. Узведзены мікрараёны шматпавярховых дамоў,  школы, медустановы, культурныя цэнтры. З’явілася развітая інфраструктура. Да канца ХХ стагоддзя, калі БССР была рэфармавана і выйшла са складу Саюза, раён уяўляў сабой развіты рэгіён з устойлівай сацыяльна-эканамічнай базай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *