Па электроннай сетцы на адрас нашага музея трапіў дакумент з медальёна, які быў выяўлены пры парэштках савецкага салдата, паднятых у межах горада Атраднае Ленінградскай вобласці. На паперцы захаваліся фрагменты запісаў, якія часткова паддаюцца расшыфроўцы. Пры супастаўленні іх са звесткамі з іншых каналаў Інтэрнэта і перапіскі з ініцыятарам пошуку А. Маньшынай выспявае наступная версія.
Імя загінулага — Аржанік Арсень Лявонавіч. Ён нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Падары Сухарукаўскага сельсавета Асвейскага раёна, у 56-ы запасны стралковы полк трапіў 18 верасня 1941 года ў званні радавога, загінуў падчас жорсткіх баёў пры абароне Ленінграда. Бацька салдата – Аржанік Лявон І. Вёска Падары была спалена ўшчэнт 26 лютага 1943 г. у час карнай экспедыцыі фашыстаў «Зімовае чараўніцтва». Лявон Аржанік з сям’ёй (6 чалавек) загінуў (расстраляны? спалены?). Вёска была адноўленая пасля вайны, існавала да 1966г.
Разлічваць, што адгукнецца хто-небудзь з родных, бадай, не выпадае. Пакаленне, якое ведала салдата, выпалена вайной, а ацалелыя адзін за адным адыходзяць у вечнасць. Суцяшае адно: яшчэ адзін з тысячаў тысяч зніклых без вестак паўстане ў шэрагі вядомых. Імя салдата захаваецца ў дакументах і будзе дапісана ў памятныя рэестры пры перавыданні кнігі “Памяць”.
На наш запыт аб месцы перапахавання парэшткаў земляка мы атрымалі паведамленне, што яны яшчэ захоўваюцца непахаванымі; пошукаўцы чакаюць адказу з радзімы загінулага. Прадугле-джваецца магчымасць даставіць іх па месцы запатрабавання.
І яшчэ адзін зварот.
Служба вышуку (Масква) сем’яў савецкіх ваеннаслужачых, загінулых, зніклых без вестак і ваеннапалонных Вялікай Айчыннай вайны, просіць садзеяння ў пошуку родных загінулага ў гады вайны чырванаармейца Гардзея Мікалая Міхайлавіча, 1921 г.н., нараджэнца вёскі Барадуліна Дрысенскага раёна. Салдат загінуў у палоне. Месца яго пахавання нядаўна было выяўлена ў г. Вена (Аўстрыя). Бацька салдата – Гардзей Міхаіл – як вынікае з дакументаў канцлагера – жыў па месцы нараджэння сына.
Кіраўнік Службы вышуку В. Муха просіць выдаць, па магчымасці, дакументы пра склад сям’і Гардзеяў, аб наяўнасці у салдата братоў і сясцёр і вельмі разлічвае на нашу дапамогу і разуменне.
У кнізе “Памяць. Верхня-дзвінскі раён” імя Гардзея Мікалая Міхайлавіча, нараджэнца вёскі Барадуліна, занесена як імя зніклага без вестак. Годам нараджэння салдата пазначаны 1920. Але пры адсутнасці дакументаў спісы складаліся са слоў інфарматараў, таму разыходжанне ў датах не азначае, што гаворка ідзе пра дзве розныя асобы. Важна тое, што яшчэ адзін салдат выйшаў з невядомасці.
Вёскі Барадуліна ўжо не існуе. На яе ваколіцы пры дарозе ёсць брацкая магіла спаленых жыхароў, на якую прыязджае сям’я былога вяскоўца В.Быкава з Наваполацка. У спісе загінулых прозвішча Гардзей адсутнічае. Гэта дазваляе спадзявацца, што хто-небудзь з родных ці блізкіх салдата жыве ў наш час.
Будзем вельмі ўдзячныя, калі нашы чытачы адгукнуцца на гэту публікацыю. Звяртацца можна ў рэдакцыю раённай газеты, у наш музей (тэл. 5-23-03), а таксама ў Каханавіцкі сельвыканкам (2-86-90).
А.Бубала,
навуковы супрацоўнік
Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея.