Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці прайшоў у Мінску пры ўдзеле дзяржсектара і партнёраў, а таксама міжнародных прадстаўнікоў.
Больш за 400 чалавек — прадстаўнікі МЗС, Мінэканомікі, Мінпрацы і сацабароны, Мінэнерга, Мінпрыроды, Белстата, Нацыянальнай акадэміі навук, ПВТ, прамысловых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, а таксама грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты — абмяняліся меркаваннямі і агучылі свае прапановы па далейшай рабоце ў галіне МУР і неабходных мерах для яе ўдасканалення, намецілі арыенціры на перспектыву.
На форуме быў прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні МУР і разгледжаны рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года і падрыхтоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Дадзена ацэнка гатоўнасці Беларусі да маніторынгу дасягнення МУР, арганізацыі работы ў рэгіёнах. Асобная ўвага ўдзелена імплементацыі Беларуссю рэкамендацый экспертаў ААН (місія MAPS) па паскарэнні дасягнення МУР і ўзаемадзеянні з міжнароднымі партнёрамі.
У 2015 годзе дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Парадак дня-2030 — комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без шкоды для будучых пакаленняў.
Архітэктура кіравання МУР у Беларусі высока ацэнена многімі краінамі
Аб гэтым заявіла журналістам нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна перад адкрыццём у Мінску першага Нацыянальнага форуму ўстойлівага развіцця.
У рабоце па Мэтах устойлівага развіцця рэкамендаваны тры ўзроўні: глабальны, нацыянальны і рэгіянальны. «На глабальным наша краіна прадставіла ўжо свой даклад у 2017 годзе, на рэгіянальным правялі вялікую канферэнцыю, дзе сабралі краіны рэгіёнаў Еўропы і СНД, выступілі з ініцыятывай стварэння партнёрскай сеткі нацыянальных каардынатараў па дасягненні МУР. Прапанова падтрымана ў Еўропе і ААН. А цяпер праводзім нацыянальны форум, на якім падводзім вынікі за паўтара года работы і намячаем далейшыя планы, — сказала Мар’яна Шчоткіна. — За гэты час праведзена вялікая работа. Створана нацыянальная платформа для прадастаўлення справаздачнасці па МУР, усе мэты замацаваны за дзяржаўнымі органамі. Выбудавана архітэктура кіравання, якая падабаецца многім. І мы з задавальненнем дзелімся сваім вопытам».
Беларусь заняла 23-е месца сярод 156 краін у дасягненні МУР за 2018 год
Беларусь атрымала высокую ацэнку па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў дасягненні глабальных Мэт устойлівага развіцця за 2018 год. Аб гэтым заявіла нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна на першым Нацыянальным форуме ўстойлівага развіцця ў Мінску.
Беларусь шмат працуе над фарміраваннем станоўчага іміджу на сусветнай арэне. Розныя паказчыкі развіцця краіны і работы па ўстойлівым развіцці дазваляюць займаць высокія пазіцыі ў глабальных рэйтынгах. Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу на такі важны рэйтынг, як індэкс дасягнення глабальных Мэт устойлівага развіцця за 2018 год. «Ён разлічваецца для 156 краін свету на аснове 100 паказчыкаў, звязаных з выкананнем МУР. Беларусь заняла ў ім 23-е месца (76 балаў са 100) і ў цэлым атрымала ацэнку вышэйшую за сярэднюю па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі», — сказала яна.
Паводле слоў нацыянальнага каардынатара, гэтыя лічбы пацвярджаюць, што праводзімая работа дае свае вынікі. «Але мы толькі на пачатку шляху, нам яшчэ многа давядзецца зрабіць для таго, каб забяспечыць устойлівае развіццё нашай краіны. Што для гэтага патрэбна? Не заставацца ўбаку. Хацелася б, каб мэта нашага першага форуму «Ва ўстойлівую будучыню — разам!» была прынята грамадствам і стала своеасаблівай нацыянальнай ідэяй», — дадала Мар’яна Шчоткіна.
Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Беларусі — 2035 будзе сфарміравана да канца года
Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Беларусі да 2035 года будзе сфарміравана да канца 2019 года, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на першым Нацыянальным форуме па ўстойлівым развіцці.
«Выбудавана работа ў напрамку імплементацыі Мэт устойлівага развіцця ў стратэгічныя і праграмныя дакументы краіны. Ужо ў бягучым годзе будзе сфарміравана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця краіны да 2035 года. Гэты дакумент стане сувязным звяном паміж прыярытэтамі ўстойлівага развіцця на нацыянальным узроўні і глабальнымі мэтамі ў гэтай галіне», — адзначыў Сяргей Румас.
Распрацоўваецца шэраг стратэгічных дакументаў, іх рэалізацыя дапаможа ва ўстойлівым развіцці лясной гаспадаркі, турызму, забяспечыць гарманізацыю нацыянальных стандартаў з міжнароднымі.
«З улікам патрабаванняў парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця ўжо скарэкціравана амаль палавіна дзеючых у краіне дзяржаўных праграм. Больш таго, з 1 лютага гэтага года падрыхтоўка любога нарматыўнага прававога акта будзе ажыццяўляцца з улікам усебаковага і аб’ектыўнага прагнозу магчымых наступстваў яго прыняцця, уключаючы адпаведнасць Мэтам устойлівага развіцця. Такое рашэнне ўрад прыме ўжо ў бліжэйшы час», — дадаў Сяргей Румас.
Супрацоўніцтва з Беларуссю вельмі важна для ААН
Супрацоўніцтва з Беларуссю вельмі важна для ААН. У Арганізацыі ўдзячны беларускаму боку за рашучыя намаганні ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Аб гэтым журналістам заявіла памочнік Генеральнага сакратара ААН, дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па Еўропе і краінах СНД Мір’яна Сполярыч Эгер.
Дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па краінах Еўропы і СНД упершыню наведвае Беларусь на гэтай пасадзе. Мір’яна Сполярыч Эгер адзначыла, што рада такой магчымасці і разлічвае правесці сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку Мінэканомікі, Мінпрыроды.
«Для нас супрацоўніцтва з Беларуссю з’яўляецца вельмі важным, — падкрэсліла яна. — Рада магчымасці пабываць тут, сустрэцца з прадстаўнікамі ўрада».
Мір’яна Сполярыч Эгер падзякавала беларускаму боку за намаганні па рэалізацыі МУР, іх нацыяналізацыю. Гаворачы пра першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці, дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН адзначыла, што такія мерапрыемствы вельмі важныя, паколькі служаць дыялогавай пляцоўкай для прадстаўнікоў дзяржорганаў, навукі, грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектара. «Для іх гэта магчымасць сабрацца і абмеркаваць, як выкарыстоўваць МУР на карысць насельніцтва», — сказала Мір’яна Сполярыч Эгер. Яна дадала, што дзякуючы такім форумам павышаецца дасведчанасць грамадзян аб Мэтах і іх значэнні.
Па матэрыялах БелТА.