Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі.
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 лютага ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі.
«Сёння мы бачым, што дзейнасць Паўночнаатлантычнага альянсу на Еўрапейскім кантыненце значна актывізавалася. Пашырэнне ваенных блокаў, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій узброенага проціборства ўскладняюць сітуацыю паблізу нашых граніц. Усім варта ведаць, што Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што краіна і ў далейшым будзе абараняць свае інтарэсы, у тым ліку ў рамках сумеснай абароннай дактрыны са сваім стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй, з якой створана адзіная групоўка. Аднак гэта не значыць, што Беларусь адмовіцца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі ў ваенна-палітычнай сферы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне зноў успамінаюць подзвіг, які здзейснілі яе слаўныя сыны і дочкі. «Гэта яны адстаялі свабоду, незалежнасць радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта яны заклалі аснову суверэннай незалежнай дзяржавы — нашай Беларусі. Мы, вядома ж, ганарымся сваёй гераічнай гісторыяй», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сучаснае пакаленне ваеннаслужачых дастойна прадаўжае традыцыі сваіх папярэднікаў. «Сёння ў зале прысутнічаюць курсанты і слухачы Ваеннай акадэміі. Гэта эліта нашай нацыянальнай арміі, якая фарміруе яе сучаснае аблічча. Менавіта ад усіх вас, прысутных тут (упэўнены, што тут лепшыя), залежыць будучыня нашай краіны і твар нашых Узброеных Сіл, не толькі арміі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Бачу, што і навучанне афіцэрскага складу тут праходзіць на высокім узроўні. Удзяляецца належная ўвага захаванню традыцый, вывучэнню сваёй ваеннай гісторыі, вопыту вядзення сучасных войнаў, лакальных канфліктаў, укараненню найноўшых тэхналогій».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што абавязковай умовай сучаснай падрыхтоўкі з’яўляецца яе практычная накіраванасць. «Таму ваша галоўная школа — гэта не столькі, можа, вучэбныя класы, колькі палігоны і войскі, — звярнуў ён увагу. — Па шэрагу спецыяльнасцей у акадэміі, як і ў многіх іншых ВНУ, тэрміны навучання былі скарочаны па маім настойлівым патрабаванні. На падрыхтоўку любога спецыяліста трэба адводзіць не больш часу, чым гэта трэба для авалодання прафесіяй».
На думку Прэзідэнта, намаганні прафесарска-выкладчыцкага складу неабходна накіроўваць таксама на фарміраванне светапогляду курсантаў і слухачоў, таму што сучасныя ваеннаслужачыя павінны ўмець аналізаваць падзеі ў свеце.
Ён павіншаваў курсантаў, слухачоў і прафесарска-выкладчыцкі склад Ваеннай акадэміі, а таксама ўвесь склад Узброеных Сіл Беларусі з надыходзячым святам, выказаўшы ўдзячнасць за ратную працу, мужнасць і самаадданасць.
«Упэўнены, што адданасць сваёй краіне, воінскаму абавязку, высокі прафесіяналізм, баявое майстэрства будуць садзейнічаць паспяховаму выкананню задач, што стаяць перад намі, для захавання міру і спакою на беларускай зямлі», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў курсантаў да нефармальнага дыялогу і адказаў на іх пытанні і прапановы.
З Расіяй заўсёды будзем разам, колькі б ні сварыліся і ні спрачаліся
«Гэта наш асноўны саюзнік. Мы заўсёды будзем разам, колькі б мы ні сварыліся, ні спрачаліся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў адносінах дзвюх краін быў перыяд, калі ўзнікалі складанасці і ў сферы ваеннай адукацыі: беларускіх ваеннаслужачых, якія навучаліся ў Расіі, прыраўноўвалі да замежных спецыялістаў. Было гэта яшчэ на заранку стварэння Ваеннай акадэміі Беларусі. Але хутка гэтыя пытанні былі вырашаны. «Коп’і ламаліся асабліва пры стварэнні акадэміі. Я раз падышоў да гэтага пытання, другі раз, а потым думаю: будзем сваіх рыхтаваць, створым сваю акадэмію»,- расказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь гатова да дыялогу з НАТА на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці
«Як суверэнная дзяржава Беларусь гатова да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Мы сябе не адгароджваем ні ад каго. Мы гатовы весці гэты дыялог», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і яны павінны паважацца партнёрамі і тымі, хто хоча супрацоўнічаць з краінай.
Аб магчымым размяшчэнні ў Еўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасці
Прэзідэнт адзначыў, што адпаведная тэма ў тым ліку абмяркоўвалася ў час яго сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. «Яго пазіцыя практычна нічым не адрозніваецца ад той пазіцыі, якую выкладаюць у СМІ», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што верыць расійскаму боку ў тым, што ён не парушаў адпаведны дагавор, а калі на Захадзе заяўляюць аб гэтым, спрабуе знайсці адказ на абвінавачанні ў бок Расіі. «Але інфармацыі ў гэтым плане ў мяне няма. Яна скрыта. Яе ведае абмежаванае кола людзей», — заўважыў беларускі лідар.
Што датычыцца патэнцыяльнай пагрозы для бяспекі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што «гэта катастрофа, асабліва для нас». Паводле яго слоў, існуе меркаванне, што выхад ЗША з ДРСМД у тым ліку накіраваны супраць Кітая, які валодае такой зброяй, але не ўдзельнічаў у дагаворы. «Вядома, гэтымі ракетамі цераз Ціхі акіян не запусціш і ўдар па Амерыцы не нанясеш. Амерыканцы перажываюць перш за ўсё за сваіх саюзнікаў у раёне Ціхага акіяна — Карэя, Японія, свае амерыканскія базы, якія там створаны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Але я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам — сарвалі гэты дагавор, і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не здасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расіяй думаць аб мерах у адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаны (не дай Бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД. — Заўвага БЕЛТА). Мы прыхільнікі міралюбівай палітыкі. Нам не патрэбны гэтыя разборкі вялікіх дзяржаў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды цярпелі. Таму нам не патрэбна гэта бойня, бойка, асабліва цяпер вакол Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што НАТА ўсё ж такі можа пайсці на размяшчэнне такіх ракет у Еўропе: «Мне здаецца, хоць Паўночнаатлантычны альянс заяўляе аб тым, што яны не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У адваротным выпадку, навошта выходзіць. Навошта было разбураць гэты дагавор? Трэба было дагаворвацца з Кітаем і падключаць яго (да дагавора. — Заўвага БЕЛТА), калі размова пра Кітай».
Тэма набору ў армію будзе абмеркавана на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі
«Цяпер будзем на Савеце бяспекі разглядаць праблему набору ў армію», — сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што цяпер, напрыклад, існуе вялікая колькасць медыцынскіх падстаў для атрымання адтэрміноўкі. Пры гэтым размова не толькі аб сур’ёзных захворваннях, але і аб нейкіх нязначных парушэннях. «З плоскаступнёвасцю не бяруць, касавокі — не прыдатны…», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
«Мы цяпер паглядзім, вызначым тыя хваробы, з-за якіх служыць у арміі не могуць, — сказаў Прэзідэнт. — Паглядзім з цягам часу і па тэрмінах службы, і па іншых напрамках».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што армейскую школу так ці інакш трэба прайсці практычна ўсім. У тым ліку кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным праводзіць кароткатэрміновыя прызывы і ў гады вучобы ў цывільных ВНУ, каб студэнты маглі асвоіць некаторыя элементарныя рэчы ў плане ваеннай падрыхтоўкі. «Якая б армія ні была ў нас, але гэта школа. Чалавек павінен служыць у арміі. Гэта зусім іншы чалавек пасля арміі. І спорт — гэта аснова ўсяго», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама заявіў, што цяпер сур’ёзна думае над вяртаннем у Беларусі нечага падобнага да нарматываў комплексу ГПА. І ў цэлым размова ідзе аб неабходнасці больш актыўнага фізічнага і працоўнага выхавання дзяцей і моладзі, у першую чаргу ў школах.
Галоўнае дасягненне – суверэнная і незалежная Беларусь
«Суверэнітэт і незалежнасць — гэта самае вялікае дасягненне, якое мы сёння маем. І я горды і рады, што я першы Прэзідэнт гэтай суверэннай краіны. І тое, што мы стварылі разам, — гэта самае вялікае дасягненне. Мы з вамі пабудавалі першую ў нашай гісторыі суверэнную незалежную дзяржаву», — сказаў беларускі лідар.
Каменціруючы домыслы, якія раз-пораз з’яўляюцца, наконт пагрозы суверэнітэту Беларусі, кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне, кім трэба быць, каб, стварыўшы і ўзначаліўшы незалежную дзяржаву, потым дапусціць такое развіццё падзей. «Вы што, пахавалі б яе ўласнымі рукамі, уключыўшы ў склад нейкай краіны, не тое Польшчы, не тое Расіі. Я на гэта ніколі не пайду», — падкрэсліў беларускі лідар.
«У мяне ёсць дакладныя межы, за якія я не магу пераступіць. І самае галоўнае — аберагаць (перш за ўсё вашым розумам, талентамі, рукамі) суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Таму вы нават не слухайце і не чытайце, калі ідзе размова аб страце суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.