У Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбыліся ўгодкі памяці благаславёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.
Сёлета традыцыйная лютаўская сустрэча ў Росіцы была асаблівай: яна адбывалася ў 20-ю гадавіну стварэння Віцебскай дыяцэзіі і была таксама дваццатай – столькі гадоў назад адбылася першая пілігрымка да месца пакутніцкай смерці благаславёных Антонія і Юрыя.
Як адзначыў напачатку Літургіі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, у святыні сёння сабраліся многія з тых, хто працаваў над адраджэннем памяці росіцкіх пакутнікаў, усіх ахвяр Росіцкай трагедыі, быў заснавальнікам традыцый памяці на гэтым святым месцы і ўдзельнічаў у малітоўных мерапрыемствах на працягу ўсіх дваццаці гадоў. Ёсць і тыя, хто пазней далучыўся да гэтай важнай справы, папоўніў рады пілігрымаў, якія сталі вернымі сябрамі Росіцы. Аб яе духоўнай прыцягальнасці сведчыць тое, што колькасць удзельнікаў сустрэчы з кожным годам расце, і сёлета храм быў перапоўнены вернікамі з Верхнядзвіншчыны і іншых куткоў Беларусі. Гасцей сардэчна вітаў гаспадар святыні ксёндз Часлаў Курэчка, які нястомна працуе на ніве духоўнага ўмацавання веры на роднай зямлі.
На ўгодкі памяці прыбылі святары з парафій Віцебскай дыяцэзіі і Польшчы, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек, іншыя духоўныя асобы. Галава каталіцкай дыяцэзіі павіншаваў архімандрыта Яна Сяргея Гаека з 70-гадовым юбілеем, 45-годдзем святарства і 25-годдзем служэння на Беларусі. Адметна, што іерарх грэка-каталіцкай царквы на працягу ўсіх 20 гадоў росіцкіх урачыстасцяў наведвае гэта святое месца і шчыра моліцца аб дараванні міру і супакою для нашага краю.
Звяртаючыся да вернікаў падчас Святой Імшы, ксёндз-марыянін Міхаіл Цвячкоўскі ўзгадаў падзеі 76-гадовай даўнасці, калі на беларускай зямлі лютавала смерць. “Вайна – заўсёды жах, заўсёды трагедыя, бо яна аднімае дар жыцця, — сказаў святар.- У гэты страшны час адны вядуць барацьбу за існаванне, іншыя – за захаванне чалавечай годнасці. Росіцкія святары змагаліся, каб быць вернымі і годнымі хрысціянамі да канца свайго жыцця і выйгралі ў гэтай барацьбе — засталіся жыць вечна ў Божым валадарстве і ўдзячнай памяці людзей”.
Айцец Міхаіл заклікаў паразважаць над выбарам дабра і зла – Бог даў чалавеку свабодную волю і магчымасць зрабіць свой выбар. Але імкнучыся жыць без Бога, ігнаруючы запаведзі дабра, чалавек непа-збежна атрымлівае наступствы зла. Гісторыя шматразова пацвярджае: такое жыццё заўсёды вядзе да трагедыі. “Хочаш быць шчаслівым – выбірай шлях дабра”, — падкрэсліў святар. Ён нагадаў, што росіцкія благаславёныя захавалі жывую веру і вернасць запаведзям, і гэта самы вялікі скарб – даверу Богу, упэўненасці, што жыццё на гэтым свеце не заканчваецца. Сваёй верай і моцай духа яны ўмацоўвалі людзей, якія ішлі на смерць. Іх прыклад прымушае задаць сабе пытанне: якой з’яўляецца мая вера, ці адпавядае яна шляху дабра?
Вялікая працэсія са знічкамі накіравалася да пляца мучаніцкай смерці ахвяраў Росіцкай трагедыі. Молячыся пад Крыжам, біскуп Алег Буткевіч заклікаў вернікаў захоўваць вартасць чалавечага жыцця, асветленага святлом веры.
Напрыканцы сустрэчы айцец Часлаў запрасіў усіх на фірменную поліўку, якую рыхтуе сам па асабліваму рэцэпту. Ён сардэчна падзякаваў гасцям за сумесную малітву і падтрымку духоўных ініцыятыў. Многія вернікі прыехалі ў Росіцу са сваімі просьбамі ў розных патрэбах – святар паабяцаў, што кожны тыдзень у касцёле будуць праводзіцца службы ў выказаных інтэнцыях. А яшчэ запрасіў пілігрымаў на традыцыйныя майскія сустрэчы сем’яў, іншыя святы, якія праходзяць тут на-дзвычай душэўна і цёпла.
Яніна Пакульневіч.
Фота Ларысы Зайцавай.