1 студзеня 2019 года споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БССР-цэлая эпоха ў гісторыі, яна праіс-навала амаль усё XX стагоддзе і стала падмуркам для сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася канферэнцыя “100-годдзе БССР: вехі гісторыі”.
Адным з гасцей сустрэчы стаў кандыдат гістарычных навук, кандыдат эканамічных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці г. Мінска. Уладзімір Ганскі. Тэма яго выступлення — «БССР і праблема вытокаў беларускай дзяржаўнасці ў сучасным гістарычным дыскурсе».
— Падзеі другой паловы XX стагоддзя ў гісторыі Свету, Еўропы і Беларусі – адзін з самых праблемных, супярэчлівых, дыскусійных перыядаў за некалькі стагоддзяў, — адзначыў ён. — І па сённяшні дзень працягваюцца ажыўлённыя спрэчкі з нагоды ацэнкі тых падзей.
Што для нас гісторыя і ўтварэнне БССР? Якое месца яно займае ў такім гістарычным працэсе, як станаўленне беларускай дзяржаўнасці?
Уладзімір Аляксандравіч расказаў аб розных поглядах гісторыкаў на тое, якую дату з’яўлення Беларусі браць за адліковую.
Што лічыць вытокам беларускай дзяржаўнасці? Выступоўца адзначыў, што гэта пытанне студэнты вышэйшых навучальных устаноў будуць разглядаць на новым навучальным курсе “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, які ўводзіцца ў ВНУ з новага навучальнага года.
72 гады існавання БССР – ацэньваць гэты гістарычны перыяд са знакам плюс ці мінус? З такім пытаннем Уладзімір Аляксандравіч звярнуўся да прысутных.
— Наша пакаленне даць аб’ектыўную адзнаку за непрацягласцю часу не можа, — адзначыў ён. — Ды і ці трэба? Трэба прымаць гістарычныя факты як уласнасць гісторыі, наш гістарычны вопыт. Падзеі стогадовай даўніны трэба не выкрэсліваць, не забываць, а як яно ёсць перадаць на суд гісторыі.
Дзякуючы за выступленне, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Мароз уручыла госцю альбом “Залатая паралель Беларусі”.
З паведамленнем аб першых кроках савецкай улады выступіла дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Л. М. Харашэўская.
Настаўнік гісторыі і стваральнік музея гісторыі СШ №2 Л. І. Дзевяковіч расказала, якія матэрыялы да азначанай тэмы маюцца ў музеі. Дарэчы, тут прадстаўлены ўсе перыяды існавання незалежнай Беларусі.
З сачыненнямі, прысве-чанымі 100-годдзю БССР, выступілі гімназістка Дыяна Галавач і Вольга Казеха, вучаніца СШ №2.
Паколькі месцам правядзення канферэнцыі стала раённая бібліятэка, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ніна Глацёнак нагадала аб славутых пісьменніках зямлі беларускай, якія славілі яе ў свой час.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.