Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў Баранавіцкі раён, дзе сустрэўся з актывам раёна і горада Баранавічы. 

У перадвыбарныя гады трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе вертыкаль улады на эфектыўную работу ў перадвыбарныя гады.
«Трэба старацца заваёўваць давер людзей. Тым больш у гэтыя два гады, калі мы будзем здаваць экзамен. Лю-дзей крыўдзіць ні ў якім разе нельга, але і ўводзіць у зман іх таксама нельга. Трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ніхто не ўтойвае той факт, што ў наступныя два гады — напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў — будзе весціся напружаная работа, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Але будзем працаваць так, каб гэта засталося і пасля перадвыбарнай кампаніі, каб нас людзі не папракнулі ў тым, што мы напярэдадні нейкіх палітычных падзей, перш за ўсё выбараў, нешта такое зрабілі, каб падсаладзіць людзям жыццё, а потым пра іх забудзем. Гэтага ніколі не было і не будзе! У нас іншая палітыка», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што такія сустрэчы з актывамі рэгіёнаў у далейшым стануць традыцыйнымі. «Мы будзем удзяляць сур’ёзную ўвагу развіццю раёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. І перш за ўсё гэта будзе звязана з неабходнасцю забяспечыць раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл у краіне», — сказаў ён.

Калі будзем прыбаўляць у эканоміцы, краіна будзе стабільнай

«Адзіная небяспека нашаму развіццю — ніякая не ідэалогія, ніякія не сродкі масавай інфармацыі, ні «перадавыя», ні традыцыйныя, ні інтэрнэт, самая вялікая небяспека — у нас саміх. Калі мы будзем на належным узроўні падтрымліваць наша эканамічнае развіццё, калі мы кожны год, кожную пяцігодку хаця б пакрыху будзем рухацца наперад і прыбаўляць, наша краіна заўсёды будзе стабільнай і ніхто нас нікуды не паверне — не зможа. Таму галоўнае — эканоміка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго прыезд у Баранавічы — гэта прадаўжэнне работы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне.
«Вельмі важна было ўсе гэтыя ідэі, якія я прапаноўваў, адпрацаваць на той зямлі, якую добра ведаеш, а потым гэты вопыт перакласці на такія гарады», — растлумачыў Прэзідэнт.
«У Оршы быў цяжкі вопыт. Там мы страцілі практычна палову ўрада. Не хацелася б, каб гэта здарылася і ў Брэсцкай вобласці. Выбачайце, што я вымушаны аб гэтым гаварыць, але мяне ведаеце: калі я прыехаў да вас, мы з вамі дамовіліся, мною прынята рашэнне — вы павінны яго выконваць. Я ўбаку стаяць не буду», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Узяць на кантроль пытанні цэн
і ўзроўню зарплат

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да свайго прыезду ў Брэсцкі рэгіён ён даручыў правесці сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што людзей больш за ўсё хвалюе рост цэн.
«Я на гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Я даручыў кіраўніку Адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы», — заявіў беларускі лідар.
«Цэны, выплата зарплат, рабочыя месцы і памер заработнай платы і пенсій», — пералічыў Прэзідэнт пытанні, якія даручана трымаць на кантролі.
Ён звярнуў увагу: мала таго, што не заўсёды ёсць магчымасць плаціць вялікую зарплату, якая ў цэлым задавальняла б работнікаў, але часам не заўсёды яна выплачваецца ў тэрмін.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як зарплаты, так і пенсіі ў першую чаргу залежаць ад эканамічнага развіцця і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Неабходны ініцыятыва і намаганні на месцах. «Вырабіў тавар — прадаў — плаці зарплату. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння «шалтай-балтай» працуе і зарабляе там Br600-700, як пішуць, а мы будзем даплачваць да Br1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у некага грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!» — заявіў ён.

Пра патэнцыял сельскай гаспадаркі:
на нафце такой рэнтабельнасці няма

«Лён вырабляем, малако… Сёння няма такой на нафце рэнтабельнасці. На беларускай нафце, якую мы крыху прадаём, — самая добрая лёгкая нафта — мы там не маем такой рэнтабельнасці. Таму можна жыць і працаваць. І некаторыя фермерскія гаспадаркі, якія ў нас займаюцца бульбай, цыбуляй і іншымі агародніннымі культурамі (і не толькі агародніннымі), маюць добрыя заработкі і добрую рэнтабельнасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«На зямлі, вядома, мільярдэрам і, можа, нават мільянерам не станеш, але калі добра працаваць, можна нармальна жыць», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што трэба аналізаваць рынкі і арыентавацца на тыя віды прадукцыі, якія найбольш запатрабаваны. Акрамя таго, у сувязі з кліматычнымі змяненнямі, што адбываюцца ў Беларусі, з’яўляецца магчымасць вырошчваць і некаторыя нетрадыцыйныя культуры. «Таму думайце, перш чым развіваць сельскую гаспадарку, якія віды прадукцыі, які тавар вы хочаце вырабіць і дзе вы прадасце гэты тавар», — дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў той жа Брэсцкай вобласці і Баранавіцкім раёне шмат незапатрабаваных зямель — уздоўж рэк, вакол населеных пунктаў. «Хапае, як у наро-дзе кажуць, і бардачка, што недапушчальна. І за гэтыя два гады трэба прывесці ў парадак!» — запатрабаваў ён.
Разам з тым паўстае пытанне, што рабіць на гэтых землях. Напрыклад, вакол рэк, дзе глеба пераўвільготнена. «А што, у нас не хапае культур, якія трэба высаджваць і высяваць на пераўвільготненых глебах? Хапае!» — канстатаваў беларускі лідар.

Людзі павінны мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае неабходнасць актыўнага развіцця рэгіёнаў і выраўноўвання сацыяльна-эканамічных умоў у параўнанні з буйнымі рэгіянальнымі цэнтрамі і сталіцай.
«Людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах», — падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, перш за ўсё стаіць задача развіць эканоміку рэгіёнаў і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў ва ўзроўні жыцця насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый.
«Што датычыцца эканомікі рэгіёнаў, работа тут будзе весціся паэтапна. Акцэнт будзе зроблены на гэтых 11 гарадах Беларусі, дзе ў бліжэйшыя два гады павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё.

Паказчыкі не патрэбны, патрэбны грошы

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ў першую чаргу важны не паказчыкі і аб’ёмы вытворчасці ў той ці іншай сферы, а эфектыўнасць вытворчасці і канчатковы вынік у выглядзе рэнтабельнасці.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта дыктуюць сучасныя патрабаванні жыцця, умовы на знешніх рынках, якія дынамічна мяняюцца. «Мне паказчыкі не патрэбны. Мне патрэбны грошы. І не мне, а вам», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, напрыклад, няма сэнсу дакладваць аб гераізме ў ходзе пасяўной кампаніі. «Пасеем. Гэта не пытанне. Мы сёння сабраліся гаварыць аб перспектывах», — сказаў Прэзідэнт.
«Нельга хадзіць па наезджанай каляіне. Неабходна кожны дзень сядзець і думаць, чым будзем заўтра займацца», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *