Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях рэгіянальнага развіцця. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што апошнім часам было праведзена некалькі маштабных мерапрыемстваў, на якіх разгледзелі стан спраў і паставілі першачарговыя задачы для розных сфер эканомікі. Абмеркаваны пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу і будаўніцтва. «Гэтыя галіны шмат у чым вызначаюць стан беларускай эканомікі, а таксама яе магчымасці вырашаць сацыяльныя задачы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У выніку Прэзідэнт падпісаў тры дырэктывы — своеасаблівыя дарожныя карты для АПК, будаўніцтва і ЖКГ. Яны ўстанаўліваюць сістэмныя задачы і неабходныя для іх вырашэння інструменты.
«Намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і перспектывы беларускай навукі. Мы таксама на адпаведных нарадах, форумах разгледзелі гэтыя пытанні. Вызначаны дакладныя этапы паскарэння развіцця рэгіёнаў. Мы дамовіліся на працягу двух гадоў забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё адразу 11 буйных гарадоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фундамент паспяховага развіцця дзяржавы — моцная эканоміка.
Ствараць у рэгіёнах умовы і стымулы
для прыцягнення працоўных рэсурсаў
На нарадзе кіраўнік дзяржавы адзначыў, што большасць ствараемых у краіне рабочых месцаў не адносіцца да высокапрадукцыйных і прадугледжвае нізкую кваліфікацыю работнікаў і невысокі ўзровень заработнай платы.
«Хоць адна з першарадных задач мясцовых органаў улады — арганізацыя вытворчасцей менавіта з паглыбленай перапрацоўкай сыравіны і атрыманне экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, — сказаў ён. — У раёнах і гарадах павінны быць створаны ўмовы і стымулы для прыцягнення працоўных рэсурсаў пад патрэбнасць эканомікі рэгіёнаў».
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не трэба прыцягваць інвестыцыі дзеля справаздачнасці, яны павінны прыносіць краіне карысць. «Да нас прыходзіць шмат інвестараў, якія просяць поўнае вызваленне ад падаткаў, сацыяльных абавязацельстваў і іншага. Паўстае пытанне, навошта нам патрэбны такія прадпрыемствы? Яшчэ і зарплату плацяць мізэрную. Інвестар павінен прыходзіць у краіну і працаваць на агульных умовах — настаў той перыяд. Ільготы толькі тым, у кім мы жыццёва зацікаўлены», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Не выконваюцца патрабаванні па росце заработнай платы, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. «Больш таго, яна яшчэ і выплачваецца не своечасова. І гэта адказнасць прэм’ер-міністра і першага віцэ-прэм’ера», — заўважыў ён.
У будаўнічым комплексе, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не забяспечваецца апераджальнае развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктуры, а таксама стварэнне аб’ектаў сацыяльнай сферы.
Важныя эфектыўнасць і рэнтабельнасць вытворчасці
«Пераважная большасць абласцей у мінулым годзе не дасягнула запланаваных лічбаў па валавым рэгіянальным прадукце і прадукцыйнасці працы. Некаторыя рэгіёны не выканалі заданні па экспарце тавараў, прыцягненні прамых замежных інвестыцый, і ніхто не знізіў узровень затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Гэта значыць, асноўныя паказчыкі эфектыўнасці правалены, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтым годзе яшчэ не ўсімі губернатарамі забяспечваецца выкананне тых планаў, якія мы перад сабой намецілі».
«Але сёння важны не столькі аб’ём вытворчасці, колькі яе эфектыўнасць і канчатковы вынік — прыбытак і рэнтабельнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Аднак значная частка прадпрыемстваў па-ранейшаму працуе са стратамі, канстатаваў ён.
На кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы
«Бягучы год, як мы дамаўляліся, — гэта год навядзення парадку, прывядзення нашай Беларусі ў парадак, каб яна ўся была ў кветках і зеляніне. Краіна павінна быць прыгожай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У кожнай вёсачцы, аграгарадку, у кожным раёне, вобласці, у Мінску — на кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы. Гэта здароўе людзей, у рэшце рэшт».
«Гэта наша візітная картка. І вам трэба навесці парадак раз і назаўсёды — тады людзі будуць разумець, які парадак павінен быць і як яго падтрымліваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што даўно ставіў задачы высадзіць наўсцяж аўтамабільных дарог, на пустках і тэрыторыях, якія не выкарыстоўваюцца, дрэвы і кусты. «Гэта ж практычна. Менш трэба будзе абкошваць прыдарожныя палосы. Але воз і цяпер там. Запатрабую з кожнага памочніка па абласцях і горадзе Мінску, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Вазьміце гэта пад кантроль, пакуль пярун не грымнуў».
Крытыка за праблемны пачатак
палявых работ
«Веснавыя палявыя работы пачаліся з праблем. Губернатарам ужо даўно трэба было вызначыць дакладны, дэталёвы (наколькі гэта магчыма) план дзеянняў па правядзенні пасяўной кампаніі — ад вывазу арганікі на палі і да завяршэння ўсіх палявых работ. Правалаў у гэтым годзе быць не павінна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне дастатковы ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу, які дазваляе якасна працаваць у любых умовах. «Хопіць усе свае пралікі спісваць на надвор’е. Наогул жа на цяперашняе надвор’е цяжка нешта спісаць, — сказаў ён. — Гаспадаркі павінны быць забяспечаны тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і насеннем. Але больш за ўсё мяне непакоіць і насцярожвае тое, што месцамі ў правядзенні палявых работ няма элементарнага парадку. Я хачу, каб губернатары і ўся вертыкаль улады зрабілі адпаведныя высновы з падзей у Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнах. Рэгіёны вельмі дрэнна падрыхтаваны да гэтай кампаніі. Бачыце, вясна рана прыйшла, не разварушыліся».
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры і МУС, перад пачаткам пасяўных работ 503 адзінкі тэхнікі знаходзіліся ў нерабочым стане і не падлягаюць аднаўленню. Паўтары тысячы адзінак не прайшлі тэхагляд. Больш як тры тысячы машын і агрэгатаў спісаны, да гэтага часу не здадзены на металалом і захоўваюцца з парушэннем правіл.
«У некаторых гаспадарках у перыяд асноўных работ трактароў і камбайнаў пад плотам не менш, чым у полі. Як гэта выглядае ў жыцці, вы бачылі ў «Купалаўскім». І як захоўваецца вельмі дарагая тэхніка, вы таксама бачылі. Але ж тысячы разоў было сказана: імпартная дарагая тэхніка не павінна быць у гаспадарцы, дзе наогул не ўмеюць сеяць і ўбіраць. Навошта вы яе туды аддаяце?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу ён удзяліў выкананню рэгламентаў і нарматываў, падкрэсліўшы неабходнасць безумоўнага выканання тэхналогіі вытворчасці.
«Які вынік вы плануеце атрымаць, калі пад яравую сяўбу мінеральных угнаенняў назапашана толькі палова ад патрэбнасці. А ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе ў нас земляробства на «найвышэйшым» узроўні, аж чвэрць, — адзначыў Прэзідэнт. — Кожны год праблема з нарыхтоўкай кармоў, умовамі іх закладкі і захоўвання».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, даходзіць да таго, што зімой вада ў паілках для жывёл замярзае. «Спачатку парушаеце тэхналогію вытворчасці, а потым — трэба ж твар захаваць — займаецеся прыпіскамі», — адзначыў ён.
Ён падкрэсліў, што павінна быць вельмі строгая дыктатура тэхналогіі і вытворчай дысцыпліны: «Аб гэтым мы гаворым ледзь не на кожнай нарадзе. Але, як я думаю, вы адчулі: ніхто нікога ўгаворваць больш не будзе. Ваша безгаспадарчасць недапушчальна».