У пачатку Велікоднай сядміцы ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы майстроў Дома рамёстваў, прысвечанай святу Уваскрасення Хрыстова.
Рэчы, з любоўю вырабленыя рукамі таленавітых майстроў, ствараюць у выставачнай зале асаблівы настрой – лёгкі, светлы, святочны. Іконы, выкананыя ў самых розных тэхніках, габелены, рознакаляровыя яйкі, незямныя анёлы, пацешныя зайцы – на тое, каб як след усё разгледзець, спатрэбіцца не адна гадзіна.
У ліку першых убачыць цудоўныя экспанаты і павіншаваць прысутных са светлым святам Вялікадня прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф. Козел і Благачынны раёна протаіерэй Валянцін Вабішчэвіч. Айцец Валянцін асвяціў велікодны куліч і падкрэсліў: прыйсці да Бога і ачысціцца ад граху ніколі не позна.
Экскурсію па выставе для прысутных правяла кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў Дома рамёстваў Алена Міхайлаўна Дзямешка. Яна пазнаёміла тых, хто сабраўся ў выставачнай зале, з экспанатамі і іх стваральнікамі.
Любоў Новікава прыехала з Балін. Яна – майстар на ўсе рукі, няма такога віду творчасці, які быў бы ёй непадуладны. Любоў Іванаўна займаецца ручным ткацтвам, саломапляценнем, вышывае лентамі і нават асвоіла складанае майстэрства пляцення герданаў – шырокіх упрыгожванняў, якія нясуць у сабе пэўны сэнс. Работы, прадстаўленыя на святочнай выставе, выконвала з бісеру. Бліскучыя, яркія велікодныя яйкі ўразілі гледачоў, нехта нават узгадаў ювелірныя вырабы Фабержэ.
Змагла асабіста папрысут-нічаць на адкрыцці выставы і Галіна Чарнавок – аўтар выдатных ікон. У адрозненне ад Л.І. Новікавай, яна займаецца не вышываннем, а ткацтвам бісерам. Гэта дастаткова працаёмкі працэс, асабліва з улікам таго, што Галіна Уладзіміраўна ўсё робіць уручную, без станка. Праз кожную бісерынку неабходна правесці леску тры разы!
Як адзначыла А.М. Дзямешка, зараз Дом рамёстваў актыўна адраджае бісерапляценне. Удалося высветліць, што даўней на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці і ў прыватнасці Верхнядзвінскага раёна дзяўчыны насілі ў косах упрыгожванні з бісеру, якія дасягалі 15 см у даўжыню. Гэта рэдкая з’ява, больш уласцівая паўночным народам.
Расказала Алена Міхайлаўна і пра тых майстроў, у каго прыехаць на адкрыццё выставы не атрымалася. Раіса Сардыка працуе настаўнікам фізікі ў Бігосаўскай і Прыдзвінска-Бароўскай школах. У вольны час займаецца ткацтвам, вязаннем, шапавальствам, вышывае крыжыкам. Да творчасці далучыла і сваю дачку Аліну – іконы, якія дзяўчына вышыла бісерам, па праву занялі сваё месца на Велікоднай выставе.
Таксама іконы, толькі вышытыя крыжыкам, прадставілі вопытныя майстры Ірына Салаўёва і Людміла Далгова. Захоўвае традыцыі вышыўкі і Святлана Малахоўская, яе работа – сімвалічнае Дрэва жыцця.
Верхнядзвіншчына славіцца сваімі габеленамі – ні адзін іншы раён не дэманструе такую вялікую колькасць ткацкіх вырабаў на абласных выставах і конкурсах. Работы нашых майстроў захапляюць сэрцы гледачоў і атрымліваюць толькі найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў. Валянціна Шумская займаецца як ткацтвам на дошках, так і ручным ткацтвам. У сваёй справе дасягнула вялікіх поспехаў: яна стаяла ля вытокаў стварэння Дома рамёстваў і клуба народных майстроў, дзе зараз з’яўляецца асноўным спецыялістам па ткацтву. Займаецца гэтым складаным рамяством і Таццяна Цыро.
У 2017 годзе народны касцюм, сатканы верхнядзвінскімі майстрамі, заняў першае месца ў вобласці.
Вышыўка, бісера- і саломапляценне, ткацтва, лепка з гліны – гэта далёка не ўсе віды рамяства, прадстаўленыя на выставе. Але часу пазнаёміцца з работамі таленавітых майстроў хопіць усім жадаючым. Праваслаўныя вернікі святкуюць светлае Уваскрасенне Хрыстова на працягу сарака дзён, каталіцкія – пяцідзесяці. А таму і творчую выставу, прысвечаную Вялікадню, можна будзе наведваць аж да канца мая.
Алёна МАРОЗ.
Фота аўтара.