Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў на месцах забяспечыць дастойнае правядзенне перадвыбарных кампаній. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады.
«Шмат разоў гаварыў: кампартыі няма, мужыкі. Мы за ўсё адказваем, гэта значыць вы. І дзве перадвыбарныя кампаніі на вашых плячах. Калі ласка, забяспечце дастойнае правядзенне гэтых кампаній, каб камар носа не падтачыў. У нас для гэтага ёсць усё. Мы не надта якія вялікія. І я разумею, і вы разумееце, што ўжо не памірае народ ад любові да нас. Але народ цудоўна разумее, што цяпер дзеючая ў Беларусі ўлада — гэта адзіная нейкая ўнікальная з’ява, не толькі на постсавецкай прасторы, дзе мы ўсе звернуты да народа. Што мы людзям не зрабілі, каб яны нас не падтрымлівалі? Усё зрабілі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што дабрабыт чалавека залежыць не толькі ад улады, але і ад жадання кожнага грамадзяніна працаваць дзеля дастойнага жыцця. «Давайце хоць пяцьдзясят на пяцьдзясят: 50 працэнтаў за намі — утрыманне вашай сям’і і вас, а 50 працэнтаў — самі варушыцеся. Але трэба адкрыта і сумленна аб гэтым гаварыць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І падышоўшы да гэтых кампаній, іх трэба дастойна правесці. Не дапускайце хамства ў адносінах да людзей, таму што шмат скаргаў. Не трэба іх адпіхваць. Іншага народа няма, і не такі ўжо дрэнны ў нас народ. Трэба з імі працаваць».
У якасці станоўчага прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў работу кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай. Яна часта сустракаецца з людзьмі на месцах, каб лепш унікнуць у тую ці іншую сітуацыю. «Едзе да цыганоў, рабочых, сялян, паляўнічых… І там з імі размаўляе. І прыязджае зусім іншым чалавекам. Я так пачынаў працаваць. Часта кажу: калі не ведаеш, што рабіць, ідзі да людзей. Нават калі ты не зной-дзеш адказу на пытанне, з якім ты прыйшоў да іх, табе будзе лягчэй потым. Ты зразумееш, чым дыхае народ. І не такая страшная гэта праблема, як табе іншым разам здаецца, седзячы ў кабінеце, — адзначыў Прэзідэнт.
Справядлівасць павінна ляжаць
у аснове ўсяго
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць справядлівага стаўлення да людзей, асабліва з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Аб гэтым ён заявіў, назначаючы Юрыя Караева на пасаду кіраўніка МУС.
Кіраўнік дзяржавы параіў міністру быць бліжэй да людзей і непасрэдна разбірацца ва ўзнікаючых праблемах.
Ён адзначыў, што калі зафіксавана нейкае правапарушэнне або злачынства, то ў першую чаргу адпрацоўваюцца асобы, якія раней учынялі падобнае. «Калі вы недзе парушалі, ёсць спіс. У кожнага аддзела міліцыі ёсць спіс», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Больш таго, у выпадку са смерцю супрацоўніка праваахоўных органаў у Магілёве падазрэнне першапачаткова па яго ж наводцы прыпала на канкрэтную групу грамадзян.
«Перабралі. Убачылі, што яны не вінаватыя. Дык пайдзіце і проста папрасіце прабачэння ў іх, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І людзі зразумеюць. Не трэба плугам або бульдозерам перці на ўсё, што перад табой. Недзе трэба і паакуратней, недзе аб’ехаць. А не атрымалася — папрасі прабачэння».
«Шчыра кажучы, міліцыю трэба крыху ўзварухнуць у плане дысцыпліны. Ну а для гэтага які патрэбны чалавек — ваенны. Хоць вы адносна ваенны чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А ўвогуле, таму, чаго не ведаеце, навучыцеся», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Забяспечыць парадак у сістэме
аховы здароўя
У сістэме аховы здароўя трэба навесці парадак, каб не дапускаць карупцыйных праяў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Уладзіміра Караніка на пасаду міністра аховы здароўя.
«Гэта ж ганьба, калі знізу даверху павязаны хабарамі кіраўнікі ўстаноў і арганізацый! Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спецыялісты зарэкамендавалі (не будзем называць прозвішчы), — абурыўся кіраўнік дзяржавы. — Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусціце, ён будзе там дняваць і начаваць, ва ўстанове аховы здароўя. Хабары, якія ўзяў, вярнуў у двайным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць? Папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Даравання не будзе нікому. Сталі нахабнымі, таму ўсіх трэба прывесці ў сябе. І вы гэта можаце зрабіць».
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час прыняў рашэнне перадаць Міністэрству аховы здароўя паўнамоцтвы цэнтралізавана набываць як медыцынскае абсталяванне, так і лякарствы. «Калі ласка, закупляйце, устанаўлівайце, лячыце людзей. Трэба яшчэ раз паглядзець на гэту сістэму», — запатрабаваў ён ад новага міністра.
У ліку важных задач кіраўнік дзяржавы абазначыў развіццё імпартазамяшчэння. «Усё ж такі $500 млн, як мы трацілі два гады таму толькі на лякарствы, гэта шмат для краіны. Трэба гэтыя грошы пакінуць у сябе, развіваць свае напрамкі. Калі не можам, добра, на $100 млн будзем закупляць, калі няма магчымасці такія якасныя лякарствы вырабіць у сябе. Закупім у Швейцарыі, Амерыцы, Германіі што трэба для людзей. Павінны быць і імпартныя лякарствы. Так, яны будуць дарагія. Хто захоча купіць даражэй — купляйце. Альтэрнатыўныя — айчынныя — павінны быць. І яны нядрэнныя. Я ў гэтым пераканаўся сам, вывучаў гэту праблему», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Развіваць у вёсцы новыя напрамкі
Прэзідэнт нагадаў, што раней даручаў развіваць у сельскай гаспадарцы новыя напрамкі і вырабляць запатрабаваную на рынку прадукцыю. Напрыклад, на яго думку, у Беларусі можна было б заняцца авечкагадоўляй. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней у краіне на гэтым спецыялізаваліся многія прадпрыемствы.
«Мне ўрад піша — ну, проста прыкра чытаць. Добра б я не разумеў у гэтым нічога: можна было б адпіску гэту цярпець. Да 2025 года яны дабавяць 133 працэнты авечак. Гэта значыць авечкагадоўля будзе ў нас, мы будзем авечак расплоджваць. Гэта воўна, гэта аўчына, гэта бараніна. Нібыта на рынку запатрабавана. Ну, карацей, будзем расплоджваць гэтых авечак. Так, а што такое 33 працэнты да 2025 года? Гэта сёння адна авечка, а заўтра будзе адна і тры дзясятыя авечкі. Ну што гэта за тэмпы?» — абурыўся Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за работу трэба брацца сур’ёзна, тым больш у гэтым напрамку ёсць перспектывы. «Паглядзіце, колькі ўгоддзяў у нас пустуе, нават у Магілёўскай вобласці. Я не кажу ніжэй, на Прыпяці, да цэнтра, на захадзе, Нёман, Прыпяць. Поймы не занятыя. Іншым разам ляціш — шкада становіцца пустых зямель. Не-дзе бліжэй да поймаў можам будаваць лёгкія павеці і трымаць гэтых авечак», — прапанаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што воўну можна пастаўляць на Мінскі камвольны камбінат, многія вытворцы маюць патрэбу ў скуры. «Усё можам перапрацоўваць, лёгкая прамысловасць добрая. Не, нечага чакаем. Чакаем, пакуль Прэзідэнт па галаве не стукне, — дадаў ён. — Таму шукайце новыя напрамкі, новыя культуры вырошчвайце. Трэба прадаваць, трэба зарабляць грошы».
Па матэрыялах БелТА.