Калі душа стамляецца ў штодзённых клопатах і перажываннях, калі будзённая праца хіліць долу, калі жыццё здаецца шэрым і мітуслівым, самы час адпраўляцца ў Росіцу. У нас, жыхароў Прыдзвінскага краю, ёсць унікальная магчымасць наведаць гэты дзівосны куточак, дзе духоўная моц і знешняя прыгажосць ствараюць поўную гармонію і напаўняюць ёю людскія душы. Нішто не лечыць так гаюча і не прыводзіць у парадак нашы думкі, як разважанне над сэнсам жыцця ў магутным сваёй гісторыяй касцёле Святой Тройцы і сузіранне пладоў працы яе святара Часлава Курэчкі.
Нездарма ў час цвіцення сюды збіраюцца на духоўныя святы, малітоўныя сустрэчы і проста экскурсіі людзі з самых далёкіх куточкаў Беларусі. У маі Росіца зноў вітала пілігрымаў, якія прыехалі разам з дзецьмі на свята сям’і. Госці святыні маліліся за сем’і ва ўсім свеце, за пераадоленне праблемаў сучаснай сям’і, за захаванне жыцця. Праведзена канферэнцыя на тэму сямейных адносінаў, на прыкладах паказана, як знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. А іх у сучасных сем’ях нямала – па статыстыцы на два шлюбы ў Беларусі прыходзіцца адзін развод, прычым у Віцебскай вобласці паказчыкі асабліва праблемныя. Удзельнікі сустрэчы разважалі над тым, як умацаваць сямейныя саюзы, пераадольваць крызіс узаемаадносінаў, вучыцца жыць у любові.
Святую імшу за сем’і ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Дзякуючы за дар жыцця і веры, іерарх выказаў асаблівую ўдзячнасць і за прыгажосць, якую бачым на гэтым свеце. Ён упершыню наведаў Росіцу і вельмі ўражаны гісторыяй гэтай зямлі і тым, як захоўваюць яе гаспадары. «Росіца — гэта асаблівае месца для нашай краіны. Яна адлюстроўвае росквіт веры нашага краю”. Вельмі важна, каб сем’і чэрпалі тут духоўную моц і ядналіся ў прыгожым акружэнні, у атмасферы дабрыні і супакою.
Падчас сустрэчы была прапанавана праграма для дзяцей, таксама гасцей запрасілі ў кафэ “У бусла” з грыбной поліўкай.
А затым усе маглі агледзець навакольныя краявіды і падзівіцца на яркія кветнікі, дагледжаныя вадаёмы, іншыя маляўнічыя куточкі касцёльнай тэрыторыі.
Як і кожны год, айцец Часлаў падрыхтаваў гасцям новыя сюрпрызы. Да асляпляльнай магноліі, якая сёлета квітнела асабліва буйна і шчодра, далучылася сакура – пышнае воблака бела-ружовых кветак. Экзатычная японская расліна прыжылася на росіцкай зямлі гэтак жа натуральна, як усё, што вырашчвае тут гаспадар храма. А яшчэ вясна бушавала наўкол плантацыямі чырвоных цюльпанаў, калідорамі ярка-жоўтай фарзіцыі, азяркамі пралесак і крокусаў. На вадаёмах гойдаюцца рознакаляровыя німфеі, а ў небе кружаць буслы – усе тры гнязды заселены белакрылымі птушкамі, якія клапатліва кормяць сваіх дзетак, нібы сімвалізуючы прыроднае прадвызначэнне сям’і.
— Вельмі люблю, калі буслы заходзяць “на пасадку”, – заўважае айцец Часлаў, — паглядзіце, якая прыгажосць!
І сапраўды, вялікая птушка грацыёзна лунае над лістотай і наўкос дакладна садзіцца на гняздо.
Гэта ўменне адчуваць прыгажосць і ствараць яе на зямлі – вялікі талент ксяндза Часлава Курэчкі. Нядаўна ў яго зацвілі новыя кветкі і кусты – азалія, родадэндроны, касачы, дэкаратыўныя бэз і каліна, спірэя, баярышнік і дзесяткі іншых неверагодна прыгожых раслін. Госці не перастаюць захапляцца прыгажосцю і дзівіцца той вялікай працы, якая ўкладаецца ў добраўпарадкаванне тэрыторыі і падтрыманне прывабнасці гэтай мясціны. Гаспадар прапануе ім не толькі палюбавацца экзотыкай, але і набыць саджанцы ці насенне.
Калі пытаеш, як хапае на ўсё сіл і цярпення, адказвае, што чэрпае іх у малітве і мужнасці гэтай зямлі, яе благаславёных пакутнікаў. Любоў і вера дапамагаюць пераадольваць цяжкасці, а людзі – спраўляцца з работай. Святар здолеў захапіць сваёй справай многіх аднадумцаў, яму дапамагаюць прадстаўнікі ўлады, аднавяскоўцы і валанцёры з іншых мясцін. Ніводныя рукі тут не бываюць лішнімі.
У летні час пры Росіцкім касцёле будуць працаваць 7 змен лагераў працы i адпачынку для дзяцей з прыходаў Мінска, Віцебска, Полацка, Жодзіна, Барысава, Верхнядзвінска.
Айцец Часлаў чакае ў Росіцу ўсіх, хто адчувае патрэбу памаліцца, адпачыць душой, а магчыма, і дапамагчы ў розных справах. Далучыцца да прыгажосці, святасці і клопату роднай зямлі – што можа быць больш плённым у гэты квітнеючы час?!
Яніна Пакульневіч.