Міжнародны турыстычны злёт на Кургане Дружбы аб’яднаў больш за трохсот маладых людзей з Беларусі і Расіі. Усяго 14 каманд, у тым ліку – і з Верхнядзвінскага раёна.
Ініцыятарамі правядзення турзлёту выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Расійскі саюз моладзі. Мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю вызвалення Беларусі, упершыню прайшло на мяжы трох дзяржаў.
Як расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Багушэвіч, тры дні выдаліся вельмі насычанымі на шматлікія падзеі, турыстаў чакалі спартыўныя, турысцкія і творчыя выпрабаванні. Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб абласны злёт стаў адукацыйнай, спартыўнай і стваральнай пляцоўкай для моладзі, а галоўнае – пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу. Моладзь спаборнічала ў валейболе, міні-футболе, дартсе, перацягванні канату, брэйн-рынгу, конкурсах газет, чытальнікаў, візітак, быту і страў. Не абышлося без дапамогі валанцёраў, якія актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах памяці і жыцці спартыўнага лагера.
– Дажджлівае надвор’е не страшнае, калі каманда зладжаная. А наша менавіта такой і была, – гаворыць Вячаслаў Аляксандравіч. – Бо толькі моцныя духам могуць пераадолець не толькі надвор’е, але і саміх сябе.
У верхнядзвінцаў чатыры прызавыя месцы: каманда стала трэцяй у міні-футболе, дартсе, перацягванні канату і інтэлектуальным спаборніцтве. Вельмі прыемна, што моладзь Верхнядзвіншчыны апынулася на вышыні і заняла агульнакаманднае другое месца, саступіўшы першынство глыбачанам. Трэцяе месца на турзлёце занялі браслаўцы.
Напрыканцы злёту моладзь прыняла ўдзел у традыцыйнай сустрэчы прадстаўнікоў Беларусі, Расіі і Латвіі на Кургане Дружбы, пагутарыла з ветэранамі, якія памятаюць жахі вайны. Вынесена прапанова: заўсёды праводзіць турзлёт на Кургане Дружбы.
– Мы даказалі, у першую чаргу, самім сабе, што наша пакаленне памятае подзвіг дзядоў і прадзедаў і зробіць усё, што ад нас залежыць, каб не паўтарылася вайна, – гаворыць Вячаслаў Багушэвіч.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.