Сенькаўская майстрыца ведае сакрэт лялек-абярэгаў

Культура

Не сакрэт, што любімай цацкай усіх дзяўчынак на зямлі з’яўляецца лялька. А ў нашай краіне ёсць нават Дзень беларускай лялькі, які адзначаецца ў лістападзе. А яшчэ – шэраг мастакоў, якія займаюцца вырабам аўтарскіх лялек. Сярод іх – загадчык Сенькаўскага клуба-бібліятэкі Любоў Марынская.


Зробленыя ўмелымі рукамі майстрыцы лялькі-абярэгі “жывуць” не толькі ў Беларусі, але і Казахстане, Латвіі, Італіі. Творчыя работы Любові Іванаўны экспануюцца на раённых творчых пляцоўках, абласных мерапрыемствах і выставах.
– На працягу многіх стагоддзяў ляльцы адводзілася сакральная роля, яна ўспрымалася як абярэг, – расказвае Любоў Марынская. – Гісторыя сведчыць, што ў вёсках з другой паловы XIX стагоддзя самай распаўсюджанай цацкай сярод дзятвы была лялька, зробленая з тканіны. Яе бераглі, перадавалі з пакалення ў пакаленне. Яшчэ нашы бабулі, прабабулі займаліся іх вырабам. Лялька суправаджала чалавека ад нараджэння і да самай смерці, і ў радасці, і ў горы.
Калісьці ў нашых мясцінах жыла знакамітая траўніца Ядзвіга Лапошка, якая лячыла людзей. Цяпер на малую радзіму продкаў з Латвіі прыязджае яе ўнучка, якая валодае сакрэтамі вырабу сакральнай лялькі, – працягвае Любоў Іванаўна. – Яна і навучыла мяне старажытнаму майстэрству, перададзенаму ёй ад бабулі. Ужо каля 10 гадоў займаюся вырабам лялек-абярэгаў, і дагэтуль вучуся. Па-першае, не ў любы дзень ляльку можна зрабіць. Па-другое, да кожнай прыкладаецца свая малітва-замова. Аднак самы галоўны сакрэт – лялька заўсёды павінна рабіцца з душой. Напрыклад, “Спавівалку” змяшчалі ў калыску перад тым, як класці туды нованароджанае дзіцятка. Лічылася, што яна абароніць немаўля ад усяго дрэннага і сагрэе калыску.


Ляльку “Бяссонніцу” дарылі таму, хто не мог заснуць. Сакрэт – у хітрым пляценні, накшталт кубіка Рубіка: пакуль зверціш яе, заснеш.
“Неразлучнікаў” выраблялі напярэдадні вяселля. Пасля іх прымацоўвалі на вянку, пад якім сядзелі маладыя. Потым абярэг клалі ў куфар і захоўвалі ўсё жыццё. Іх маглі зрабіць для маладых толькі родныя нявесты – хросная ці бабуля.
“Дабрабытніцу” бралі на ўводзіны. У яе абавязкова клалі грошы і малітву-абярэг, а рабілі на месяц пад поўню. “Дабравесніцу” са званочкам падвешвалі над уваходам у дом, каб яна прыносіла гаспадарам добрыя весткі.
Ляльку “Траўніцу” спляталі ў час збору лекавых траў, якія клалі ў яе. Напрыклад, калі ў чалавека высокі артэрыяльны ціск, ляльку набівалі дубовым лісцем, а для ўзбуджанага, нервовага – зашывалі лісце кветак півоні або валяр’янавы корань.
“Падарожніца” прызначалася таму, каго выпраўлялі ў дарогу. Гэту ляльку рабіў блізкі чалавек – маці, сястра, жонка ці дачка, бабуля для ўнукаў ці хросная маці.
Ёсць у арсенале майстрыцы незвычайная лялька “Дранка”. У іншых мясцінах яна вядома як “Капустка” або “Рванка”. Рабілася яна для таго, каб дзяўчына хутчэй вый-шла замуж. “Дранка” – гэта лялька памерам з далонь нявесты, з вялікімі грудзямі, апранутая ў лахманы з яркіх лапікаў. Вешалася яна на вакно для прываблівання жаніхоў, каб было бачна, што ў гэтай хаце ёсць дарослая дзяўчына, якая гатова ўзяць шлюб.
– Зараз усе, хто ведае пра маё захапленне, нясуць лапікі, – смяецца Любоў Іванаўна. – За столькі гадоў работы з аўтарскай лялькай няма ўжо куды іх складваць. А сама, як шавец без ботаў: ва ўласнай хаце з абярэгаў – толькі “Дабрабытніца”.
Што ж, пажадаем майстрыцы несупыннага творчага натхнення. І, канешне, здароўя, дабрабыту і здзяйснення задуманага. Усяго, што яна ўкладае ў свае добразычлівыя вобразы.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *