Апошнія жнівеньскія дзянькі аказаліся шчодрымі на сонечнае цяпло. А яшчэ – на прыемныя хваляванні, зразумелыя толькі настаўнікам, школьнікам і іх бацькам – наперадзе новы навучальны год.
Навучэнцаў і выхаванцаў прымуць 28 устаноў адукацыі раёна. Усе яны падрыхтаваліся да сустрэчы вучняў, значна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу. У сістэме адукацыі раёна сёлета пачнуць сваю працоўную дзейнасць 15 маладых спецыялістаў — педагогаў. Больш паловы з іх – ураджэнцы раёна.
2 верасня за школьныя парты сядуць 1969 вучняў. Для 96 адзінаццацікласнікаў гэты навучальны год стане развітальным са школай. А першы раз у першы клас пойдуць 182 хлопчыкі і дзяўчынкі.
Для юных гімназістаў Іллі Окунева, Дарыны Шулья і Мікалая Драздова, як і для іх аднакласнікаў, гэты вераснёўскі дзень асобы. Разам з бацькамі яны рыхтаваліся да школы, выбіралі партфелі і дзённікі, прыгожыя сшыткі, школьную форму. І цяпер, як паведамілі першакласнікі, чакаюць выдатных адзнак і… урокаў матэматыкі. А Дарына пералічвае, хто з сяброў будзе вучыцца з ёй у адным класе.
На ўрачыстай лінейцы яны будуць разам са сваёй настаўніцай – Ірынай Іосіфаўнай Даргель. Для яе гэта ўжо сёмы набор першакласнікаў, але, як і кожны з папярэдніх, асаблівы і самы лепшы.
Радкі верша беларускага паэта Янкі Купалы «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» стануць тэмай першага ўрока. Ён будзе прысвечаны Году малой радзімы і прызначаны садзейнічаць выхаванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гонару за краіну і яе герояў, павагі да свайго народа. Асобная ўвага будзе ўдзяляцца тэме 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На першым уроку кожны першакласнік атрымае ў падарунак кнігу «Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку», якая раскажа юным грамадзянам аб роднай краіне. А ў электронным дадатку да кнігі – інфармацыя для прагляду, інтэрактыўныя гульні і заданні: віктарыны, пазлы, электронныя размалёўкі – усё, каб урокі праходзілі ярка, цікава і запамінальна.
Школьны званок пачне адлік новага навучальнага года. Няхай жа ён будзе паспяховым і шчодрым на выдатныя адзнакі!
Анна ЗІМАЦКАЯ.