Адбыўся візіт у Беларусь намесніка дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвіда Хэйла. Па праграме знаходжання прайшла сустрэча на вышэйшым узроўні і перагаворы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Бакі абмеркавалі пытанні беларуска-амерыканскіх адносін і рэгіянальнай бяспекі.
Інтарэс ЗША да Беларусі абнадзейвае
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацэньвае інтарэс ЗША да рэгіёна Усходняй Еўропы. Аб гэтым ён заявіў у Мінску на сустрэчы з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам.
«Прыемна вас бачыць тут — не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што гэта сведчанне таго, што ЗША нарэшце звярнулі ўвагу не толькі на Еўропу ў цэлым, але і на Беларусь», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«У гэты складаны час ваш інтарэс да гэтага рэгіёна абнадзейвае», — дадаў беларускі лідар.
«Магчыма, мы знаходзімся ў палоне нейкіх выдумак СМІ. Але як нам тут здаецца ў Беларусі, Еўропа і наогул планета перажываюць няпросты, складаны час», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што часта ў гэтым абвінавачваюць ЗША. «Але мы добра разумеем, што не бывае так у жыцці, што адзін нехта вінаваты, а ўсе астатнія мяккія, белыя і пушыстыя. Напэўна, тут і мы ўсе вінаватыя ў тым, што складваецца такая сітуацыя ў свеце», — сказаў Прэзідэнт.
«Я перакананы, што ваш візіт па меншай меры кіраўніцтву Беларусі, беларускаму народу прадаставіць магчымасць больш аб’ектыўна паглядзець на свет, зыходзячы з той інфармацыі, якую я разлічваю атрымаць ад вельмі інфармаванага чалавека», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Раней у сакавіку і ліпені бягучага года былі арганізаваны візіты ў Мінск намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Джорджа Кента. У жніўні адбыўся візіт у Беларусь саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана. Акрамя таго, у жніўні па прапанове амерыканскага боку ў Варшаве праведзена сустрэча сакратароў саветаў бяспекі Беларусі, Польшчы, ЗША і Украіны.
Мінск і Вашынгтон супрацоўнічаюць у галінах супадаючых інтарэсаў і па пытаннях бяспекі. Адноўлены дыялог у ваеннай сферы, па лініі аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, прафесійных абменаў. У сакавіку 2019 года амерыканскі бок быў праінфармаваны аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША. Дзейнічаюць міжурадавыя пагадненні ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічання банкаўскай дзейнасці і ў іншых сферах.
Развіваць супрацоўніцтва
У Беларусі будуць рабіць усё, каб двухбаковыя адносіны з ЗША развіваліся. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску на сустрэчы з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам.
«Што датычыцца нашых з вамі адносін, вы вельмі добра ведаеце і інфармаваны ў тым, што гэта не адзіны сігнал, які мы пасылаем кіраўніцтву ЗША аб нармалізацыі адносін. Гэта ненармальна, што ў сучасным свеце дзве дзяржавы, якія некалі ваявалі на адным баку супраць ворага, сёння маюць такія, так бы мовіць, слабыя адносіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Зніжаць напружанасць
«Нядаўна з’явілася абнадзейлівая, добрая інфармацыя, звязаная з ракетамі сярэдняй і меншай далёкасці. Нас гэта хвалюе, таму што Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай дагавора (Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. — Заўвага БЕЛТА). Дагавор на сённяшні дзень практычна разбураны, але з’явіліся заявы аб тым, што ні НАТА, ні Расія не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты», — сказаў Прэзідэнт.
«Я ў сваю чаргу нядаўна сказаў аб тым, што мы ні ў якім разе не будзем ініцыятарамі нядобрых спраў па разбурэнні гэтага дагавора. Больш таго, мы ніколі не станем такія ракеты размяшчаць на тэрыторыі Беларусі для таго, каб ускладняць абстаноўку (калі гэта не пагражае нашай бяспецы). Але гэтыя дзве заявы — з Захаду і з Усходу — пераконваюць мяне ў тым, што нам не давядзецца ў Беларусі звяртацца да крайніх мер. На гэта ў нас няма ні жадання, ні лішніх грошай», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён дадаў, што ў апошняй вайне Беларусь страціла трэць насельніцтва, прычым змагалася супраць агрэсара ў тым ліку разам з ЗША.
«Нам не хацелася б, каб зноў на тэрыторыі нашай Беларусі запахла паленым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.