Форум «Мінскага дыялогу» на тэму «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані» прайшоў 7-8 кастрычніка ў беларускай сталіцы. Удзел у форуме прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Мерапрыемства сабрала высокапастаўленых афіцыйных асоб і вядучых экспертаў з ЕС, Расіі, ЗША, Кітая і дзяржаў Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Місія форуму – прадастаўляць адкрытую пляцоўку без геапалітычных раздзяляльных ліній для даследаванняў і дыскусій аб міжнародных адносінах і бяспецы ва Усходняй Еўропе.
Пагрозы бяспецы дамінуюць
у сучасных выкліках чалавецтву
«Цалкам відавочна, у спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспецы. Пры гэтым шматбаковыя пляцоўкі, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, АБСЕ, становяцца месцам высвятлення адносін, а не вырашэння праблем. Сістэма ваенна-палітычных стрымліванняў і проціваг развальваецца на вачах, а міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць спыніць гэты працэс, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Можа, і не хочуць. А можа, тыя, хто дамінуе ў гэтых арганізацыях, зацікаўлены ў гэтым».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах, разладжванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў.
Пры гэтым, паводле яго слоў, выкарыстоўваюцца ўсё больш прадуманыя метады барацьбы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў атакі з дапамогай беспілотнікаў на нафтавыя аб’екты Саудаўскай Аравіі, назваўшы іх новым, раней не бачаным прэцэдэнтам.
«Такім чынам свет убачыў новую зброю – простую, танную, даступную амаль кожнаму тэрарысту, але якая можа нанесці незаменны ўрон не толькі адной дзяржаве, але і планеце ў цэлым», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь – ва ўнікальнай сітуацыі
«За апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік нашай Расіі, удзельнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас. У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі – членамі НАТА. А з такім суседам, як Украіна, у нас больш за 120 міжнародных пагадненняў. Мы гатовы напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сігналы, якія беларускі бок атрымлівае ад партнёраў, сведчаць аб тым, што і яны гатовы да такога ўзаемадзеяння. «Гэта – унікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім карыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена, што можа быць іншая мадэль адносін Расіі і НАТА, Кітая і ЗША і яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як апошнія пяць гадоў», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Агучаны канкрэтныя прапановы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінкскага працэсу.
Прэзідэнт перакананы ў адсутнасці імгненнага, універсальнага рэцэпта нармалізацыі сітуацыі ў свеце і Еўропе. На яго думку, адысці ад краю бездані глабальнага канфлікту можна толькі шляхам дыялогу.
«Усё больш відавочна неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага працэсу «Хельсінкі» – пад эгідай АБСЕ, а магчыма, і пад эгідай ААН, – сказаў ён. – Трэба прыняць дакумент стратэгічнага характару па ўмацаванні міжнароднай бяспекі і ў Еўра-Атлантыцы, і ў больш шырокім маштабе. Сёння немагчыма вырашаць гэтыя пытанні без Кітайскай Народнай Рэспублікі. Важна ўлічваць таксама меркаванне і іншых краін, чый уплыў у свеце сёння расце».
Аб распрацоўцы дэкларацыі аб нераспаўсюджванні РСМД у Еўропе
У сувязі з разрывам Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці нарастае занепакоенасць ЗША і Расіі наконт бяспекі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. «Аб гэтым сведчаць нашы нядаўнія кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі і пасланне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна шырокаму колу краін аб мараторыі на разгортванне ракет у Еўропе і іншых рэгіёнах свету», – растлумачыў Прэзідэнт.
«Можа, усё ж такі варта сабрацца і абмеркаваць гэту, бадай што, самую актуальную на гэты час праблему. Калі хочаце – у Мінску або нейкім іншым месцы, – прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. – Тым больш што Беларусь ужо выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Гатовы нават ініцыяваць, а тое і ўзяць на сябе, распрацоўку тэксту гэтага дакумента».
Аднаўленне Хельсінкскага працэсу дасць магчымасць знізіць узровень існуючых рызык і геапалітычную праблемнасць Усходняй Еўропы, вызваліць значныя рэсурсы, якія можна накіраваць на мірныя, стваральныя мэты. «Гэта будзе таксама садзейнічаць спыненню далейшай эскалацыі канфліктаў і паступоваму паляпшэнню атмасферы ў адносінах Захаду і Усходу», – канстатаваў беларускі лідар.
Лукашэнка пракаменціраваў вучэнні НАТА на граніцы з Беларуссю
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што са здзіўленнем прачытаў аб запланаваных на вясну вучэннях Паўночнаатлантычнага блока непасрэдна каля граніц Беларусі.
«Па колькасці (гэта тое, што заяўлена, а што будзе фактычна – гэта, напэўна, у два, а тое і ў тры разы больш) такіх вучэнняў каля нашых граніц не праводзілася, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Якое ў сувязі з гэтым можна задаць рытарычнае пытанне, вы ведаеце. Не ведаю, каму гэта трэба».
Напярэдадні нямецкае выданне «Шпігель» паведаміла, што на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі пройдуць вучэнні «Абаронца-2020». Яны стануць самым маштабным перамяшчэннем салдат з ЗША ў Еўропу за апошнія 25 гадоў. Лагістычным цэнтрам вучэнняў стане Германія.
Плануецца, што ў вучэннях прымуць удзел 37 тыс. салдат з 19 дзяржаў. Мэтай з’яўляецца павышэнне гатоўнасці ўнутры НАТА і стрымліванне магчымых праціўнікаў, заявілі амерыканскія ваенныя.
Невялікія краіны павінны заявіць аб сабе
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часта дзяржавы падзяляюць на вялікія, сярэднія і малыя. «Такіх не бывае: усе народы вялікія, нават калі гэта тысяча чалавек, – перакананы Прэзідэнт. – Нас прыгожа падзяляюць, перацягваюць на адзін, другі бок. І мы губляемся сярод гэтых гігантаў. Нам пара неяк аб’яднаць бы свае галасы, сказаць «вялікім», што яны не такія вялікія». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сучасным свеце нават вялікія і моцныя краіны слабаабароненыя. Ён нагадаў аб Саудаўскай Аравіі, нафтавыя аб’екты якой нядаўна былі атакаваны беспілотнікамі.
«Таму не трэба хавацца за шырму велічы і падобных тэрмінаў. Трэба дамаўляцца. Калі б мы змаглі аб’яднацца па-сапраўднаму, на нейкай платформе, нас пачулі б. Але зноў жа: гэтыя «вялікія» не даюць нам, сярэднім і малым дзяржавам, гэта зрабіць, таму што вялікая формула «раздзяляй і ўладар» пакуль яшчэ не зжыла сябе і наўрад ці зжыве», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.