Тэма тыдня

Тема недели

 

У Беларусі 17 лістапада прайшлі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Для правядзення выбараў было ўтворана 110 выбарчых акруг, сфарміраваны 5831 участак для галасавання, у тым ліку 46 замежных.
На выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў была акрэдытавана самая вялікая колькасць міжнародных наглядальнікаў за апошнія 10 гадоў — 1029. Самыя шматлікія місіі на выбары ў Беларусь накіравалі СНД і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ — 475 і 346 чалавек адпаведна. Ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ заяўлена 83 эксперты, ад ПАСЕ — 28, ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — 17.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на парламенцкіх выбарах і адказаў на пытанні журналістаў.
Падтрымаем людзей, якія будуць канструктыўна працаваць

у парламенце
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
«Для мяне гэта вельмі сур’ёзнае практычнае пытанне. Я не ўтойваў, што будзем падтрымліваць пэўных людзей, якія будуць канструктыўна працаваць у гэтым парламенце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У любой краіне нехта клапоціцца і падтрымлівае таго ці іншага дэпутата або групу дэпутатаў. Мы аб гэтым гаворым адкрыта, не гуляючы ў нейкую дутую дэмакратыю».
«Я як кіраўнік дзяржавы, адказны па Канстытуцыі за функцыянаванне галін улады, клапачуся аб тым, каб усе яны былі ў парадку. Каб краіне было лепш пасля гэтых выбараў. У гэтым напрамку я працую», — адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, перад парламентам і яго новым складам стаіць вельмі шмат праблем і задач. «Але я скажу пра галоўную задачу. Мы пабудавалі першую ў Беларусі суверэнную незалежную дзяржаву. І вы, і ўсе мы. Нехта будаваў, але няшмат было людзей, якія цягнулі назад, і цяпер цягнуць, перашкаджаючы развіццю гэтай дзяржавы. Дык вось, клопат усіх галін улады ў Беларусі — захаваць дзяржаву, суверэнітэт і незалежнасць. Для парламента важна — гэта трэба ўвасобіць у законы. А гэта правілы жыцця ў грамадстве. Вось гэта галоўнае. Усё астатняе кожны будзе па-свойму вырашаць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Аб прызнанні выбараў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што перажывае за тое, як успрымуць выбары за мяжой, але не празмерна.
«Але я наконт гэтага перажываць не прывык», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў краіне праводзяць выбары перш за ўсё для свайго народа і па існуючых законах.
«Калі грамадству не падабаецца, як гэта Прэзідэнт арганізоўвае, яны перавыберуць яго праз паўгода. Будзьце ўпэўнены. І я пасінелымі пальцамі за крэсла трымацца не буду, калі вы адмовіце мне ў даверы. І ўлады ў цэлым, калі вы адмовіце ў даверы. Таму мы праводзім выбары для сябе. Так, перажываем, каб нас нармальна ўспрынялі ў свеце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ні адна краіна не звяртае асаблівай увагі на рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, а ў Беларусі, наадварот, вельмі сур’ёзна ставяцца да іх рэкамендацый.
Што датычыцца тых ці іншых змяненняў у заканадаўства па выбарах, то гэта робіцца паступова. Напрыклад, гучаць прапановы ўвесці прапарцыянальную сістэму на выбарах у парламент. «Я ўпэўнены, што мажарытарная сістэма сябе не зжыла. Многія, памацаўшы прапарцыянальную, ужо вярнуліся да змешанай, а заўтра — да мажарытарнай. І калі паставіць перад народам гэта пытанне, ён падтрымае гэты пункт гледжання. Трэба пакінуць выбары так, як яны ёсць, калі гэта выбары. Гэта ж дэмакратычна — увесь народ выбірае, а не па спісах», — адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама супраць стварэння фэйкавых партый, у тым ліку праўладных. Ён лічыць, што партыі павінны фарміравацца самастойна, не на грошы розных заходніх фондаў.
Аб намеры балаціравацца
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў намер балаціравацца на маючых адбыцца выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2020 і 2025 гадах. Аб гэтым ён расказаў, адказваючы на пытанні журналістаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трымаецца за гэту пасаду, але лічыць для сябе абавязковым прапанаваць сваю кандыдатуру, а людзі зробяць выбар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не раз адказваў на пытанні наконт свайго намеру балаціравацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах. «Калі людзі мяне не падтрымаюць на якіх-небудзь выбарах, я на іх не пакрыўджуся. Я папрацаваў ужо вялікую колькасць гадоў, — сказаў ён. — Гэта вы думайце, вылучацца мне на гэтых выбарах ці не».
Калі грамадзяне цэняць стабільнасць, спакойнае, упэўненае развіццё дзяржавы, яе суверэнітэт — гэта значыць тую палітыку, якая праводзіцца цяперашнім Прэзідэнтам, то яны самі павінны ініцыяваць яго вылучэнне.
Што датычыцца тэрмінаў правядзення выбараў Прэзідэнта, то, паводле закона, яны павінны прайсці не пазней за жнівень 2020 года. І пераносіць гэтыя тэрміны не плануецца.
Аб магчымых змяненнях
у Канстытуцыю Беларусі
«Я заяўляў аб тым, што нам трэба ісці да гэтага. Неразумна было б з майго боку заявіць, што мы да прэзідэнцкіх выбараў зменім Канстытуцыю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Элементы новай Канстытуцыі з пункту гледжання Канстытуцыйнага суда мне прадстаўлены».
Прэзідэнт адзначыў, што цяпер на падставе многіх прапаноў юрыстаў Канстытуцыйнага суда можна пераходзіць да наступнага этапу: будзе сфарміравана больш шырокая група спецыялістаў, якія паспрабуюць напісаць праект Канстытуцыі і прадставіць яго кіраўніку дзяржавы. «Я ўжо, калі палічу патрэбным, прадстаўлю яе ўсяму грамадству. І трэці этап — гэта будзе, хутчэй за ўсё, абмеркаванне грамадствам гэтай Канстытуцыі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тэрмінаў для ўнясення змяненняў у цяперашнюю Канстытуцыю няма.
«Ніякія тэрміны я ставіць не маю намеру і не збіраюся. Будзе гатовы варыянт — пойдзем далей да другога, трэцяга, чацвёртага этапу. Менавіта так павінна разгортвацца работа. Спешка тут недапушчальна, гэта сур’ёзнае пытанне: як будзе жыць і развівацца краіна ў будучым», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што, калі ўносіліся прапановы, суддзі Канстытуцыйнага суда асабіста падпісвалі свае ідэі. «Персанальная адказнасць за лёс краіны, за тое, як яны будуць жыць у гэтай краіне, як дзеці іх будуць жыць. Мяне здзівіла і ўзрадавала, што людзі не збіраюцца ламаць цяперашнюю Канстытуцыю. Адказнасць павінна быць за гэты дакумент», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Выбары ў Беларусі прайшлі
на канкурэнтнай аснове
Такая пазіцыя місіі наглядальнікаў ад СНД, якую агучыў яе кіраўнік Сяргей Лебедзеў.
Місія падрыхтавала падагульняючую заяву, якая будзе агучана пасля таго, як у Беларусі афіцыйна зацвердзяць вынікі выбараў. Сяргей Лебедзеў праінфармаваў аб галоўных вывадах. «На думку наглядальнікаў ад СНД, органы ўлады Беларусі, выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў забяспечылі правядзенне выбараў на высокім арганізацыйным узроўні», — сказаў ён.
«Яны праведзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, Выбарчым кодэксам Беларусі, прайшлі на канкурэнтнай аснове, адкрыта і галосна, былі свабоднымі, празрыстымі і адпавядалі прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў», — падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.
Місія СНД была самай шматлікай на парламенцкіх выбарах у Беларусі. У яе складзе было 475 прадстаўнікоў васьмі краін Садружнасці.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *