Верхнядзвінскі клуб народных майстроў адзначыў юбілей

Актуально Культура

У снежні народнаму клубу народных майстроў і самадзейных мастакоў, які дзейнічае пры раённым Доме рамёстваў, споўнілася 30 год. Адзначылі юбілей за кубкам гарбаты і пад музыку сяброў з клуба «Ветэран».

Госці сабраліся ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Нязмушаная, амаль што хатняя абстаноўка спрыяла святочнаму настрою. Майстры з усяго раёна не так часта збіраюцца разам, таму не прамінулі магчымасці завесці новыя цікавыя знаёмствы, абмяняцца вопытам і падзяліцца некаторымі творчымі сакрэтамі.
Лепш даведацца адзін пра аднаго дапамаглі выстава вырабаў і прэзентацыя, падчас якой удзельнікі клуба расказалі пра сябе і пра тых, хто валодае самабытным майстэрствам, але не змог прысутнічаць на сустрэчы.
Прыйшла павіншваць калег і першы кіраўнік клуба, зараз дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Ала Барысаўна Марозава. Менавіта яна вырашыла аб’яднаць таленавітых людзей Верхнядзвіншчыны для сумеснай творчасці і абмену вопытам. Ала Барысаўна расказала, як у 1989 годзе сабрала майстроў, а ўжо ў 1992-м клуб атрымаў званне «народны», якое з таго часу паспяхова пацвярджае кожныя тры гады.
І па сённяшні дзень клуб народных майстроў і сама-дзейных мастакоў знаходзіць у розных кутках раёна незвычайных, цікавых, захопленых сваёй справай людзей і робіць усё магчымае, каб пра іх творчасць даведаліся не толькі ў Верхнядзвінску, але і па-за яго межамі. Нашы мясцовыя майстры актыўна ўдзельнічаюць у абласных і нават міжнародных выставах і конкурсах, дзе атрымліваюць заслужаныя прызы і дыпломы. Унікальная тэхніка спіральнага пляцення, якой валодае М.М. Баршчоў, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Магчыма, у хуткім часе да яе далучыцца інсітнае мастацтва і чатыры яго прадстаўнікі з Верхнядзвіншчыны: Р.Р. Вашчанка, А.І. Мядзюта, В.П. Сімановіч і К.Н. Пескуновіч.
Узнагароды знайшлі сваіх герояў і ў дзень юбілею. Падчас свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Аркадзьеўна Масквічова ўручыла самым актыўным майстрам Падзякі і Ганаровыя граматы. А пасля кожны ўдзельнік клуба атрымаў яшчэ медаль-абярэг з выявай Багача, які павінен зберагчы творчы запал і памножыць дастатак свайго гаспадара.
Зараз у клубе 42 дзеючых майстры, але гэтай лічбай колькасць іх не абмяжоўваецца. Ёсць яшчэ нямала людзей, якія ў сілу ўзросту ўжо не могуць наведваць творчую суполку, але працягваюць удзельнічаць у розных конкурсах і выставах са сваімі гатовымі вырабамі.
За святочным сталом успомнілі кожнага. Пагутарылі, падзяліліся творчымі планамі, абмяняліся кантактамі з новымі знаёмымі і паспявалі песні разам з удзельнікамі народнага клуба «Ветэран» Г.М. Спірыдонавай, З.У. Жыравай, Т.У. Барысавай і В.Я. Бароха, якія з гатоўнасцю дапамаглі арганізаваць гэтую цёплую сяброўскую сустрэчу. Напрыканцы зрабілі фота на памяць і дамовіліся сустракацца часцей – дзеля прыліву творчых сіл і натхнення.
Алёна МАРОЗ.
Фото Валерыя Салаўёва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *