Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочай паездкай Светлагорск.
Кіраўнік дзяржавы ажыццявіў сімвалічны пуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК. У час наведвання прадпрыемства Прэзідэнт пацікавіўся, ці вырашаны ўсе экалагічныя пытанні пры стварэнні новай вытворчасці. Старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў запэўніў, што праблем няма.
У цэнтральным пункце кіравання Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з работнікамі завода, якія падарылі яму пано з цэлюлозы з выявай бацькоўскага дома.
Рабочыя паездкі кіраўніка беларускай дзяржавы набываюць новы фармат. Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў той ці іншы раён на мясцовыя прадпрыемствы будуць выязджаць кіраўнікі рэспубліканскага ўзроўню і затым трымаць справаздачу перад Прэзідэнтам. Так адбылося ў Светлагорскім раёне. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў загадзя пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, як прамысловых, так і ў сферы сельскай гаспадаркі, вытворчасці прадуктаў харчавання. Чыноўнікі падрабязна інфармавалі Прэзідэнта пра ўбачанае. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка вырашыў незапланавана наведаць некалькі прадпрыемстваў, якіх першапачаткова не было ў маршруце паездкі. Гэта завод жалезабетонных вырабаў і канструкцый і Светлагорскі домабудаўнічы камбінат.
«Каб не прадаваць драўніну
за бясцэнак»
Кіраўнік дзяржавы асабліва звярнуў увагу, што дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскім ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны, уключаючы нізкасортную драўніну.
Як далажылі Прэзідэнту, тэхналогія на прадпрыемстве дазваляе з нізкасортнай драўніны атрымліваць запатрабаваны прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Акрамя таго, гэта энерганезалежная вытворчасць.
«Гэта наша багацце (лясныя рэсурсы. – Заўвага БЕЛТА). Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства», – падкрэсліў беларускі лідар.
Сульфатная беленая цэлюлоза высока запатрабавана на міжнародных рынках і важна для ўнутранага імпартазамяшчэння. Яна прымяняецца ў вытворчасці шпалер, упаковачных, пісчых і паліграфічных папер, кардону, вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння. На постсавецкай прасторы такіх сучасных вытворчасцей няма. Сёння Светлагорскі ЦКК – адзіны новы цэлюлозны завод у краінах СНД.
Патрэбна глыбіня перапрацоўкі
«Патрэбна глыбіня перапрацоўкі цэлюлозы. Нам трэба з яе рабіць адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы, мяшкі», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб пастаўленай задачы па максімальным адыходзе ад выкарыстання поліэтылену, які шкодзіць экалогіі.
«Таму трэба ад гэтага адыходзіць. Трэба ўсё запакоўваць – булкі, піражкі і іншае – у паперу. У нас гэтага дабра хапае. Але з гэтай цэлюлозы, значыць, трэба стварыць такую ўпакоўку і іншыя матэрыялы».
Прэзідэнт паведаміў аб прынятым рашэнні не пазней за бягучы год пабудаваць побач з заводам цэх, купіць неабходнае абсталяванне. «Яно не таннае. Напэўна, 80 млн еўра будзе каштаваць. Але мы пойдзем на гэтыя траты. Паставім машыну і будзем перапрацоўваць тут цэлюлозу. І такім чынам з 400 тыс.т, якія вы вырабіце, 300-350 тыс.т мы перапрацуем тут на месцы і паставім сваім прадпрыемствам. На экспарт застанецца 50 тыс.т», – расказаў кіраўнік дзяржавы.
Другім напрамкам, які таксама не варта адкладаць, Аляксандр Лукашэнка назваў вытворчасць віскознай цэлюлозы. «Вы на гэтым прадпрыемстве гэта можаце зрабіць. Патрэбна асіна, вольха, якія ў нас сёння няма куды дзяваць, прападаюць. І таму нам трэба паскорыцца. Мы яе тут перапрацуем», – заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што віскозная цэлюлоза будзе запатрабавана тут жа, на суседнім прадпрыемстве ў Светлагорску. Цяпер гэта сыравіна закупляецца па імпарце.
Ён асабліва падкрэсліў важнасць глыбокай перапрацоўкі сыравіны і атрымання высокаліквіднай гатовай прадукцыі. «Гэта зусім іншы ўзровень нашай краіны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржава павінна атрымліваць аддачу ад замежных інвестыцый
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці перагледзець некаторыя падыходы і ўмовы, на якіх у Беларусь прыцягваюцца замежныя інвестыцыі.
Прэзідэнт, у прыватнасці, звярнуў увагу на работу ва ўмовах свабодных эканамічных зон, калі дзяржава на працягу доўгага часу не атрымлівае ў казну практычна нічога ў выглядзе падаткаў. Вядома, ствараюцца дадатковыя рабочыя месцы, але гэта пытанне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ужо не так востра стаіць.
«Нам трэба арыентавацца на нешта істотнае. Калі ты хочаш сюды прыйсці працаваць, калі ласка, прыходзь і працуй, як працуюць усе прадпрыемствы – плаці падаткі, на прыбытак падатак, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Любыя рабочыя месцы павінны прыносіць прыбытак».
Урэгуляваць сітуацыю з цякучасцю кадраў
«Жалезная дысцыпліна. Да двух не размаўляем», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што ў рэгіёнах трэба прыняць меры для недапушчэння вялікай цякучасці кадраў. Аднак гэта не азначае, што нехта кагосьці будзе сілай трымаць на вытворчасці. У ход павінны ў тым ліку пайсці меры стымулюючага характару, але на выразных і зразумелых умовах. «Што за лятучкі такія? У савецкі час такога не было… Прыйдзі, працуй, вось бытоўка, вось душавая, вось табе зарплата (не падманваю, сам не краду). Якая ёсць. Больш будзем рабіць, больш будзем зарабляць. Вось і ўся логіка», – лічыць кіраўнік дзяржавы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *