Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19-20 лютага зрабіў афіцыйны візіт у Егіпет. Беларускі лідар правёў у Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў прэзідэнцкім палацы «Аль-Ітыхадыя».
Ключавыя беларуска-егіпецкія праекты
Цяпер Беларусь і Егіпет працуюць прыкладна над дзясяткам праектаў, палавіна з іх арыентавана на прамысловую кааперацыю. Бакі пашыраюць вытворчасць тэхнікі МАЗ і МТЗ, «Бабруйскаграмаша», «Амкадора», Мінскага маторнага завода.
Перад краінамі стаіць задача не проста вырабіць тэхніку, але і арганізаваць устойлівыя продажы, сэрвіснае абслугоўванне і падрыхтоўку персаналу.
Беларусь таксама хоча пашырыць пастаўку ў Егіпет прадукцыі дрэваапрацоўкі і мэблі. Прычым тут бакі не абмяжоўваюцца пастаўкамі: беларускі бок рыхтуе кадры для дрэваапрацоўчай і мэблевай галіны Егіпта. У 2019 годзе выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта правялі ў Егіпце першыя вучэбныя курсы па дызайне і вытворчасці мэблі. Гэту практыку плануюць прадоўжыць і ў бягучым годзе.
Сярод іншых праектаў у адукацыі – стварэнне сумеснага інжынернага факультэта сіламі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Табінскага металургічнага інстытута. У кастрычніку 2019-га ўжо былі набраны першыя студэнты.
Што думае бізнес
Адначасова з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Каіры праходзіла кантактна-кааперацыйная біржа. Перагаворы праводзілі больш як 30 беларускіх і каля 120 егіпецкіх кампаній. Як расказаў журналістам старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, бакі рыхтуюцца заключыць новыя пагадненні і кантракты. «Кампаніі прадстаўляюць розныя сферы, пачынаючы ад машынабудавання, нафтахіміі, тэкстыльнай прамысловасці, прадуктаў харчавання, высокіх тэхналогій», – адзначыў ён.
Сярод новых ініцыятыў – праект па ачыстцы вады. У егіпецкіх правінцыях гэта тэма выклікала вялікі інтарэс. Падрабязнасці будуць абмяркоўвацца ў Каіры на беларуска-егіпецкім бізнес-форуме. «Навука – новы напрамак, наша супрацоўніцтва тут развіваецца вельмі інтэнсіўна. Ёсць сур’ёзныя тэхналагічныя нішы, па якіх можна працаваць», – дадаў Уладзімір Улаховіч.
Паводле яго слоў, з сумеснай прадукцыяй Беларусь і Егіпет могуць выходзіць на краіны Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу.
Як развіваліся адносіны
паміж краінамі
Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет ужо трэці за гісторыю двухбаковых адносін. Раней кіраўнік дзяржавы наведваў Каір у 1998 і 2017 гадах. У чэрвені 2019-га адбыўся першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта ў Беларусь. У 2015 годзе лідары дзвюх краін правялі сустрэчу на палях Генеральнай асамблеі ААН. Такім чынам, адбылася ўжо чацвёртая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Абдэль Фатахам ас-Сісі.
Тавараабарот паміж краінамі ў 2019 годзе вырас на 32% да $142 млн. Пры гэтым беларускі экспарт склаў $116,5 млн, павялічыўшыся на 40%. За тры гады з часу апошняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Каір Беларусь і Егіпет нагандлявалі больш як на трэць мільярда долараў.
Стаўка на сумесныя прадпрыемствы
Беларусь і Егіпет вырашылі рабіць стаўку на сумесныя прадпрыемствы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам пасля перагавораў у Каіры з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі.
Асноўную ўвагу на перагаворах прэзідэнты ўдзялілі гандлёва-эканамічным сувязям. «Прыемна адзначыць, што дамоўленасці аб узаемадзеянні ў гэтай сферы ў цэлым выконваюцца: і беларускі, і егіпецкі бакі прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, добрыя сумесныя напрацоўкі ёсць у прамысловай, ваенна-тэхнічнай, сельскагаспадарчай, навуковай, гуманітарнай галінах.
Патэнцыял беларускі бок бачыць у інавацыях і высокіх тэхналогіях, навуцы і адукацыі. «Таму мы робім стаўку на прасоўванне высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет з далейшым стварэннем сумесных прадпрыемстваў. Такі падыход паказаў ужо сваю эфектыўнасць», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і інфармацыйных тэхналогій, уключаючы сучасныя сістэмы забеспячэння грамадскай бяспекі. Беларусь гатова пастаўляць у Егіпет найноўшае медыцынскае абсталяванне, а таксама прадукты харчавання.
Егіпет плануе адкрыць пасольства ў Мінску
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітаў гэту ініцыятыву на сустрэчы з журналістамі пасля перагавораў у Каіры з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі.
«Вітаем планы егіпецкага боку па адкрыцці дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі. Мы акажам для гэтага ўсялякую падтрымку як самай блізкай і добрай дзяржаве, з якой мы супрацоўнічаем», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь асуджае любыя праявы тэрарызму і выказвае поўную падтрымку намаганням Егіпта ў барацьбе з гэтай пагрозай. «Мы ведаем, якую ролю адыгрывае Егіпет у барацьбе з тэрарызмам, і які ўклад унесла гэта дзяржава ў процідзеянне тэрарызму», — дадаў ён.
Будзе створана камісія
па двухбаковым супрацоўніцтве
Па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі ў Каіры падпісаны пакет дакументаў.
Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.
Паміж міністэрствамі замежных спраў быў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні. Ён прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам на ўзроўні міністраў замежных спраў.
Яшчэ адзін мемарандум аб узаемадзеянні падпісаны паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Егіпта.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *