Конкурсы, пачастункі і добры настрой – так у Верхнядзвінску святкавалі Масленіцу

Актуально Наш край Общество

У нядзелю ў гарадскім парку верхнядзвінцы развіталіся з зімой.

Праграма, падрыхтаваная работнікамі Цэнтра культуры і народнай творчасці, прыйшлася даспадобы тым, хто пажадаў не застацца дома, а разам з усімі праводзіць зіму і сустрэць вясну. Жарты, спевы, скокі, конкурсы – засумаваць у гасцей свята не было ніводнага шанцу.

Разнастайныя вырабы народных майстроў пра-паноўваў «Кірмаш дабрыні» (ТЦСАН), пачастункі – рай-спажыўтаварыства. Дзеці з задавальненнем частаваліся салодкай ватай і папкорнам ды каталіся ў павозцы. Сапраўдныя асілкі спрабавалі скарыць масленічны слуп і атрымаць падарунак. Вызначыў пераможцу і сапраўдны рыцарскі турнір на лазневых веніках ды дубінах.


На свята завіталі Веснавік з жонкай Вясной, а вясёлы Снегавік запрашаў вадзіць карагоды.
Акрамя Масленіцы ў гэты дзень верхнядзвінцы адзначалі яшчэ адно «свята» – Стасаў дзень: адгадвалі любімыя прысмакі спевака Стаса Міхайлава, прызнаваліся яму ў каханні з дапамогай шарыка-сэрца, змагаліся за прыз-амулет і, нарэшце, сустракаліся са сваім «кумірам».
А якія багатыя на пачастункі сталы падрыхтавалі ўстановы адукацыі і фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Ім-пульс»! Безумоўна, галоўнай стравай былі бліны. А безліч начыння для іх проста ўражвала: з мясам ды тварагом, сочывам ды рыбай, грыбамі ды ягадамі, смятанай ды мёдам і нават спартыўна-дыетычныя! Жоўтыя, чырвоныя, зялёныя, мяшэчкі, ролы, сонейкі – з бліноў былі зроблены цэлыя кампазіцыі. Да іх у самаварах гатавалася гарачая гарбата. Гаспадары і гаспадыні шчыра запрашалі частавацца, «запраўлялі» смакату прыпеўкамі, вершамі ды загадкамі.


Вызначыць лепшага з лепшых журы было вельмі нялёгка. Каманда санаторнага ясляў-сада №3 і іх калегі з ясляў-сада №2 атрымалі дыпломы ў намінацыі «Арыгінальнасць».
Прыдзвінска-Бароўская сярэдняя школа стала ўладальнікам дыплома «Багацце смаку».
Гімназія адзначана ў намінацыі «Творчы падыход», а яслі-сад №4 – «Тонкі густ». Самы шчодры стол аказаўся ў Прыдзвінска-Бароўскага ясляў-сада. За гэта каманда атрымала ўзнагароду ў адпаведнай намінацыі. Дыплом «Фізкультурна-аздараўленчы падыход да традыцыйнага свята Масленіцы» папоўніў скарбонку перамог самай спартыўнай каманды «Імпульса». Пераможцай конкурсу «Масленічны пачастунак» на лепшы масленічны блін стала каманда сярэдняй школы №2.
Свята скончылася традыцыйным спальваннем на вогнішчы масленічнай лялькі. У агонь таксама паклалі кола з павязанымі стужкамі, каб згарэла дашчэнту ўсё благое, а ў новым годзе побач было толькі самае лепшае.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *