Нарада па эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі

Здоровье Тема недели

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.
Прыкласці ўсе намаганні, каб беларусы змаглі вярнуцца дамоў
Прэзідэнт нагадаў, што першы з гэтым вірусам сутыкнуўся Кітай, а затым і азіяцкі рэгіён. Прычым кітайцам удалося справіцца з вірусам, і яны ўжо дзеляцца сваім паспяховым вопытам з іншымі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Прынамсі, у мяне няма такіх фактаў, каб яны не адказалі хоць на адно пытанне або ў нечым адмовілі. У мяне сігналы ад кітайскага боку, што яны гатовы беларусам дапамагчы ва ўсім», – адзначыў ён.
На гэты момант Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію. Аднак для Беларусі гэта не мае ніякага значэння, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў краіне і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі, і не толькі з каранавірусам. «На карце не засталося практычна ніводнай краіны, дзе не пасяліўся б гэты вірус. Але адна справа, калі недзе ў Паўночнай Афрыцы адзін чалавек, а іншая справа, калі за суткі толькі ў Італіі загінулі 475 чалавек. Розніца вялікая», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для іншаземцаў. Так зрабілі і пяць краін — суседак Беларусі. «Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта пацвярджаецца ўжо. Гэта ніяк не абараняе Расію. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём граніц, – заўважыў Прэзідэнт. – Цяпер у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дамоў. Нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы».
Самая страшная эпідэмія – гэта паніка
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самая страшная эпідэмія ў свеце – гэта паніка. Ён пацікавіўся, як складваецца эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі і якія прагнозы па каранавірусе і іншых інфекцыйных захворваннях на бліжэйшыя дні і тыдні. «Справа не толькі ў гэтым каранавірусе, у нас больш праблем з іншымі хваробамі. Якія меры прымаюцца для прадухілення новых выпадкаў завозу ў Беларусь розных вірусаў?» – спытаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі пражывае шмат замежных грамадзян, напрыклад, студэнтаў і супрацоўнікаў замежных прадпрыемстваў. «Ці ахоплены яны паўнацэнным медыцынскім наглядам і лячэннем, як гэта было са студэнтам з Ірана, які, на шчасце, пераадолеў усе гэтыя вірусы і сёння выпісаны?» – удакладніў кіраўнік дзяржавы.
У Беларусі няма ніводнай смерці ад каранавіруса
«У канцы зімы – пачатку вясны ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, ідзе пад’ём сезонных інфекцый. Мяне гэта больш за ўсё непакоіць. Размова ў гэтым выпадку не аб каранавірусе, а аб прывычных для нас вострых рэспіраторных інфекцыях, уключаючы грып. Самае небяспечнае, што можа здарыцца ў выніку гэтых вірусаў, – гэта пнеўманія», – заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя параўнальнай статыстыкі за мінулы і гэты гады па колькасці смяротных выпадкаў у выніку пнеўманіі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у 2019 годзе за студзень-люты такіх выпадкаў было 196, цяпер – 138. Усяго з-за захворванняў органаў дыхання за першыя два месяцы мінулага года загінулі 498 чалавек, у пачатку гэтага года – 328.
«Пры гэтым асабліва падкрэсліваю, ні адной смерці пры пацверджанай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма. Дзякуй богу. Хачу пачуць дакладна і па сутнасці, як мы будзем працаваць далей, каб хворых было як мага менш і ўсе яны выздаравелі ад любой інфекцыі», – сказаў Прэзідэнт і перадаў слова міністру аховы здароўя.
Людзі могуць больш пацярпець
ад панікі, чым ад самога каранавіруса
«Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла. Абсалютна ўпэўнены, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Але мы жывём у канкрэтнай сітуацыі і, зразумела, павінны зыходзіць з той абстаноўкі, якая складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Чаму я сябе так паводжу? Таму што я абсалютна ўпэўнены, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе». На думку Прэзідэнта, цывілізаваны свет страціў розум, а палітыкі пачалі ўжо выкарыстоўваць сітуацыю дзеля сваіх інтарэсаў.
У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хуткае распаўсюджванне захворвання дало магчымасць «узварухнуць» беларускую сістэму аховы здароўя, асабліва вірусолагаў і эпідэміёлагаў. «Добра, што мы з савецкіх часоў захавалі гэту сістэму. А так мы людзей лечым, а што там з эпідэміялагічнай абстаноўкай? Гэты псіхоз прымусіў нас неяк узварухнуцца і ў гэтым напрамку папрацаваць», – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Чаму ў краіне і школах не ўводзяць каранцін з-за каранавіруса
«Усіх, хто едзе з-за мяжы, мы бяром на кантроль. Самае малое падазрэнне, кашляе ці чхае – мы адразу ж тэсціруем. Калі раптам лабараторна пацверджана, мы адразу ўсе кантакты пачынаем знаходзіць і ізаляваць, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – І я прааналізаваў усе гэтыя факты: там, дзе мы, перастрахаваўшыся, пачалі збіраць людзей і каранцініць, ні адзін не быў хворы. Усе аказаліся здаровыя. І вось таму кітайцы нам гавораць: не трэба залішне каранцініць, таму што гэта вынікаў не дае. І наш вопыт пацвярджае: за трыма тысячамі чалавек наглядалі – тры тысячы здаровыя». Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі не будуць спрашчаць падыходы да барацьбы з каранавірусам.
Прэзідэнт таксама выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікулаў. «Калі бацькі баяцца – не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. На яго думку, калі ў школах аб’явіць канікулы, гэта толькі абвострыць абстаноўку, паколькі дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, іх імунітэт спраўляецца з інфекцыяй, паедуць да бабуль. А пажылыя людзі, наадварот, знаходзяцца ў групе рызыкі. «Мы ж загубім старых людзей! Таму не трэба нічога рабіць. Устаноўлена з 30 сакавіка канікулы – будуць з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблем. А калі мы яшчэ навучым дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак своечасова мыць рукі і дэзынфіцыравацца, маску надзяваць, наогул будзе добра.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *