Са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова віншуем вернікаў каталіцкай канфесіі!

Актуально Духовность

Любоў мацнейшая за страх.
Любоў мацнейшая за грэх.
Любоў мацнейшая за смерць.

Пасха – гэта трыумф уцелаўлёнай Любові над грахом і смерцю. Сын Божы Езус Хрыстус, ахвяруючы сваё жыццё на крыжы, дапамог кожнаму чалавеку адчуць удзел у боскай перамозе святла над цемрай, дабра над злом, любові над нянавісцю.
Чарговы ўспамін цудоўных падзей адкуплення чалавека на Галгофе дае нам магчымасць дакрануцца да велічнасці Божага провіду ў гісторыі чалавецтва. Бог, які стварыў свет і даў яго чалавеку, як найкаштоўнейшы дар, не перастае апекавацца над сваім стварэннем. Не перастае любіць чалавека нават тады, калі чалавек адыходзіць ад Бога і пачынае сябе лічыць валадаром гэтага свету, асуджаючы яго на знішчэнне.
Вялікі пост і Пасхальныя ўрачыстасці ў гэтым годзе адзначаны смутнымі навінамі аб распаўсюджванні па ўсім свеце пандэміі каронавірусу. Гэты вірус не з’яўляеца Божым пакараннем, але як і «мірны атам» ёсць сведчаннем чалавечай неразважлівасці і жаданнем паказаць сваю ўсемагутнасць. Адчыніўшы «скрыню Пандоры», чалавецтва апынулася на парозе глабальнай катастрофы, прычыны і наступствы якой спрабуе «спіхнуць» на Бога. Але кожны грэх, кожнае зло, якіх бы маштабаў яно не было, з’яўляецца эгаістычным жаданнем чалавека «быць як Бог» (Быц. 3,5).
Найлепшым лекам ад пыхі і самаўпэўненасці ёсць Крыж Хрыстовы. Там чалавек становіцца перад невымернасцю Божага прабачэння. Там чалавек усведамляе сваю мізэрнасць і веліч Божай любові. «Бо так Бог палюбіў свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (1 Ян. 3,16). Цвікі граху прабілі цела Божага Сына. Але Бог у якасці пакарання не спаслаў знішчэння свету, бо «Не жадае Бог смерці грэшніка, але каб навярнуўся і жыў» (Ізек. 33,11).
Таму ўсе веруючыя свету ў гэтыя святыя дні моляцца аб навяртанні чалавецтва. Просяць Сына Божага, які перамог смерць, аб перамозе не толькі над эпідэміяй, але і над жаданнем чалавека знішчаць, забіваць, ваяваць. Чалавецтва павінна зразумець, што толькі жыццё згоднае з Божымі запаведзямі робіць чалавека шчаслівым і свабодным. А асноўная запаведзь – гэта запаведзь любові.
Няхай гэтыя святочныя пасхальныя дні будуць напоўненыя, у першую чаргу, надзеяй. Надзеяй, якая не дае страху адабраць у нас радасць. Тую радасць, якую мы адчуваем кожны раз, калі віншуем адзін аднаго словамі «Хрыстос уваскрос». І хоць духавенства раіць парафіянам святкаваць сёлетнюю Пасху дома, няхай кожны адчувае, што ягоны дом становіцца хатнім касцёлам, у якім пануе супакой, радасць і любоў уваскрослага Сына Божага.
кс. Аляксандр і кс. Чэслаў,
каталіцкія святары Верхнядзвінскага раёна.

Расклад набажэнстваў:
Вялікая Пятніца (літургія Мукі Пана) – 20.00.
Вялікая Субота (Пасхальная Вігілія) – 22.00.
У Вялікую суботу благаслаўленне «велікоднай ежы» – у 10, 14 і 18 гадзін.
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Па-на (Рэзурэкцыя) – у Верхнядзвінску будзе ў 8.00;
у Боркавічах – 10.00;
у Каханавічах – 11.30;
у Сар’і – 13.00.
Велікодны панядзелак – св. Імшы ў 10.00 і 18.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *