Верхнедвинский журналист победил в областном конкурсе СМИ

Актуально Наш край

Пераможцам абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф. Скарыны ў намінацыі “Лепшы малады журналіст рэгіянальных друкаваных СМІ” у 2019 годзе прызнана карэспандэнт газеты “Дзвінская праўда” Алёна Мароз.

Працоўная біяграфія Алёны Мароз у рэдакцыі Верхнядзвінскай раённай газеты налічвае няпоўныя два гады, але ўжо можна з упэўненасцю сказаць, што яна – сфарміраваны журналіст з вялікім творчым патэнцыялам. І перш за ўсё таму, што выбрала справу па прызванню. Як расказвае сама, ёй з дзяцінства падабалася пісаць: ці то мастацкія расказы, ці сачыненні, ці заметкі ў насценгазету. Яшчэ ў школе стала паглыблена вывучаць рускую мову і літаратуру, удзельнічаць у алімпіядах і, зразумела, супрацоўнічаць з рэдакцыяй раённай газеты. Для паступлення на абраны дзяўчынай факультэт журналістыкі БДУ патрабавалася не толькі выдатна прайсці тэсціраванне па гуманітарных прадметах, але і творчы конкурс, які ўключаў уласныя публікацыі ў СМІ.
Пасля заканчэння ў 2013 годзе Верхнядзвінскай гімназіі мара збылася: Алёна Мароз стала студэнткай тагачаснага Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Вучылася і працягвала пісаць у «раёнку» і іншыя выданні. Менавіта ў «Дзвінскай праўдзе» праходзіла кожную творчую практыку, знаёмілася з працэсам выпуска газеты, абавязкамі супрацоўнікаў рэдакцыі, вёрсткай газетных палос, шмат працавала над зборам і падрыхтоўкай інфармацыі. Пашырэнню светапогляду і з’ўяленню новых тэм спрыяла і раённая бібліятэка, дзе працавала падчас завочнай вучобы.
Такім чынам, закончыўшы ўніверсітэт, Алёна прыйшла ў родную «раёнку» не навічком, а загартаваным практыкай маладым спецыялістам. Адразу ж актыўна паглыбілася ў творчае жыццё калектыву і заявіла аб сабе як старанны і ініцыятыўны работнік. Асвятляе пераважна тэмы сацыяльнай сферы, моладзевага руху, краязнаўства, культуры. Зрэшты, у раённай газеце з яе інфармацыйнай насычанасцю складана заставацца «вузкім спецыялістам» – шматграннае жыццё патрабуе ўніверсальных ведаў. Тым не менш, у Алёны ёсць ужо аўтарскія праекты, якія выклікалі жывы інтарэс чытачоў. Яна цікава расказала землякам аб аўтэнтычных рамёствах роднага краю, падрыхтавала цыкл аналітычных матэрыялаў на тэму барацьбы з алкагалізмам, бяспекі жыцця і іншыя. Пры падрыхтоўцы публікацый карпатліва вывучае тэмы, сустракаецца з многімі спецыялістамі, прадумвае жанры падачы інфармацыі, імкнецца ярка і цікава данесці яе да шырокага кола чытачоў.
Захопленасць прафесіяй у спалучэнні з характэрнай Алёне адказнасцю даюць вынік – матэрыялы маладога журналіста выклікаюць грамадскі рэзананс, чытачы шукаюць іх на старонках газеты. Гэты інтарэс аўдыторыі – найлепшы стымул для аўтара ў творчым развіцці. Алёна шукае і ўдасканальвае свой стыль, працуе над языком і вобразнасцю публікацый, самастойна рыхтуе да іх фотаздымкі, асвоіла адпаведныя камп’ютарныя праграмы. Авалоданне сучаснымі тэхналогіямі дазваляе ёй плённа працаваць з інфармацыяй у сеціве – яна вядзе акаунты «Дзвінскай праўды» у Facebook і Instagram.
Увогуле, ёй уласцівы прага новых ведаў і пошук уражанняў – рысы, якія надзвычай патрэбны журналісту. Алёна – нязменны ўдзельнік гульняў «Што? Дзе? Калі?» і «Брэйн-рынгу». Сумяшчаючы журналістыку з уласнымі захапленнямі, піша на гэтыя тэмы, імкнучыся далучыць як мага больш людзей да інтэлектуальнага руху. Таксама як і да здаровага ладу жыцця: звыш 10 гадоў яна займаецца верхавой яздой, і коні – любімы аб’ект фотаздымкаў журналіста. А захапленне рок-музыкай вылілася ў супрацоўніцтва з расійскім інтэрнэт-парталам «Leopard Eyes». Алёна брала інтэрв’ю ў музыкантаў, рыхтавала рэпартажы з канцэртаў і фестываляў.
Калегі высока ацанілі пачатак творчага шляху маладога карэспандэнта – у мінулым годзе Алёна Мароз прынята ў рады Беларускага Саюза журналістаў. А сёння яна стала пераможцам самага прэстыжнага ў вобласці журналісцкага конкурсу.
Імкненне да пошуку і авалодання прафесійным майстэрствам абяцае ёй плённы творчы шлях. Алёна марыць прафесійна займацца фотасправай, паспрабаваць сябе ў мастацкіх жанрах, ажыццявіць новыя аўтарскія праекты. Пажадаем спаўнення гэтых задум і новых творчых перамог!
С. Дзвінская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *