Калі жыццё напружвае праблемамі, калі хочацца ўцячы ад мітусні, бясконцых клопатаў і каранавіруса, прыязджайце ў Росіцу! Так гаворыць яе працавіты і гасцінны гаспадар, настаяцель мясцовага касцёла Найсвяцейшай Троіцы Часлаў Курэчка.
У сувязі з пандэміяй сёлета ў славутым санктуарыі не праводзяцца традыцыйныя масавыя мерапрыемствы. Але сама святыня і маляўнічая тэрыторыя наўкол яе чакаюць наведвальнікаў у любы час. Тут па-ранейшаму прыгожа і ўтульна: зелянеюць акуратна абкошаныя газоны і разнастайнае кустоўе, квітнеюць прывычныя і экзатычныя расліны, пагойдваюцца на хвалях возера і сажалкі рознакаляровыя німфеі. У поўным саставе прыляцелі сёлета ў Росіцу буслы – завялі сем’і і цяпер увішна кормяць птушанят. З’явілася патомства і ў прыгажуноў-лебедзяў – само хараство і велічнасць жыцця пранікаюць у душу, калі бачыш, як плывуць яны сярод белых і ружовых вадзяных лілей.
Кожны год у вялікай дэкаратыўнай гаспадарцы святара з’яўляюцца новыя экспанаты, якія сімвалізуюць пэўныя праявы: цюльпаны – па ліку ахвяраў вайны, барбарыс – як кроплі крыві мучанікаў, вяргіні – сімвал любові і чысціні, магноліі – трыумф духоўнасці і прыгажосці. Айцец Часлаў заклікае чалавека не проста сузіраць прыгажосць, але разважаць. І гэта яму ўдаецца: пабываць у Росіцы – нібы наталіць духоўную смагу.
Гэтым летам уражваюць буйна квітнеючыя рададэндроны – расліны, якія сімвалізуюць абнаўленне і прагу жыцця. Такія якасці ў час выпрабаванняў нам надзвычай патрэбны. Рададэндроны ў гаспадара кучаравяцца пышнымі ружовымі і бэзавымі шапкамі – ні дажджы, ні спякота не перашкаджаюць іх жаданню жыць. А яшчэ вакол святыні шчодра квітнеюць алеі баярышніку, бэзу, спірэі, язміну і яшчэ дзесяткаў раслін, якія адчуваюць сябе тут надзвычай камфортна.
У час, калі мы пазбягаем шматлюдных месцаў і шукаем супакаення і падтрымкі, візіт у Росіцу – самы лепшы спосаб аднавіць сілы. Храм пастаянна адкрыты – сюды можна зайсці памаліцца, паразважаць у цішыні, пакінуць ахвяраванне. А затым палюбавацца прыгажосцю росіцкай прыроды і тварэнняў рук чалавечых. Ксёндз Часлаў прапаноўвае таксама гасцям набыць саджанцы кветак і раслін, якія рэдка сустрэнеш у іншых месцах і якія сваім цвіценнем будуць нагадваць аб гэтай святой зямлі.
С. Дзвінская.