Тэма тыдня

Тема недели

Традыцыйна старт «Славянскаму базару» адкрыцця даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў час цырымоніі адкрыцця фестывалю ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады.
У гэтым годзе з рук кіраўніка беларускай дзяржавы спецыяльную ўзнагароду «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» атрымаў Філіп Кіркораў.
У дзень адкрыцця «Славянскага базару» Прэзідэнт таксама наведаў 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гісторыі фарміравання, прызначэнні і баявых магчымасцях міратворчай роты. Прэзідэнт азнаёміўся з яе экіпіроўкай, узбраеннем і ваеннай тэхнікай, умовамі жыцця і быту ваеннаслужачых.
«Славянскі базар» у Віцебску ўмацоўвае дружбу народаў
Беларускі народ ніколі не пасуе перад выклікамі часу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «Славянскі базар» стаў сэрцам культурнага і духоўнага адзінства. І яно, падкрэсліў Прэзідэнт, павінна біцца ў імя галоўнай ідэі, закладзенай у аснову фестывалю, – «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».
«Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, для нас жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей. Паколькі што б ні адбывалася ў свеце, міжнародны фестываль «Славянскі базар» заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фестывальнай сцэне з году ў год выступаюць сотні артыстаў розных нацыянальнасцей, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных дзяржаў. Але, не зважаючы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, дружба і ўзаемаразуменне. «У чым сакрэт? Напэўна, і перш за ўсё – у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур. Мы мірныя людзі, рабілі і будзем рабіць усё прыгожа і мірна. Таму штогод «Славянскі базар у Віцебску» прыцягвае да сябе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты на гэты маляўнічы бераг Дзвіны. У горад, які стагоддзямі натхняў на творчасць вядомых музыкантаў, мастакоў, акцёраў, які падарыў нам таленавітых рэжысёраў і дызайнераў, вучоных і канструктараў, спартсменаў і трэнераў, якія праславілі беларускую і не толькі зямлю на ўвесь свет», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што «Славянскі базар» – гэта не толькі песні, але і сканцэнтраванне ўсіх напрамкаў і відаў культур. Ён упэўнены, што і сёння віцебскі амфітэатр сабраў самых яркіх артыстаў, самых добрых і чулых гледачоў. Такіх, якія прыходзяць і прыязджаюць на гэта свята па закліку сэрца. «Тых, каго аб’ядноўвае шчырая любоў да агульнанацыянальнай славянскай культуры», – дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў гасцям і ўдзельнікам фестывалю, каб гэтыя дні падарылі ім шмат яркіх эмоцый, а конкурсы адкрылі новыя імёны ў свеце мастацтва.
Беларусы ніколі не ўстаюць
на калені перад выклікамі часу
Прэзідэнт адзначыў, што гісторыя фестывалю пачалася ў 1990-я на фоне няпростага выбудоўвання новых адносін паміж суверэннымі дзяржавамі, створанымі з асколкаў вялізнай імперыі – Савецкага Саюза. Фестываль задумваўся як свята дружбы брацкіх народаў: беларусаў, расіян і ўкраінцаў.
«Чвэрць стагоддзя таму гэта вялікае дзейства магло адправіцца ў падарожжа па гарадах і вёсках разваленага Савецкага Саюза. А ў гэтым годзе ён мог проста стаць на паўзу, як гэта здарылася з вядомымі сусветнымі шоу і конкурсамі. Але тады і сёння мы збераглі наш «Славянскі базар», нашу славянскую традыцыю. Нягледзячы на закрытыя граніцы, тут сабраліся самыя яркія тытулаваныя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, брацкіх нам народаў і рэспублік і іншых дзяржаў. Інакш, напэўна, і быць не магло», – упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Уручаны прэміі Саюзнай
дзяржавы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады.
Узнагарод удастоены кінарэжысёр студыі «Летапіс» народны артыст Беларусі Анатоль Алай, мастацкі кіраўнік тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандр Яфрэмаў і аўтарскі калектыў у складзе рэжысёраў Ірыны Марголінай, Аксаны Чаркасавай, Алены Пяткевіч і Ірыны Кадзюковай.
Прэміі Саюзнай дзяржавы традыцыйна прысуджаюцца за значны ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Іх уладальнікі вызначаюцца раз у два гады. Упершыню прэміі Саюзнай дзяржавы былі ўручаны ў 2002 годзе.
Праз мастацтва – да міру
і ўзаемаразумення
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ўручыў народнаму артысту Расіі Філіпу Кіркораву спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» 2020 года.
«Для мяне вялікі гонар другі раз прыняць адну з самых галоўных узнагарод Беларусі. У маёй памяці той вечар, калі я атрымаў ордэн Францыска Скарыны. Гэта было некалькі гадоў таму. Думаю, што гэты ордэн я сапраўды заслужыў, гэтак жа як і тыя, хто дастойна прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне», калі я напісаў песню Дзмітрыю Калдуну, стаў прадзюсарам гэтага выступлення. І на самой справе, на цяперашні момант гэта самы высокі вынік Беларусі на «Еўрабачанні», і я вельмі ганаруся, што меў да гэтага дачыненне», – адзначыў Філіп Кіркораў, прымаючы ад Аляксандра Лукашэнкі чарговую ўзнагароду.
Расійскі спявак лічыць сімвалічным, што атрымаў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі, калі «Славянскі базар» стаў адзіным музычным святам, што выжыла на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ў гэты няпросты час. «Я нарадзіўся ў СССР, і для мяне стаяць пад беларускім сцягам, прадстаўляць і абараняць гонар краіны – тое ж, што і абараняць гонар і славу сваёй краіны, Расіі. Беларусь і Расія заўсёды былі разам. Нават «Еўрабачанне» здалося і перанеслася, а Беларусь і «Славянскі базар» жыў, жыве і будзе жыць! Ганаруся дружбай з табой, Беларусь!» – заявіў Філіп Кіркораў пад апладысменты.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *