Верхнедвинские артисты и мастера завоевали дипломы «Славянского базара»

Культура

Вось і «адгудзеў» «Славянскі базар у Віцебску» – моцна, яскрава, феерычна. Зрабілі ўражанне на гасцей свята і прадстаўнікі Верхнядзвінскага раёна: нашы артысты, майстры і спартсмены вярнуліся дадому з дыпломамі.

Рамеснікі раённага Дома рамёстваў, якія з 16 па 19 ліпеня прадстаўлялі Верхнядзвінск на кірмашы «Горад майстроў», адзна-чаюць, што падчас свята набылі шмат карыснага вопыту і пазнаёміліся з вялікай колькасцю аднадумцаў. Галіна Чарнавок, напрыклад, наведала майстар-класы па лепцы з гліны і роспісу бяросты. Апошні яе асабліва зацікавіў: верагодна, майстар паспрабуе свае сілы ў новай справе. А Анжэла Макеенак прыняла ўдзел у конкурсе традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу «Фарбы нябёсаў».
Нягледзячы на тое, што людзей на кірмашы было менш за мінулыя гады – паўплывала пандэмія каранавіруса, наведвальнікаў у верхнядзвінскіх майстроў хапала. Некалькі чалавек нават зрабілі заказы: замовілі тканыя палавікі і пано з гліны.
На плошчы Свабоды адбыўся адкрыты турнір побытавых танцаў. Ад нашага раёна выступалі адразу чатыры танцавальныя пары ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 30 год: Кацярына Шалонька і Дзмітрый Руткоўскі, Анрыка Урбан і Станіслаў Чэрняк, Вікторыя Палачаніна і Міхаіл Міхайловіч, Алеся Літвінава і Антон Мінчык з харэаграфічнай групы ансамбля «Ярыца». Паказалі сябе вельмі добра – зарадзілі моцнай энергіяй і журы, і гледачоў і атрымалі дыпломы за зберажэнне і захаванне беларускай танцавальнай спадчыны.
У якасці акампануючай групы абласнога турніру выступіў народны ансамбль народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі». Гэта, безумоўна, вялікі гонар, які калектыў спаўна апраўдаў ужо на наступны дзень. «Верхнядзвінскія музыкі» атрымалі дыплом I ступені на абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…»! Калектыў у чарговы раз даказаў свой прафесіяналізм і стаў лепшым сярод дзясятка ансамбляў Віцебскай вобласці.


У дзень закрыцця фестывалю верхнядзвінцы прэзентавалі мясцовыя брэнды і запрашалі наведаць свой падворак, які прысвяцілі тэме малой радзімы. Гасцей сустракалі Спадар са Спадарыняй – Віктар і Алена Мінчанка ў аўтэнтычных верхнядзвінскіх касцюмах, пашытых майстрамі Дома рамёстваў. Прапаноўвалі пагуляць у беларускія народныя гульні і выканаць побытавыя танцы. Святочны настрой ствараў народны калектыў «Сенькавіца», беларускія стравы прыгатавалі ўдзельніцы народнага аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» Лілія Валодзіна і Надзея Станевіч. На адкрытай сцэне далі сумесныя канцэрты народныя ансамблі «Верхнядзвінскія музыкі» і «Ярыца». Паважаным госцем Верхнядзвінскага падворка стаў міністр культуры Юрый Бондар.
Цікавіліся людзі і вырабамі верхнядзвінскіх майстроў. Аўтэнтычныя рамёствы – гэта таксама брэнд! Галіна Слабада дэманстравала вязанне палавікоў кручком, Таццяна Бачарэнка – работу з саломкай. Госці ўважліва разглядалі выставу раённага Дома рамёстваў, дзе былі прадстаўлены лялькі-абярэгі Любові Марынскай, спіральнае пляценне Мікалая Баршчова, лапікавае шыццё Святланы Калеснікавай і Алены Дзямешка.
На «Чайным дворыку», які падрыхтавала загадчыца аматарскага аб’яднання «Чайная гасцёўня» Валянціна Лапатачкіна, прапаноўвалася паспрабаваць розныя віды духмянай травяной гарбаты: са скрыпня, ліпы, з цыдоніяй, глогам, мятай, шыпшынай. Усе жадаючыя маглі набыць той збор, які больш за ўсё спадабаўся, а таксама сушаныя травы, ягады і садавіну: яблыкі, рабіну, чарніцы, кветкі, ліпу, канюшыну. А «салодкую нотку» ў гэта разнатраўе дадалі 13 відаў смачнага хатняга варэння.
Госці верхнядзвінскага падворка з задавальненнем падыходзілі да «Сырнага століка», дзе сваю дамашнюю прадукцыю прадстаўлялі майстры-сыраробы Любоў Марынская, Таццяна Аўчыннікава і Надзея Маладажонава. Людзі дэгуставалі сыры і маглі ўзяць сабе буклет з рэцэптамі, па якім яны былі прыгатаваны. Такая прапанова вельмі спадабалася многім гаспадыням!
Канешне, не абыйшлося і без аднаго з галоўных брэндаў нашага раёна – прадукцыі Верхнядзвінскага масласырзавода. «Ян Сырадзел» не мае патрэбы ў прадстаўленні, шмат людзей па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі шукаюць верхнядзвінскую марку на прылаўках. І толькі ў гасцей «Славянскага базару» была ўнікальная магчымасць выйграць сыр у шашкі!
Гэта, зразумела, было не адзінае спартыўнае спаборніцтва на фестывалі. На пляцоўцы каля амфітэатра праходзіла адкрытае першынство па стрытболу – вулічнаму баскетболу з камандамі тры на тры чалавекі. Спартсмены Верхнядзвінскага масласырзавода, якія прадстаўлялі наш раён, занялі першае месца сярод 13 каманд! Перамогу прынеслі Стас Чарняк, Віктар Крупенька, Захар Макараў і Кірыл Пракапенкаў.
Як адзначыў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Багушевіч, на спаборніцтвах па баскетболу і яго відах верхнядзвінскія каманды заўсёды паказваюць добрыя вынікі. У раёне ёсць людзі – сапраўдныя «фанаты» гэтага віду спорту, якія арэндуюць залу і самастойна трэніруюцца. У цёплае надвор’е ніколі не пустуюць і стрытбольныя пляцоўкі, адну з якіх – каля стадыёна – дапамог абсталяваць Верхнядзвінскі масласырзавод.
Нашы спартсмены таксама пазмагаліся за Кубак губернатара па гіравым спорце. Ледзь-ледзь не хапіла балаў да прызавых месцаў Вячаславу Багушевічу і Уладзіміру Шамшуру.
У гэтым годзе «Славянскі базар» праляцеў быццам на адным дыханні. Усяго чатыры дні – затое якія! Насычаная праграма не давала часу сумаваць ні ўдзельнікам, ні гледачам. Прыемных успамінаў хопіць на год наперад – якраз да наступнай цёплай сустрэчы ў фестывальным Віцебску!
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *