Тэма тыдня

Тема недели

Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці.

На цырымонію  было запрошана некалькі соцень чалавек. Сярод іх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт уступіў на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка вымавіў прысягу на беларускай мове. Затым ён падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

З  асаблівым пачуццём гонару за беларусаў

Прэзідэнт адзначыў, што ўступае на пасаду з асаблівым пачуццём гонару за беларусаў, якія  прайшлі выпрабаванні на трываласць, перш за ўсё, сваіх перакананняў. “Дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта — гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай. Мы не проста выбіралі прэзідэнта краіны — мы абаранялі нашы каштоўнасці, наша мірнае жыццё, суверэнітэт і незалежнасць. І ў гэтым плане нам трэба яшчэ нямала зрабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў Беларусі “каляровая рэвалюцыя” не адбылася,  і гэта дае  магчымасць пераканацца ў тым, што беларусы ў абсалютнай большасці любяць сваю зямлю, жадаюць ёй міру, спакою і працвітання. «Нягледзячы на страшэнныя падбухторванні звонку, захавалі павагу адзін да аднаго», — дадаў ён.

Сацыяльная палітыка – візітная картка Беларусі

Прэзідэнт заўважыў, што сіла беларускай улады, залог даверу да яе заключаюцца ў тым, што нават у самыя цяжкія часы мы не адмаўляліся ад сваёй сацыяльнай палітыкі, ад сацыяльна арыентаванай дзяржавы. “Падтрымка пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, сацыяльна слабаабароненых слаёў грамадства застанецца візітнай карткай беларускага шляху пры любых абставінах і ў любых умовах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: важна, каб і моладзь захоўвала павагу да сваіх бацькоў. «У нашых дзяцей перад вачыма дастойны прыклад рацыянальнай мудрасці. Мы паказалі, што стварэнне новага магчыма толькі на базе дасягнутага», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым дзяржава не адступіць ад сістэмнага руху наперад, не адмовіцца ад стаўкі на навацыі і эфектыўную эканоміку. «Мудрыя інвестары, якія мысляць катэгорыямі трансгранічнай камерцыі, ацэняць нашы дзеянні па стварэнні прывабных умоў для бізнесу. Але ў аснове дзяржаўнай палітыкі — чалавек і наша гатоўнасць на новым якасным узроўні адказаць яго чаканням», — звярнуў увагу ён.

Будаваць новае грамадства

Сярод прыярытэтаў Прэзідэнт таксама назваў новае грамадства, якое настроена на больш актыўнае пашырэнне грамадска-палітычных ініцыятыў. «Як я ўжо гаварыў, мы вядзём работу над новай Канстытуцыяй. Трэба стварыць умовы для развіцця сапраўднай, падкрэсліваю, партыйнай сістэмы, удасканаліць выбарчае заканадаўства, адпрацаваць пытанні рэфармавання мясцовага самакіравання, што ўжо робіцца. Пры гэтым я абсалютна перакананы, што адзінай формулай выжывання Беларусі з’яўляецца моцная ўлада, вернасць курсу, падтрымка людзей, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Аснова нашага развіцця — воля народа, якая праяўляецца тут, у сваёй краіне. І мы самі без усякага знешняга ўдзелу разбяромся ў нашых праблемах, прыйдзем да згоды, забяспечым супрацоўніцтва ўсіх слаёў грамадства пры захаванні законнасці і ўзаемнай павагі».

«Усіх нас аб’ядноўвае энергія, настойлівасць і адданасць нашай любімай радзіме — незалежнай і свабоднай, мірнай і бяспечнай, добрай і адкрытай свету. За ўсімі выпрабаваннямі мы не страцілі сябе, а значыць, здольны самі будаваць тую краіну, якую любім і пра якую марым. Я зраблю ўсё для таго, каб вы ніколі не пашкадавалі, што першым Прэзідэнтам нашай Беларусі быў я», — рэзюмаваў  Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БелТА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *