Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу.
Усебеларускі народны сход павінен стаць пляцоўкай для рэальнага дыялогу па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу.
На разгляд кіраўніка дзяржавы быў вынесены нарматыўны прававы акт аб падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу і стварэнні арганізацыйнага камітэта па яго правядзенні. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўлада ў Беларусі заўсёды раілася з людзьмі пры прыняцці лёсавызначальных для краіны рашэнняў.
«Гаварыў не адзін раз і яшчэ раз хачу паўтарыць: усё будзе так (і Канстытуцыя, і пытанні будуць вырашацца), як вырашыць толькі беларускі народ. Гэта не пустыя словы. Гэта мая клятва. Я гарантую, што будзе толькі так, як вырашыць народ. Мы не будзем мышкаваннем займацца, не будзем ствараць нешта пад сябе. Як людзі вырашаць – так і будзе», – заявіў ён. Прэзідэнт лічыць, што ў будучым неабходна на канстытуцыйным узроўні замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу.
Адным з важных пытанняў маючага адбыцца сходу стане падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошнія 5 гадоў. За гэты перыяд, напрыклад, дасягнуты высокі ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу. У бягучым годзе сабраны ўраджай каля 10,5 млн т усіх збожжавых.
«Жыццё ідзе, краіна працуе, развіваецца, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Нягледзячы на ўсякія выстаўляемыя з боку (перш за ўсё нашых суседзяў) ультыматумы, у спакойным рытме працуюць прадпрыемствы, транспарт і гандаль». Дзяржава, паводле слоў Прэзідэнта, робіць неабходныя крокі, каб у далейшым так і прадаўжалася.
«Ключавой задачай, якую нам трэба паставіць перад удзельнікамі сходу, з’яўляецца выпрацоўка сучасных, эфектыўных і рэальна дзеючых механізмаў, якія дапамогуць нам вырашыць праблемы, што стрымліваюць эканамічны рост», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў важную ролю дыялогавых пляцовак, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне. Ён звярнуў увагу, што неабходна арганізаваць дыскусію не толькі на ўзроўні спецыялістаў, парламентарыяў, прадстаўнікоў дзяржструктур, але і пачуць меркаванні, прапановы працоўных калектываў, радавых грамадзян.
Прэзідэнт таксама даручыў удзяліць увагу пытанню выбрання дэлегатаў сходу. «Тут павінны быць прадстаўнікі абсалютна ўсіх слаёў грамадства, якія хочуць нешта сказаць, хочуць быць пачутымі і ўмеюць слухаць, усіх сацыяльных і прафесійных груп, грамадскіх арганізацый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Не толькі кіраўнікі, але і людзі ад станка, ад зямлі, якія непасрэдна ведаюць і адчуваюць усе праблемы простага чалавека, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Гэта павінен быць рэальны дыялог па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Няхай людзі адкрыта гавораць, абмяркоўваюць – прымем рашэнні і будзем па іх жыць».
Па матэрыялах БелТА.