У Валынцах адбылося рэгіянальнае свята «Збіраем зорны карагод»

Наш край

Ужо ў трынаццаты раз у Валынцах адбылося штогадовае рэгіянальнае свята песні «Збіраем зорны карагод».

Урачыстае адкрыццё фестывалю прайшло на ганку Валынецкага СДК – спрыяла гэтаму і добрае восеньскае надвор’е. Разам з вядучым Эдуардам Вайніловічам прысутных вітала дырэктар раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці С.Д. Канавальчанка. Яна павіншавала творчыя калектывы са святам і падзякавала гасціннай гаспадыні Валынецкага СДК – Ларысе Вайніловіч.
За трынаццаць год фестываль паспеў абзавесціся сваімі ўнікальнымі традыцыямі. Адна з іх – вялікі карагод вакол кола, які адкрывае кожнае свята і аб’ядноўвае ўсе творчыя калектывы. Не змянілі традыцыі і ў гэты раз: удзельнікі сталі ў вялікае кола, узялі ў рукі стужкі і закружылі ў «зорным караго-дзе», пасля чаго прайшлі ў Дом культуры праз «ручаёк», які стварылі роставыя лялькі разам з валынецкім вакальным гуртом «Спадчына».


Усяго ў рэгіянальным свяце песні «Збіраем зорны карагод» прынялі ўдзел 11 калектываў: народны вакальны гурт «Дзвінскія напевы» Бігосаўскага СДК, вакальны гурт «Девчата» Дзёрнавіцкага клуба-бібліятэкі, вакальны гурт народнага клуба «Ветэран» РЦКіНТ, вакальны гурт «Натхненне» Запруддзеўскага СДК, творчыя калектывы Сар’янскага і Антонаўскага СДК, Сакалоўшчынскага клуба-бібліятэкі, вакальны гурт «Спадчына» Валынецкага СДК і госці з Полаччыны – народны вакальны ансамбль Азінскага СДК «Белая чайка» пад кіраўніцтвам Віктара Малых. На жаль, у гэтым годзе з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі не змаглі прыехаць артысты з краін-суседак, якія заўсёды прымалі ўдзел у фестывалі, але гэта не перашкодзіла правесці свята на належным узроўні: шчыра, музычна, яскрава.
У фае Валынецкага СДК працаваў «Кірмаш дабра» тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Прадставілі свае вырабы майстры раённага Дома рамёстваў. Выстава фотаздымкаў «Музыка нас звязала» давала магчымасць успомніць, якімі былі папярэднія 12 «зорных» фестываляў. Для маленькіх гасцей свята працавалі атракцыёны.
А ў танцавальнай зале разгарнулася тэатралізавана-музычная пляцоўка «Восеньскі цуд». Святочны настрой задавалі Ніна Міхайлаўна Кулагіна – галоўная валынецкая прыпевачніца – і гарманіст Леў Мікалаевіч Новікаў. З дапамогай вясёлых прыпевак – а часам і падтанцовак – артысты прэзентавалі восеньскія кампазіцыі з кветак і гародніны. У ролі вядучых – Гаспадыні і Пляменніцы – выступілі Аксана Ахламёнак і Арына Дзенісёнак.
Затым удзельнікаў і гасцей чакала галоўная частка фестывалю – канцэрт «Наша свята песнямі багата». Артысты падрыхтаваі цудоўную праграму: спявалі, танцавалі, кожным нумарам натхнялі і стваралі ў зале непаўторную атмасферу творчасці. Гледачы шчыра апладзіравалі – напэўна, кожны змог знайсці нешта блізкае ў песнях, што прагучалі са сцэны. Вечныя тэмы шчасця, кахання, любові да Радзімы нікога не пакінулі абыякавымі.
Напрыканцы вядучы падзя-каваў арганізатарам свята: загадчыцы метадычнага аддзела Л.Я. Зыкінай, гукарэжысёру В.А. Касарэўскаму, інжынеру гукаў змацняльнай апаратуры У.Б. Літвінаву. Асобная падзяка спонсарам фестывалю – дырэктару ААТ «Прудзінкі» В.А. Красніку і дырэктару ААТ «Антонава-Агра» А.Л. Шацёру. Удзельнікам і гасцям XIII рэгіянальнага свята песні «Збіраем зорны карагод» дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай тврчасці Святлана Дзмітрыеўна Канавальчанка ўручыла дыпломы і запэўніла: іх заўсёды чакаюць на гасціннай валынецкай сцэне.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *