Адпачываем с «Расіцай»

Актуально Наш край

Адзін са спосабаў пазнаёміцца з той ці іншай краінай – ацаніць яе «на смак». І беларусам ёсць што прапанаваць нават самаму прыдзірліваму госцю.

На чарговых вячорках удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання кухні, фальклору і гульні «Расіца» вырашылі ўспомніць традыцыйныя кулінарныя рэцэпты беларускай кухні і падзяліцца сакрэтамі прыгатавання страў.
А напачатку ўзгадалі гіс-торыю нацыянальнай кухні: якія стравы спажывалі продкі, як яны называліся і як іх гатавалі, у якіх абрадах ужывалі.
Самабытныя беларускія стравы, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, сведчаць аб рацыянальнасці і разнастайнасці харчавання беларусаў. І хаця на сваіх падворках сяляне трымалі кароў, свіней, авечак, коз, свойскую птушку, мясныя стравы гатавалі, у асноўным, на святы. Саланіну, каўбасы, вяндліну захоўвалі да цяжкіх сельскагаспадарчых работ – сенакосу, жніва. Штодзённа ўжывалі пераважна вегетарыянскія стравы – з агародніны, зернебабовых культур, малочных прадуктаў, насення лёну і канапель, сушаных грыбоў, ягад, садавіны, мёду.
Сучасная беларуская кухня адрозніваецца ад старажытнай. Але кулінарныя прыхільнасці беларусаў, асабліва на вёсцы, захоўваюць нацыянальную самабытнасць. Гаспадыні яшчэ памятаюць бабуліны рэцэпты разнастайных полівак, запяканак, бліноў, аладак. Нельга ўявіць абед без чорнага хлеба. А бульба не сыходзіць са стала беларусаў круглы год. Існуе неверагодная колькасць варыянтаў яе прыгатавання: бульбу вараць, тушаць, смажаць, запякаюць, фаршыруюць. З яе гатуюць супы і салаты, піражкі і хрушчы. Асабліва смачная бульба ў спалучэнні з грыбамі і свінінай. Ні з чым не параўнаць стравы з сырой дранай бульбы – бабкі, бліны, дранікі, клёцкі.
Доказам шчодрасці беларусаў сталі разнастайныя стравы, прыгатаваныя ўдзельніцамі сустрэчы. Спачатку было вырашана правесці конкурс на лепшую сервіроўку стала. А потым не толькі паставіць на яго сваю страву, але і даць ёй «рэкламу». Пафантазіравалі і на тэму, як маглі б інакш называцца беларускія «калдуны».
Падчас вячорак гучалі пры-пеўкі, прыказкі, прымаўкі і загадкі аб стравах. Узгадалі і ўрывак з рамана ў вершах «Родныя дзеці», які прысвечаны нацыянальным беларускім стравам.
Сустрэча працягвалася пачастункам са шчодрага беларускага стала, падчас якога жанчыны дзяліліся сакрэтамі прыгатавання любімых беларускіх прысмакаў. Яны прапануюць прыгатаваць іх і чытачам газеты.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *