Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання прайшла 26 мая ў Авальнай зале Дома ўрада. Кіраўнік дзяржавы выступіў з заявай, пасля чаго адбылася дыскусія па шырокім коле пытанняў.
Нядобразычліўцы Беларусі перайшлі да этапу ўдушэння
Нядобразычліўцы Беларусі перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання.
«Як мы і прагназавалі, нашы нядобразычліўцы звонку, ды і ўнутры краіны, змянілі метады атакі на дзяржаву. Яны пераступілі мноства чырвоных ліній, перайшлі межы разважлівасці і чалавечай маралі. Гэта ўжо не інфармацыйная вайна, гэта гібрыдная сучасная вайна. Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Вайну светапоглядаў мы, напэўна, выйгралі. Прыняўшы самыя жорсткія меры, мы ў зародку падавілі хвалю неанацызму, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Яны хочуць рэвізіі менавіта цяпер. Іх памылковыя перакананні ў вяршэнстве права нічога не вартыя на фоне спроб апраўдаць нацызм і перапісаць гісторыю. Але наша сіла ў праўдзе, а іх, з вашага дазволу, праўда – у сіле».
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы як нацыя дараслі да таго, каб бачыць карані нацыянальнай самасвядомасці. «Яна расце з Вялікай Перамогі, калі наш народ процістаяў генацыду. Цяпер мы сур’ёзна ўзяліся за гэту тэму і расследуем, нічога не ўтойваем, прадстаўляючы народу вінаватых. Мы не будзем больш саромецца, як гэта было ў перыяд Савецкага Саюза. Мы адкрыем усё, што тут адбывалася, – сказаў кіраўнік дзяржавы».
Аб інцыдэнце з самалётам Афіны-Вільнюс
Прэзідэнт адзначыў, што ў выпадку з рэйсам Афіны-Вільнюс сігнал аб мініраванні самалёта быў атрыманы з-за мяжы – са Швейцарыі. Прытым паведамленне паступіла ў аэрапорты Афін, Вільнюса і Мінска адначасова. Беларускі бок аператыўна давёў інфармацыю да экіпажа самалёта ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі. «Таму што ў гэты час самалёт перасек граніцу Беларусі і знаходзіўся ў нашай паветранай прасторы. У экіпажа быў час, каб прыняць рашэнне. У нас у паветры пад пагрозай знаходзіліся 123 пасажыры з розных краін і 6 членаў экіпажа. У раёне палётаў размешчана БелАЭС. Паблізу ад яе і адбыўся разварот гэтага самалёта. А калі б раптам… Нам што, мала Чарнобыля? А як бы ў такой сітуацыі рэагавалі ЗША з улікам свайго сумнага вопыту?» – задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
«Мы дзейнічалі ў строгай адпаведнасці з авіяцыйнымі правіламі бяспекі. Гэта прызнаюць спецыялісты і эксперты. Але рашэнне прымалі не мы. Па ўсіх правілах і інструкцыях рашэнне прымае камандзір экіпажа, і мы прапанавалі дапамогу».
У той жа час кіраўнік дзяржавы назваў нелагічнымі дзеянні пілотаў, якія пасля раздумванняў і сазвонаў усё ж такі вырашылі сесці ў Мінску, да Вільнюса ж заставалася ўсяго 70 кіламетраў. Беларускі бок, паводле яго слоў, ужо не чакаў, што самалёт вырашыць вярнуцца. «А цяпер галоўнае пытанне: чаму ніхто не захацеў прыняць самалёт? Ні Вільнюс, куды ён ляцеў, ні Варшава, ні Львоў або Кіеў, калі мы паведамілі пра ўзрыўчатку. Чаму тыя, хто цяпер пакутуе і рыдае, не прынялі гэты самалёт? Спалохаліся адказнасці? Або камусьці вельмі трэба было, каб ён прызямліўся менавіта ў Мінску?» – спытаў Прэзідэнт.
Сярод пасажыраў авіярэйса аказаўся аб’яўлены ў міжнародны вышук Раман Пратасевіч. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Акрамя таго, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.
Прэзідэнт нагадаў: даўно папярэджваў апанентаў, у тым ліку збеглых, што за свае злачынствы кожны адкажа ў адпаведнасці з законам. «Мы вас ведаем у твар. Ваша адказнасць перад беларускім народам – справа часу, – адзначыў ён. – Паверце, які б націск ні быў на нас, з тэрарыстамі мы будзем размаўляць на той жа мове, на якой з імі размаўляюць ва ўсім свеце».
Няма сэнсу хістаць Беларусь
«Мы павінны захаваць сваю краіну і перадаць сваім дзецям у нармальным стане. Мы не можам перадаваць праблемы дзецям і ўнукам, мы іх павінны вырашыць. Таму што час выбраў нас. Мы апынуліся на перадавой новай не халоднай, ужо ледзяной вайны. І выстаяць можа тая дзяржава, якая не паддасца гібрыднаму націску, – сказаў беларускі лідар. – Наш моцны бок – шчырасць, сумленнасць і прыстойнасць. Але яны ж і наша слабае месца, якое яны выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах. Але звяртаюся да ўсёй сусветнай супольнасці: няма сэнсу хістаць Беларусь!» – падкрэсліў беларускі лідар.
«Мы ўжо даўно аправіліся ад усіх шокаў, стараемся развівацца, набылі імунітэт ад узрушэнняў. Вуліца ўжо немагчыма, таму што людзі зразумелі яе сутнасць. Наша свядомасць толькі ўмацавалася апошнім часам. Пачуццё ўласнай годнасці беларускага народа не дазволіць тэрарыстам і экстрэмістам маніпуляваць намі, – упэўнены кіраўнік дзяржавы. – Эмоцыі сёння ўлягліся, людзі разабраліся ў тым, што адбываецца. З’явіліся патрыятычныя арганізацыі (яны і былі, прачнуліся, можна сказаць), па-сапраўднаму зубатыя СМІ і журналісты. Прытым пачалі працаваць не толькі на дзяржаўным тэлебачанні, але і ў інтэрнэце, і працаваць паспяхова. Для ўсіх праяснілася дзяржаўная пазіцыя. Выступілі наперад нацыянальныя каштоўнасці, якія затым замацаваліся і ў заканадаўстве».
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што з’явілася прынцыповасць пазіцыі беларускага народа па шэрагу пытанняў, зацягнуліся брэшы бяспекі, узмацнілася абароненасць тых катэгорый, ад каго залежаць стабільнасць і развіццё. Акрамя таго, аднаўляецца эканоміка, растуць рэальныя зарплаты, пенсіі. «Не так хутка, як нам хацелася б, але інакш і быць не магло пасля ашалелых у свеце людзей у сувязі з гэтай пандэміяй. Але запомніце: жыць надгаладзь, як гэта было ў 90-я, мы ніколі не бу-дзем», – падкрэсліў беларускі лідар.
На карысць нашых людзей
Прэзідэнт закрануў работу Канстытуцыйнай камісіі, якая ўлічвае ўсе канструктыўныя прапановы дыялогавых пляцовак, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных і навучальных калектываў. «Рэферэндум па новай Канстытуцыі павінен прайсці на найвышэйшым узроўні, адкрыта, дэмакратычна, каб не было да чаго нават падкапацца. У гэтым заключаецца залог легітымнасці будучай Канстытуцыі, па якой будзе жыць наступнае пакаленне, а можа, і не адно», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што трэба будзе падрэдагаваць выбарчую сістэму, але такім чынам, каб гэта было на карысць нашых людзей, краіны. «У любым працэсе трэба бачыць свой народ», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Работа на месцах з грамадствам – найважнейшы напрамак дзейнасці дэпутатаў усіх узроўняў, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. – За кожным з вас стаяць дзясяткі тысяч грамадзян. Задача дэпутата – адчуваць іх запатрабаванні і настроі, улічваць іх прапановы ў законах, што распрацоўваюцца, пры неабходнасці праяўляць заканадаўчую ініцыятыву, зыходзячы з запатрабаванняў грамадства. І самае галоўнае, дэпутаты, сенатары, вы павінны стаць рупарам незалежнай, суверэннай і цывілізаванай дзяржавы. Людзям трэба несці праўду».
Прэзідэнт таксама падкрэсліў: «Мы не можам дапусціць расколу грамадства па любой прыкмеце – нацыянальнай, рэлігійнай. Нам трэба пашыраць магчымасці для самарэалізацыі патрыятычна настроеных актыўных грамадзян».
Па матэрыялах БелТА.