Што паглядзець у ваколiцах Нурава i Луначарскага?
Востраў Баторыя. Паміж Дзісной і Луначарскім, на месцы зліцця дзвюх рэк раскінуўся вялізны востраў. У XI стагоддзі там знаходзілася ўмацаванае паселішча пад назвай «Капец-гарадок» (ад слова «капаць»). Пасля яно разрасцецца, «перакінецца» на супрацьлеглы бераг і ператворыцца ў вядомы нам горад Дзісну, першы ўспамін пра які адносіцца да 1461 г.. У 1563 годзе Стэфан Баторый пабудаваў на месцы старога замка на востраве новы – Дзісненскі. На жаль, ён не вытрымаў шматлікіх войнаў, зараз ад былога ўмацавання захаваліся толькі валы.
Паромная пераправа да Дзісны. На ўчастку паміж Луначарскім і Дзісной аутамабільная траса перасякае раку, аднак замест маста тут дзейнічае канатная паромная пераправа: ад аднаго берага да другога паром падцягваецца на канатах з дапамогай трактарнага рухавіка. Пераправа працуе адзін раз у гадзіну; а раніцай, калі людзі спяшаюцца на работу, – два разы.
Рэшткі млына. Непадалёк ад Луначарска-га дома-інтэрната працякае ручай, знайсці яго лёгка па прыкметнай архітэктурнай форме – драўлянаму ветраку. А на берагах ручая можна заўважыць рэшткі старога каменнага падмурка панскага млына.
Фігура са старой вярбы. Праязджаючы па Цэнтральнай вуліцы аг. Нурава немагчыма не звярнуць увагу на незвычайную драўляную скульптуру: два чалавекі, хлопец і дзяўчына, трымаюцца за рукі. У чым жа яе незвычайнасць? Фігуру выразалі з камля старой вярбы, якая была пасаджана пры жыцці спявачкі Вяльцавай – у пачатку ХХ стагоддзя! Раней такіх архітэктурных формаў было больш, але да нашага часу засталася толькі адна.
Будынкі канца XIX – пачатку XX стст. У Нураве і Луначарскім захавалася некалькі старых будынкаў, якія «бачылі» яшчэ паноў-уладароў гэтых мясцін. Напрыклад, у сучаснай нураўскай сталоўцы раней жыў упраўляючы панскага маёнтка. Засталася ў аграгарадку і яго былая канюшня – у далейшым драўляны будынак быў абкладзены цэглай, там знаходзіўся інтэрнат.
Стаянкі першых людзей. Самыя дапытлівыя турысты могуць пашукаць у лясах Нураўскага края стаянкі першабытных людзей, іх у гэтых мясцінах дзве. Першая – паселішча Замошша I эпохі мезаліту, якое датуецца 7-м тысячагоддзем да н.э. і знаходзіцца на першай надпоймавай тэрасе правага берага Заходняй Дзвіны, на паўночны захад ад вёскі Замошша. Другая – гарадзішча перыяду Жалезнага веку ў лесе ў 2,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Барсукі.