Верхнядзвінск у юбілей прадэманстраваў свае дасягненні

Общество

Маштабнымі мерапрыемствамі адзначыў Верхнядзвінск свой 635-гадовы юбілей.

Гэта знамянальная дата нездарма супадае з галоўным святам беларускай дзяржаўнасці і гадавінай вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – жыццё Верхнядзвінска непарыўна звязана з лёсам роднай Беларусі.

Ад сівых стагоддзяў да імклівай сучаснасці Прыдзвінскі край змагаўся за свабоду і незалежнасць, за магчымасць жыць і стваральна працаваць пад мірным небам. Зруйнаваны ў гады вайны, ператвораны ў суцэльнае папялішча, згубіўшы кожнага другога свайго жыхара, ён выстаяў і адрадзіўся да жыцця. Кожны з верхнядзвінцаў адчувае прыналежнасць да гэтай вялікай сям’і, дзе памятаюць свае карані, шануюць подзвіг вызваліцеляў, умеюць працаваць і адпачываць, любяць парадак і прыгажосць. І да свайго 635-гадовага юбілею Верхнядзвінск прыйшоў з набыткамі, якімі можна ганарыцца.

 

Галоўная заваёва, якую маем і шануем – мір на роднай зямлі. Нездарма ўсе ўрачыстасці ў нас пачынаюцца ля помнікаў воінам-вызваліцелям у гарадскім скверы. Святкаванне юбілею горада адкрыў мітынг, прысвечаны 77-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гонар падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь быў прадастаўлены ветэрану Вялікай Айчыннай вайны У.У. Дашчонку і ваеннаму камісару раёна Д.У. Мілінчуку.
Звяртаючыся да землякоў і гасцей горада, старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Шылаў нагадаў, што ў гады вайны верхнядзвінская зямля згубіла звыш 20 тысяч сваіх жыхароў, фашыстамі была поўнасцю знішчана народная гаспадарка Дрысенскага і Асвейскага раёнаў, спалена 426 населеных пунктаў. 1110 дзён і начэй доўжылася барацьба з захопнікамі, на якую ўзняўся ўвесь народ.

Вызваленне раёна пачалося 30 чэрвеня 1944 года ў ходзе Полацкай аперацыі. Воіны І і ІІ Прыбалтыйскага франтоў мужна змагаліся за кожную пядзю зямлі – 3000 чалавек засталіся ў ёй назаўсёды.
12 ліпеня быў вызвалены Верхнядзвінск, 17-га – Асвея і Бігосава.
Кіраўнік раёна запэўніў, што ўдзячнасць за Перамогу і памяць аб подзвігу вызваліцеляў будуць жыць вечна і перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Удзельнікі мітынга ўшанавалі памяць герояў вайны мінутай маўчання і ўсклалі кветкі да помнікаў вызваліцелям.
Шчымлівы і пранікнёны настрой мерапрыемства падкрэслівалі тэатралізаваныя кампазіцыі Браслаўскага народнага тэатра мініяцюр «Покер» , якія пераносілі гледачоў у суровае мінулае.

У падарожжа па святочнаму гораду гасцей запрашалі каларытныя Старэйшына і Летапісец. Ля раённага краязнаўчага музея гучаў расказ аб гісторыі нашага горада, першае летапіснае ўпамінанне аб якім адносіцца да 1386 года. Размешчаны на сутоку рэк Заходняя Дзвіна і Дрыса, знаходзячыся на памежжы дзяржаў, горад выкарыстоўваўся ў якасці ўмацавання ў барацьбе з захопнікамі і станавіўся арэнай шматлікіх бітваў, самай жорсткай з якіх была Вялікая Айчынная вайна. Вялікую ролю адыгрывала гэта мясціна ў якасці гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», і пасля – як цэнтр развіцця гандлю і рамёстваў. Адметна, што ва ўсе часы тут жылі працавітыя і моцныя людзі, якія нязменна ўздымалі зямлю з руінаў пасля войнаў і дасягалі яе росквіту ў мірныя дні. Асабліва прыгожым і багатым на здабыткі стаў Верхнядзвінск у апошнія дзесяцігоддзі. Гэта пацвярджалі выставачныя рады і багатая святочная праграма юбілейнага горада.

Вядома, што галоўнай галіной раёна з’яўляецца сельская гаспадарка, і першымі хлебам-соллю гасцей сустракалі аграрыі. Багаты сельскі дворык з самабытнымі ўпрыгожваннямі, выставай караваяў, дэманстрацыяй сельскагаспадарчай тэхнікі нагадваў аб вялікай працы людзей, на якіх трымаецца наша зямля.
У гэта свята яго арганізатары прапанавалі прадпрыемствам і ўстановам аформіць экспазіцыі на тэму «Часоў былых і новых повязь». І працоўныя калектывы прадэманстравалі, як развівалася вытворчасць і ўсе сферы раённага жыцця на працягу доўгіх гадоў. Уражвае, як далёка рушылі тэхналогіі ў вядучых прадпрыемстваў раёна – масласырзавода, ААТ «Інвет», лясгаса, райаграсервісу, сувязі, іншых калектываў. Сёння прадукцыя верхнядзвінскіх вытворцаў, якую дэманстравалі на выставах-прэзентацыях, вядомая далёка за межамі раёна.
Сучасныя абсталяванне і формы абслугоўвання прыйшлі ў арганізацыі сацыяльнага накірунку: адукацыю, медыцыну, культуру, спорт. Аб гэтым расказвалі цікавыя экспазіцыі устаноў гэтай сферы.

А паглыбіцца ў гісторыю развіцця раёна, нагадаць яго лепшых працаўнікоў, пазнаёміцца з іх дасягеннямі госці свята маглі ў архіўных матэрыялах газет і фотаздымках на выставе рэдакцыі раённай газеты «Дзвінская праўда».
Асаблівую ўвагу гасцей прыцягвалі падвор’і сельсаветаў «Малая радзіма». Кожны з іх паказаў адметныя рысы сваёй мясціны, яе асаблівасці і знакамітых людзей. Сельсаветы прадставілі брэнды і традыцыі свайго краю, яго таленавітых майстроў і іх работы, выступленні лепшых мастацкіх калектываў.
Верхнядзвінск – горад творцаў і майстроў. Гэта асабліва адчувалася на свяце, дзе на кожным кроку ўражвалі незвычайныя выставы, экспазіцыі і майстар-класы. Аўтары пастараліся, каб яны яскрава расказвалі аб гісторыі горада і яго асаблівасцях. Цікавымі атрымаліся выставы гербаў раёна, малюнкаў і піянерскай сімволікі Верхнядзвінскага цэнтра дзяцей і моладзі, народных інструментаў – дзіцячай школы мастацтваў, прэзентацыя абярэгаў – майстроў Дома рамёстваў, архіўных матэрыялаў – раённага музея, фотавыстава «Роднага горада рысы» – раённай бібліятэкі, спартыўнай атрыбутыкі розных гадоў – сектара па спорту і турызму. Працавалі «Кірмаш дабра» і майстар-клас ТЦСАН. Шмат наведвальнікаў збіралі выставы прыватных калекцыянераў. А пачаставацца беларускімі стравамі можна было у майстрыц клуба народнай кухні «Расіца».

З любоўю і пашанай расказва-лі верхнядзвінцы аб гісторыі і сённяшнім дні раёна на ўрачыстым мерапрыемстве «З днём нараджэння, Верхнядзвінск!». Падчас тэатралізаванага прадстаўлення гледачы гарталі старонкі летапісу горада-юбіляра.
Віншуючы землякоў са святам, старшыня райвыканкама В.М. Шылаў адзначыў, што ўсе дасягненні Верхнядзінска – вынік намаганняў людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Працоўныя здабыткі шасці землякоў адзначаны званнямі Герояў Сацыялістычнай Працы, 17 чалавек прызнаны заслужанымі работнікамі Беларусі, звыш 400 узнагароджаны ордэнамі. Сумеснымі намаганнямі год ад году мы робім свой край багацей і прыгажэй. Кіраўнік нагадаў вялікія змены, якія адбыліся тут падчас правядзення абласных «Дажынак» і падрыхтоўкі да 635-гадовага юбілею. Верхнядзвінск сёння – гэта сучасны горад з эфектыўнай вытворчасцю, дастойнай інфраструктурай, камфортным жыллём і прывабнымі аб’ектамі добраўпарадкавання.
Васіль Мікалаевіч заклікаў верхнядзвінцаў і далей захоўваць і прымнажаць дасягнутае, а для гэтага неабходна аб’яднацца, жыць у згодзе, як у вялікай сям’і, дзейнічаць дружна і стваральна.
На Верхнядзвіншчыне нямала людзей, якія праслаўляюць яе працоўнымі дасягненнямі, моцнымі сем’ямі, грамадскімі заслугамі. Па традыцыі ў Дзень горада землякі ўшаноўваюць тых, хто дасягнуў адметных вынікаў у справах на карысць роднаму краю.

Цырымонію ўзнагароджвання адкрывала намінацыя «Ганаровы грамадзянін Верхнядзвінскага раёна». Гэтага звання ўдастойваюцца заслужаныя яго жыхары – такі тытул носяць 13 чалавек, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё раёна. На свяце аб’яўлена аб прысваенні ганаровага звання за шматгадовую плённую працу настаўніку матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Верхнядзвінска» Ліліі Аляк-сандраўне Міронавай і галоўнаму рэдактару ўстановы «Рэдакцыя газеты «Дзвінская праўда» Верхнядзвінскага раёна» Яні-не Станіславаўне Пакульневіч.
Дружнымі апладысментамі сустракалі землякі лаўрэатаў намінацыі «Вернасць прафесіі» – людзей, якія больш 50 гадоў працуюць у абранай галіне. Глыбокую павагу за адданасць справе заслужылі работніца Верхнядзвінскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства З.П. Місюк, настаўнікі СШ№2 Л.А. Міронава і Л.І. Дзевяковіч, Верхнядзвінскай гімназіі Л.А. Якаўлева, ляснічы Ігналінскага лясніцтва Верхнядзвінскага лясгаса П.І. Пятрэнка, намеснік начальніка ветстанцыі Д.І. Барысёнак, слесар ААТ «Інвет» С.А. Спірыдзёнак.

Асобым гонарам Верхнядзвіншчыны з’яўляюцца працоўныя дынастыі. Найбольш іх у калектыве ААТ «Шайцерава», дзе шануюць традыцыі сямейнай справы. Звыш 82 гадоў складае агульны стаж працоўнай дынастыі Салаўёвых і Шыманскіх, 70 – Родзік, амаль 60 – Сівоха і Маеўскіх, 58 – Петуховых.
Віншуючы лаўрэатаў намінацый за працоўныя заслугі, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел адзначыла, што на лепшых працаўніках трымаецца дабрабыт нашага краю.
Назвалі на свяце і заслужаных людзей нашай зямлі – доўгажыхароў. Доўга і плённа жыць – таксама талент. Самай старэйшай жыхаркай раёна з’яўляецца Параскева Антонаўна Грабоўская з Бігосава, якой споўнілася 104 гады. Стогадовы жыццёвы рубеж адолелі Алена Рыгораўна Корсак з Дзёрнавіцкага сельсавета, Вольга Ільінічна Шурпакова з Боркавіч і Надзея Ільінічна Царыкава са Смулькава.
Па традыцыі на Дні горада вітаюць самых юных яго жыхароў, якія нарадзіліся напярэдадні свята Незалежнасці. Сёлета старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Тойранен уручыла падарункі сем’ям Панцялей і Касарэўскіх, дзе з’явіліся на свет немаўляты. А таксама павіншавала маму і тату Наталлю і Міхаіла Клім і іх дачку Маргарыту – дзяўчынка нарадзілася 3 ліпеня дзесяць гадоў назад і сёлета святкуе свой першы юбілей.
Сямейных юбіляраў віншавала начальнік аддзела ЗАГС Алена Карценка. Залатое вяселле ў гэтым годзе адзначаюць Генадзь і Зінаіда Сінкевічы, сярэбранае – Сяргей і Алена Коўзель, Аляксей і Таццяна Крыштопенка, Генадзь і Раіса Патрэмайла. Для герояў намінацыі прагучаў традыцыйны вясельны вальс.
Былі ўзнагароджаны таксама працоўныя калектывы, якія сустракаюць свята высокімі дасягненнямі і ўнеслі вялікі ўклад у яго развіццё і добраўпарадкаванне, пераможцы шматлікіх творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, іншых намінацый.


Святкаванне юбілею працягвалася паказальнымі выступленнямі супрацоўнікаў МЧС і Полацкага пагранатрада, вялікімі святочнымі канцэртамі, спартыўнымі турнірамі, гульнёвымі і танцавальна-забаў-ляльнымі праграмамі, палётамі на верталёце. Працавалі майстар-класы, творчыя выставы, атракцыёны, палявая кухня, вулічныя кафэ і гандлёвыя рады.
А завяршылася свята рэспубліканскай акцыяй «Спяём гімн разам» і феерверкам.
С. Дзвінская.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *