Традыцыйныя ўрачыстасці памяці благаслаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча адбыліся ў Росіцы.
Ні пандэмія каранавірусу, ні складаныя ўмовы надвор’я не стрымалі соцень вернікаў, якія прыбылі ў Росіцу, каб пакланіцца благаслаўлёным мучанікам Юрыю і Антонію, папрасіць іх аб заступніцтве ў розных патрэбах. Тут асаблівым чынам адчуваецца Божая моц, падтрымка і сіла, якія дае вера.
Малітоўная праграма ўра-чыстасцяў працягваецца два дні, але найбольш уражлівай яе часткай з’яўляецца Святая Імша, якая адбываецца апоўначы. Службу разам з прысутнымі святарамі правёў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У святочнай Лі-тургіі прыняў удзел Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай царквы архімандрыт Сяргей Гаек.
Біскуп Алег Буткевіч прывітаў ўсіх, хто прыбыў у Росіцу: святароў, законных сясцёр, пілігрымаў, якія сабраліся ў гэтым месцы з усіх куткоў Беларусі. Вернікі прыязджалі на аўтобусах, некаторыя здейснілі асабістую пешую пілігрымку.
– Благаслаўлёныя Юрый і Антоній прыкладам сваёй адданасці, мужнасці ў веры прыцягваюць нас у гэта святое месца, – сказаў іерарх. – Праз росіцкіх святароў людзі напрыканцы свайго зямнога жыцця адчувалі прысутнасць Бога. І гэта давала ім сілы, моц і веру ў тое, што жыццё не заканчваецца пасля смерці.
Падчас прамовы да вернікаў біскуп разважаў на тэму прысутнасці Бога ў жыцці чалавека.
Айцец Вадзім Мізер зачытаў словы духоўнай еднасці ад правінцыяла ордэна айцоў марыянаў айца Тамаша Навачыка, які з-за пандэміі і закрытых межаў не змог прыбыць у Росіцу. Айцец Вадзім падзякаваў усім святарам і пілігрымам, якія кожны па-свойму «захварэлі» Росіцай, гэтым духам, які заўсёды сюды вабіць. Ён адзначыў: «Няхай гэты «росіцкі вірус» ніколі не знікае з вашага арганізма. Прыязджайце, прыходзьце сюды і няхай Бог вам бласлаўляе».
Пасля Імшы працэсія рушыла на месца мучаніцкай смерці росіцкіх ахвяр.
Каля крыжа біскуп Алег звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай: «Напэўна нельга быць цалкам вольным ад страху, гэта быў бы чалавек псіхічна хворы, каб не адчуваў страху. Гэта натуральнае пачуццё, але дзеля таго дадзены чалавеку дух, каб панаваць над пачуццямі і эмоцыямі, а таксама і над страхам. Вось менавіта ў гэтым нам дапамагае вера. Прысутнасць Бога ў нашым жыцці дае нам адвагу ў шматлікіх складаных жыццёвых сітуацыях», – адзначыў іерарх.
У знак памяці аб нявінна загінуўшых ахвярах каля крыжа, усталяванага на месцы мучаніцкай смерці, вернікі паставілі сотні запаленых знічак.
Ларыса Зайцава.
Фота аўтара.