Абмеркаваны ход сельскагаспадарчых работ

Тема недели

5 кастрычніка сабраў нараду аб ходзе сельскагаспадарчых работ у краіне.

Праблемы, якія патрабуюць увагі
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш як тыдзень таму даручаў ураду сумесна з аблвыканкамамі актывізаваць работу ў аграпрамысловым комплексе і перш за ўсё павялічыць тэмпы сяўбы азімых. «Гэта пытанне нумар адзін. Яго адкладваць нельга, таму што азімыя позна сеяць нельга – яны проста загінуць. Я прасіў працаваць не проста светлавы дзень, але там, дзе гэта магчыма, – ноччу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што з-за неспрыяльных умоў надвор’я запаволіліся тэмпы ўборкі іншых сельскагаспадарчых культур. Неабходна якасна ўбраць кукурузу, у першую чаргу на зерне, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Гэта дасць магчымасць кампенсаваць дэфіцыт збожжавых. Прадаўжаюцца работы і па ўборцы яравога рапсу.
«Гэта значыць, работ непачаты край. Я яшчэ не сказаў пра бульбу, цукровыя буракі, пладовыя, ягаднікі і гэтак далей. Таму была аб’яўлена, можна сказаць, трывога. І я хацеў бы сёння пачуць даклады аб канкрэтных выніках праведзенай работы», – сказаў Прэзідэнт.
Папярэднія вынікі ўборкі збожжавых культур у асноўным падведзены. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што тут ніякіх праблем не было: заказ выкананы. «Што непакоіць сёння: як, чым будзем карміць у зімова-стойлавы перыяд жывёлу? Накормім – будзе мяса, малако. Дрэнна накормім – менш будзе мяса, малака, карова выйдзе з зімоўкі аслабленай. Ведаеце наступствы».
«Трэба па-гаспадарску распарадзіцца атрыманым ураджаем, вырабіць і выгадна прадаць прадукцыю ва ўмовах гістарычна высокіх цэн на сусветным рынку харчавання», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пацікавіўся, што тармозіць завяршэнне работ на асенняй сяўбе і нарыхтоўцы сіласных кармоў, якія пытанні засталіся нявырашанымі, што яшчэ дадаткова патрэбна аграрыям.
«Размова аб завяршэнні сяўбы сёння не ідзе. Я спадзяюся, што да канца дня ў вас будзе 90 працэнтаў і тыя хвасты, якія ў вас застануцца, вы ліквідуеце на працягу аднаго-двух дзён. Але далей цягнуць з азімай сяўбой нельга, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Вельмі прашу захоўваць тэхналагічную дысцыпліну. І наогул без дысцыпліны нікуды. Таму адсюль мае жорсткія патрабаванні», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Перасцярога ад перабояў з пастаўкамі цукру
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нядаўна з’явіліся паведамленні аб перабоях з пастаўкамі цукру ў магазіны. Гэтай інфармацыі Прэзідэнт здзівіўся. «З чаго раптам? Запасы на складах велізарныя, і перапрацоўку пачалі. І раптам нешта там абвалілася. Глядзіце, мужыкі, яшчэ раз абваліцца – гэты абвал будзе ад гандлёвых сетак да ўрада», – папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
«Я разумею, калі нейкае няшчасце і чагосьці не хапае. Бачыце, «не паспелі завезці, лагістыка падвяла». Гэта што, у Вялікабрытаніі? Дзе вадзіцеляў не хапае, каб паліва завезці на запраўку. Дык я не Джонсан (прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан. – Заўвага БЕЛТА), я ж ведаю, адкуль ногі растуць. Таму глядзіце, каб у нас ні па цэнаўтварэнні, ні па пастаўках у магазіны для насельніцтва не было перабояў з таварамі», – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Замацаваць яблыневыя сады за ўніверсітэтамі і школамі
«У нас школьнікі ўжо нават у вёсцы не ведаюць, што такое зямля, глеба. Яны ўжо не ўмеюць працаваць. А раней у кожнага былі падсобныя гаспадаркі, у кожнай школе. І дзеці нарыхтоўвалі сабе на ўсю зіму да наступнага ўраджаю і моркву, і буракі, і капусту – тое, што трэба да стала», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
За ўніверсітэтамі і школамі маглі быць замацаваны сады з пладовымі культурамі, сказаў кіраўнік дзяржавы. «Гектараў 15-20. І яны ўбяруць гэта. Мы забудзем, што такое польскі яблык: сваіх яблыкаў будзе дастаткова. Элементарна, здаецца, але не робім», – канстатаваў Прэзідэнт.
Расходы кансалідаванага бюджэту
на АПК
Расходы кансалідаванага бюджэту на АПК у 2021 годзе склалі больш за Br2 млрд. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб ходзе сельскагаспадарчых работ у краіне.
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у бягучым годзе ўрад захаваў аб’ёмы льготнага крэдытавання для арганізацый аграпрамысловага комплексу, дадаткова былі прадастаўлены крэдыты на закупкі збожжа. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту прафінансавана закупка 50 збожжаўборачных і 50 кормаўборачных камбайнаў. Усяго прадпрыемствы закупілі ў гэтым годзе 460 камбайнаў, больш за 650 трактароў і 2,5 тыс. адзінак іншай тэхнікі.
«Расходы кансалідаванага бюджэту на АПК у гэтым годзе склалі больш за Br2 млрд з ростам у 1,4 раза ў параўнанні з 2020 годам», – сказаў Аляксандр Субоцін.
Беларусь экспартавала прадукцыі
на $4,1 млрд
Беларусь за студзень – жнівень экспартавала прадукцыі на $4,1 млрд. Аб гэтым расказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко.
Іван Крупко адзначыў, што цяпер у краіне прадаўжаецца ўборка бульбы і агародніны. У мінулым годзе Беларусь экспартавала 650 тыс. т гэтай прадукцыі. У гэтым годзе пастаўкі захаваюцца прыблізна на такім жа ўзроўні.
У прыватнасці, паводле слоў міністра, на 40 працэнтаў выраслі пастаўкі прадуктаў харчавання ва Украіну. На рынак Еўрапейскага саюза Беларусь таксама стала адгружаць на 40 працэнтаў больш прадукцыі. Напалавіну павялічыліся пастаўкі ў Кітай.
Па інфармацыі БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *