«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Евангелле ад Лукі 2,15).
Божае Нараджэнне ў чарговы раз напаўняе сусвет урачыстым спевам і адгукаецца святочным рэхам у нашых сэрцах. Ужо не толькі анёлы, але і кожны хрысціянін узносяць малітву падзякі за цуд нараджэння Божага Сына. Бог стаўся чалавекам, каб чалавек мог стаць усыноўленным дзіцём Божым. «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Евангелле ад Яна 1,14).
Велічнасць і пакора, з якімі Усемагутны Бог аб’явіў сябе грэшнаму чалавеку, з’яўляюцца вялікай таямніцай нашай веры. Але дакрануцца да гэтай таямніцы можа кожны, хто з даверам адкрые сваё сэрца на любоў Міласэрнага Айца. Асабліва проста гэта атрымоўваецца ў дзяцей, якія, як чыстыя анёлы, не заплямілі сябе грахамі гэтага свету. Нездарма Хрыстос кажа, што той, хто хоча ўвайсці ў Нябеснае Валадарства, павінен мець чыстае сэрца і дзіцячы давер да Бога.
Свята Божага Нараджэння – гэта магчымасць адчуць прысутнасць неба ўжо на зямлі. Тая радасць і той супакой, якіх прагне кожны з нас, асаблівым чынам адчуваюцца ў гэтыя святочныя дні. Хрыстос нараджаецца ў нашых сэрцах, калі мы разам са сваімі роднымі і блізкімі збіраемся за святочным вігілійным сталом, калі молімся, чытаем Евангелле і дзелімся аплаткам, калі ідзем на святочную Імшу Пастэрку. У калядны вечар кожная сям’я становіцца маленькім Бэтлеемам, у якім адбываецца цуд уцелаўлення Божай Любові.
Няхай кожны чалавек добрай волі, так як бэтлеемскія пастушкі, пачуе радасную вестку аб Божым Нараджэнні. Няхай так, як Найсвяцейшая Дзева Марыя, дазволіць Богу дакрануцца да свайго сэрца і перамяніць яго сваёй любоўю. Няхай так, як Мудрацы з Усходу, даверыцца пуцяводнай зорцы і прыйдзе пакланіцца Божаму Сыну. Няхай кожнага з нас Бог адорыць сваім благаслаўленнем і спашле супакой і радасць у нашыя сэрцы, нашыя сем’і і нашую Айчыну.
Расклад святых Імшаў на святы Божага Нараджэння:
Пятніца (24.12) – Вігілія Божага Нара-джэння – 22.30.
Субота (25.12) – урачыстасць Нараджэння Пана – 10.00.
Нядзеля (26.12) – свята Святой Сям’і – 10.00.
З каляднымі віншаваннямі,
кс. Аляксандр, а. Аляксандр і а. Чэслаў.