Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду на тэму рэалізацыі гістарычнай палітыкі.

Пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды
Год гістарычнай памяці, якім у Беларусі аб’яўлены 2022-і, пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна сістэматызаваць гістарычныя даследаванні, мемарыяльныя комплексы, вызначыць на перспектыву даты, падзеі, асобы, якія трэба ўвекавечыць, унесці карэктывы ў работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі з апорай на факты гераічных подзвігаў продкаў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: у Беларусі спынялі любую праяву рэваншызму, нацыяналізму, шавінізму і іншых ідэй, якія дыскрымінуюць гісторыю, культуру і іншыя народы. У краіне таксама не вялі войнаў памяці ў мэтах умацавання сваёй дзяржаўнасці, стараліся не закрануць нацыянальныя пачуцці тых, з кім некалі жылі ў адзіных дзяржавах. «А прычын у беларусаў дастаткова», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Гістарычная палітыка – фактар нацыянальнай бяспекі Беларусі
«Мы павінны прызнаць, што старонкі айчыннай гісторыі ператварыліся ў інфармацыйнае поле бою. І здарылася гэта не цяпер. Сёння гістарычная палітыка з’яўляецца для нас стратэгіяй самазахавання ва ўмовах глабальнага перадзелу сфер уплыву ў свеце. Гэта фактар нацыянальнай бяспекі», – падкрэсліў беларускі лідар.
«Я хачу, каб вы, навуковыя дзеячы, палітолагі, эксперты, мяне правільна разумелі. Сваю гісторыю мы перапісваць не павінны, і мы гэта рабіць не будзем. Прынамсі, пры цяперашнім Прэзідэнце. Але і не будзем больш замоўчваць канкрэтныя факты. Менавіта факты. Нават калі яны закранаюць нечыя амбіцыі або нацыянальныя пачуцці. Як у выпадку са злачынствамі беларускіх, а таксама польскіх, літоўскіх, украінскіх калабарацыяністаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Недапушчальна толькі крытычна глядзець на савецкую спадчыну, сціпла замоўчваючы дасягненні і перамогі эпохі. І я лічу, што як мінімум несправядліва прыхарошваць іншыя гістарычныя перыяды, не надаючы значэння фактам зняваг і дыскрымінацыі беларусаў».
Ацэнка гістарычных перыядаў павінна быць адэкватнай
«Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашай зямлі, як Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку», – адзначыў Прэзідэнт.
«Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай – акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў. А што гэта было для нашых продкаў? – задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. – Родная мова, культура, вера пад забаронай. Нельга было нават быць чалавекам. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і больш таго – захаваў сваю самабытнасць».
«А вазьміце Вялікае Княства Літоўскае. Сучасныя літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але што там было літоўскага? Мова – наша, на ёй жа напісана і Канстытуцыя – Статут. Галоўная вера – праваслаўе. Тэрыторыя – у асноўным беларуская, украінская, часткова рускія землі. Народ на 80 працэнтаў – наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці», – падкрэсліў беларускі лідар.
Разам з гэтым Прэзідэнт заклікаў не забываць і аб дасягненнях савецкага перыяду: «Давайце не будзем забываць, што як нацыя мы канчаткова сфарміраваліся менавіта ў савецкі час. Менавіта тады пачалася гісторыя беларускай дзяржавы. Па-сапраўднаму».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння беларускі народ прадаўжае пісаць сваю гісторыю. «Нам трэба перайсці на новы этап, як гавораць эксперты, пачаць вызначаць і фарміраваць сэнсы ў галіне нацыянальна-гістарычнага развіцця беларускага народа і дзяржавы. Мы павінны папярэджваць новыя выклікі і пагрозы ў сферы нацыянальнай памяці. Трэба вызначыць стратэгію і тактыку работы ў гэтай галіне. Інакш мы, нашы дзеці зноў паўторым чорныя дні гісторыі, калі былі вымушаны жыць пад прыгнётам чужых гаспадароў на сваёй зямлі. Як я гавару, пад бізуном», – сказаў Прэзідэнт.
Аб палітызацыі гісторыі ў 90-я гады
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што некаторыя суседзі Беларусі выбудоўвалі ўласную гістарычную палітыку, фарміравалі інстытуты і праграмы. Пры гэтым сваю канцэпцыю гістарычных падзей яны падстройвалі пад зусім канкрэтныя палітычныя мэты, пад партыі, асобных палітыкаў і гэтак далей. «Для адных, як я ўжо гаварыў, Беларусь – гэта плацдарм для кідка на Расію. Другія пакутуюць ад фантомнага болю – усе шукаюць тут свае гістарычныя землі. І першым, і другім суверэнная Беларусь і беларускі народ не патрэбны», – падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на гэтыя мэты былі кінуты немалыя сродкі: «Яшчэ ў 90-я, калі пачаўся перыяд ашалелай палітызацыі гісторыі. Яе перавярнулі з ног на галаву. Грамадства раскалолі. Мы былі за крок ад страты нацыянальнай дзяржаўнасці».
«Вынікі такога «патрыятычнага» выхавання мы назіралі і ў 2020-м. Але няма ліха без дабра. Дзякуючы гэтым падзеям цяпер усе ведаюць сапраўдную гісторыю сімвала акупацыі роднай зямлі і здрадніцтва беларускага народа».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Дрэнна тое, што ў гэтым выпадку нам давялося рэагаваць на падзеі, а павінны былі апярэджваць гэтыя падзеі».
Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *