Як калядуюць у нашым краі?

Актуально Наш край

Каляды – чыстае, чароўнае і цёплае сямейнае свята з багатай гісторыяй, карані якога сыходзяць далёка ў мінулае. У гэты час цесна пераплятаюцца народныя і хрысціянскія традыцыі, а сэрцы людзей адчыняюцца для святла і дабрыні.

У Сенькаўскім клубе-бібліятэцы не толькі памятаюць і беражліва захоўваюць калядныя традыцыі, але і паспяхова ўжываюць іх на практыцы. Кожны год дарослыя і дзеці пераапранаюцца ў пярэстыя касцюмы жывёл і міфічных персанажаў, пасля чаго ўсе ра-зам ідуць калядаваць. Шумны і вясёлы натоўп калядоўшчыкаў шпацыруе па зімовых вулачках і віншуе аднавяскоўцаў са светлым святам, спяваючы абрадавыя песні. Сенькаўцы сустракаюць іх добразычліва і гасцінна: запрашаюць у хату ды, як належыць, шчодра частуюць рознымі прысмакамі, за што калядоўшчыкі ад усяго сэрца жадаюць ім шчасця, багацця, здароўя, сямейнага ладу. Нашы продкі верылі, што ад гэтага абраду залежыць, наколькі добрым і ўраджайным будзе надыходзячы год.
Сабраўшы поўныя торбы смачных падарункаў, калядоў-шчыкі вяртаюцца ў клуб, дзе іх чакаюць Гаспадар з Гаспадыняй. Ужо накрыты вялікі стол, за якім свабодна рассядуцца ўсе ўдзельнікі свята. Пад белым абрусам абавязкова расцярушана духмянае сена – гэта напамін пра яслі, куды адразу пасля нараджэння быў пакладзены Ісус Хрыстос. Сімваламі дабрабыту служаць грошы і зерне, а для вячэры прыгатавана куцця – ячменная каша з мёдам, галоўная калядная страва. Першую лыжку Гаспадыня нясе да вакна, заклікаючы: «Мароз, Мароз! Хадзі куццю есці! Каб ты летам не марозіў нашай расады і ўсяго таго, што Бог судзіць нам пасадзіць ды пасеяць». Другую лыжку Гаспадыня дае Гаспадару, трэцяй частуецца сама, а астатнюю кашу дзеліць паміж гасцямі.
Час ляціць незаўважна за гарачай гарбатай са смачнымі пачастункамі, якія калядоўшчыкі сабралі падчас «вандроўкі» па вёсцы. Артысты Сенькаўскага клуба-бібліятэкі праводзяць беларускія народныя гульні «Падушачка», «Полька-елка», «У Гаруна», «Сусед і суседка»; разам з гасцямі развучваюць і танцуюць розныя танцы: «Польку», «Польку-матылька», «Падыспань», «Свеціць месяц», «Кракавяк», «Верабей». А некаторыя людзі, асабліва моладзь, нават спрабуюць варажыць – «з прыгаворам» ці «на кісялі». Нашы продкі лічылі, што на працягу Святак, аж да самага Вадохрышча, ёсць шанец даведацца пра свой лёс.
Напрыканцы свята сярод гасцей разыгрываюцца сувеніры – прыемны напамін пра цудоўны Калядны вечар у цёплай кампаніі.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *