У Верхнядзвінску адкрылася выстава праекта «Рамесная карусель»

Актуально Культура

У Цэнтры культуры і народнай творчасці адкрылася выстава работ удзельнікаў маштабнага праекта «Рамесная карусель», запушчанага ў канцы 2020 года полацкім народным клубам аматараў лапікавага шыцця «Рошва».

Пярэстая экспазіцыя размясцілася ў выставачнай зале РЦКіНТ. Упершыню яна была паказана ў віцебскай бібліятэцы імя Леніна падчас «Славянскага базару», пасля чаго адправілася «вандраваць» па Беларусі – і вось дайшла чарга да Верхнядзвінска. На адкрыцці выставы прысутнічала кіраўнік клуба «Рошва» і арганізатар праекта «Рамесная карусель» Н.І. Ярмух, майстры раённага Дома рамёстваў і народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў.
Падзякаваўшы арганізатарам выставы за прасторную залу, а калегам – за гасціннасць, Ніна Іосіфаўна падрабязна расказала прысутным пра ідэю «Рамеснай каруселі». У Беларусі такі праект запушчаны ўпершыню, аналагаў яму яшчэ не было. Аднак у далёкім 2006-м клуб «Рошва» прымаў удзел у падобнай творчай «гульне», якую арганізавалі майстры з Даніі. Плённае міжнароднае супрацоўніцтва падаравала шмат эмоцый і неаценны вопыт, і вось праз 15 гадоў удалося запусціць беларускую «Рамесную карусель».
– Восенню 2020 года я прапанавала аматарам лапікавага шыцця такую цікавую гульню, – гаворыць Ніна Іосіфаўна. – Поўная яе назва гучыць як «Творчы раунд. Рамесная карусель». У аснову пакладзена так званая сістэма «раунд робін». Гэта дастаткова складаны тэрмін, калі патлумачыць у двух словах – кругавая парука. Па аналогіі з круглымі сталамі, калі кожны ўдзельнік – галоўны.


Спачатку амбіцыёзную задумку падтрымалі толькі пяць чалавек: занадта гэта складана – укласціся ў зададзены памер, падабрать колер тканіны і захаваць агульную сэнсавую карціну. Аднак ужо праз тыдзень колькасць удзельнікаў павялічылася да сямі, праз два – да пятнаццаці, а пад канец першага этапа ў «каруселі» было дваццаць пяць майстроў з усёй рэспублікі!
«Гульцы» атрымалі аднолькавае заданне: пашыць работу пэўнага памеру на краязнаўчую тэматыку і адправіць яе па пошце іншаму выпадкова абранаму ўдзельніку, які павінен будзе дадаць акантоўку з квадратных лапікаў, наступны – з трохвугольных і гэтак далей. Атрымалася, што кожнае пано шылі пяць чалавек і яшчэ некалькі дапрацоўвалі: падбіралі падшэўкі, рабілі праслойкі, прашывалі.
«Карусель» круцілася каля паўгода. За гэты час 25 таленавітых майстроў з 20 га-радоў Беларусі стварылі 26 уні-кальных лапікавых пано, кожнае з якіх пераносіць у нейкі значны для аўтара куточак нашай прыгожай Радзімы. Мінск, Магілёў, Маладзечна, Полацк – выстава ад-праўляе гледачоў у сапраўднае падарожжа па рэспубліцы. Прасякнуцца аўтарскай ідэяй і пазнаёміцца з беларускімі славутасцямі дапамогуць тэксты з апісаннем, якія змешчаны каля кожнага пано. Тут жа можна знайці і спіс майстроў, якія стваралі работу на кожным з пяці этапаў.
Ад Верхнядзвінскага раёна ўдзел у праекце прынялі С.Г. Калеснікава і А.В. Савіцкая, дапамагала ім А.М. Дзямешка. Майстры адправілі ў «карусель» тры «цэнтральныя» работы і дапоўнілі яшчэ 15! Святлана Генадзеўна Калеснікава ў сваіх двух вырабах адлюстравала Юсціянаўскі дуб і Заходнюю Дзвіну, запрашаючы разам з ёй палюбавацца цудоўнымі краявідамі верхнядвінскай прыроды.
– Зараз лапікавае шыццё амаль што не выкарыстоўваецца ў побыце – няма неабходнасці, затое колькі эмоцый выклікаюць такія вырабы! – расказвае майстрыца. – Я да гэтага часу з цеплынёй успамінаю бабуліну коўдру ў сініх танах. Вельмі хацела яе паўтарыць – і паўтарыла, але, нават умеючы шыць, не ўяўляла, якая гэта складаная праца. У мяне спачатку нічога не атрымлівалася. Я шыла сукенкі, штаны, а «квадрацікі» не магла! Паціху спрабавала, вучылася. І гэты праект таксама падараваў новы вопыт, было карысна пазнаёміцца з майстрамі розных узроўняў, паглядзець на іх работы.
Дзякуючы майстэрству Алы Вітальеўны Савіцкай са шматкоў тканіны «нарадзіўся» палаючы Росіцкі касцёл, гэта работа – сваеасаблівы экскурс у трагічнае мінулае Верхнядзвіншчыны. Адмет-на, што адкрыццё выставы прайшло 15 лютага, як раз напярэдадні гадавіны Асвейскай трагедыі.
– Неверагодна, як па адным толькі апісанні нашы калегі з іншых гарадоў змаглі прачуць атмасферу гэтага месца, – падзялілася ўражаннямі Алена Міхайлаўна Дзямешка. – Гатовая работа выглядае менавіта так, як мы ўяўлялі, сваё ўвасабленне ў тканіне знайшлі і чырвоны касцёл, і зялёныя алеі з сажалкамі, і рачулка непадалёк ад храма.
На памяць пра Верхнядзвін-скую зямлю мясцовыя майстры ўручылі Ніне Ярмух падарункі. Яны запэўнілі: супрацоўніцтва з полацкімі калегамі, несумненна, будзе працягвацца. А вынік вялікай работы, зробленай за паўгода «Рамеснай каруселі», працягне радаваць вока верхнядзвінцаў у выставачнай зале РЦКіНТ, пакуль не прыйдзе час адпраўляцца ў наступны горад.
Алёна МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *