Першымі ў раёне яравую сяўбу пачалі хлебаробы ААТ «Прудзінкі». З 479 гектараў зерневых і зернебабовых на ўчарашнюю раніцу пасеяна 263.
– Вясна сёлета поўная сюрпрызаў: уначы – замаразкі, удзень слупкі тэрмометраў узнімаюцца да 12 градусаў цяпла, – акрэслівае сітуацыю галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Курыкша. – Таму інтэнсіўнасць работ узрастае. Аднак ёсць усе ўмовы, каб правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны. Своечасова адрамантавана тэхніка, арганізавана выязная брыгада па яе рамонце, у складзе якой пастаянна дзяжураць токар, два зваршчыкі і слесар.
Элітгас «Прудзінкі» забяспечвае якасным насенным матэрыялам не толькі сябе, але і паспяхова рэалізуе яго гаспадаркам Верхнядзвінскага, Полацкага, Мёрскага, Глыбоцкага і Віцебскага раёнаў. Наперабой ідзе насенне ячменю «Рэйдэр» і яравой пшаніцы «Дар’я».
– Паступова пераарыентуемся на азімы клін. З ухілам развіцця малочнай жывёлагадоўлі робім стаўку на бялковыя культуры, – адзначае Віктар Уладзіміравіч. – Азімыя зерневыя занялі 1380 гектараў і добра перазімавалі. А вось з 485 гектараў рапсу амаль палову прыйдзецца аднаўляць.
Прудзінкаўцы прыступілі да сяўбы ячменю, аддаўшы перавагу праверанаму «Рэйдэру». У гэтым годзе апрабуюць і новы гатунак яравой пшаніцы «Вестачка-17» – насенне ўжо дастаўлена з РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» г. Жодзіна.
Каб укласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, сяўба вядзецца выбарачна. Зараз галоўнае – захаваць вільгаць у глебе, яе ў гэтым годзе вельмі мала. Таму ў першую чаргу засяваюцца палі з «лёгкай» пясчанай глебай. На яе апрацоўцы задзейнічаны Анатоль Лапкоўскі, Віктар Маркевіч, Віктар Зубрыцкі і Аляксей Скарабагатаў. Сяўбу вядуць Аляксандр Рымша, Міхаіл Смірноў і Алег Жойдзь. Насенне падвозяць і загружаюць Аляксандр Ганчарэнка і Сяргей Даніловіч. Да сваіх абавязкаў аграрыі ставяцца адказна, таму што ведаюць: чым раней пасеяна збожжа, тым багацей будзе ўраджай.
Працуюць у палях з 6 гадзін раніцы і да 20 вечара. Паралельна займаюцца ўнясеннем мінеральных і арганічных угнаенняў, вядуць падкормку азімых. На гэтых работах заняты Барыс Ананчанка, Мікалай Булаўскі, Віктар Лемешаў, Раман Ганчарэнка. Падкормку азімых на «Роса» вядзе Аляксандр Байкоў, падвозіць угнаенні Сяргей Лашчонак. Механізатары забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем.
Галоўнае цяпер, каб надвор’е не падвяло!
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.