Засеўкі ў раёне далі старт пасяўной кампаніі

Актуально Жизнь сельских Советов

У аграрыяў гарачая пара – пачалася сяўба. Гэта не проста выхад у поле, для хлебаробаў пасяўная кампанія – своеасаблівы пачатак сельскагаспадарчага года. Таму пачынаюць яго верхнядзвінцы традыцыйным беларускім народным абрадам «Засеўкі».
Пачатак сяўбы на гэты раз паклалі ў КУВСГП «Дрысенскі». На свежаўзараным полі каля вёскі Росіца сабраліся ўдзельнікі працоўнага рытуалу – старшыня райваканкама Васіль Шылаў, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Гарбуль, кіраўнікі і спецыялісты розных ведамстваў, службаў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, мясцовыя культработнікі, святар, каб разам папрасіць у Госпада і зямлі-матухны прыдатнага надвор’я, спорнай работы і добрага настрою.
З пачаткам сяўбы ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня райвыканкама Васіль Шылаў. Ён адзначыў, што экзамен на трываласць, у якім важны кожны пагодлівы дзень, пачаўся. Аграрыям давядзецца прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць работы ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны.


– Пачатку работ нішто не перашкаджае. Палі падрыхтаваны з восені, унесены арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, – зазначыў Васіль Шылаў. – Самае галоўнае цяпер – «злавіць» тую вільгаць, якая ёсць у глебе. Па плану сёлета трэба пасеяць 16437 гектараў яравых культур. Каб правесці сяўбу з захаваннем усіх рэгламентаў і тэхналогій, падрыхтаваны тэхніка, якаснае насенне, а галоўнае, ёсць працавітыя і адказныя людзі. Верхнядзвінскія хлебаробы маюць рэальную магчымасць атрымаць сёлета важкія намалоты.
Васіль Мікалаевіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што росіцкая зямля, на якой літаральна кожны сантыметр напітаны крывёю ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, абрана для правядзення важнага абраду ў Год гістарычнай памяці невыпадкова. Гэта даніна памяці тым, хто адстаяў для нас права жыць у міры, гадаваць дзяцей і сеяць хлеб.


Аб тэхналагічных патрабаваннях да вырошчвання яравых культур нагадала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела вытворчасці сельскагаспадарчых культур Наталля Кароткая. У прыватнасці, яна адзначыла галоўныя ўмовы добрага ўраджаю. І гэта не толькі наяўнасць угнаенняў, як прывыклі лічыць агранамічныя службы гаспадарак – яны складаюць толькі 24-28% поспеху. Каб атрымаць не менш 40 цэнтнераў з гектара, неабходна засяродзіць увагу на якасці і тэрмінах сяўбы, правільных папярэдніках сельскагаспадарчых раслін, якаснай падрыхтоўцы глебы і насення, своечасовай апрацоўцы ядахімікатамі ад захворванняў, шкоднікаў і пустазелля.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Леанід Мандрык павіншаваў прысутных з самым важным перыядам сельскагаспадарчага года і расказаў, як арганізаваны работы па правядзенні яравой сяўбы ў сельгаспрадпрыемстве.


– Першым выходзіць у поле заўсёды хвалююча, – сказаў Леанід Адамавіч. – Але ў сваіх сілах мы ўпэўнены. У нас ёсць усё, каб пасеяць якасна і ў тэрмін: вопытныя механізатары, вадзіцелі, спецыялісты. Прыходзіць працаваць перспектыўная моладзь. Тэхніка добра падрыхтавана, няма асаблівых праблем з мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі, насеннем, палівам. Яравы клін сёлета складае 1200 гектараў, з іх 500 адведзены пад яравыя зерневыя. Падчас сяўбы будуць задзейнічаны пяць сеялак. Каб спрасціць веснавыя работы, шчыра папрацавалі восенню. Узнялі зябліва на плошчы 1200 гектараў і адразу ўносілі арганічныя ўганенні. Пасеялі 1200 га азімых зерневых і 407 – рапсу. Культуры нядрэнна перазімавалі, зараз вядзецца іх падкормка.
Святар Сар’янскага храма Успення Найсвяцейшай Багародзіцы Васіль Стрэха ўзнёс малітву, каб Бог дараваў добрае надвор’е, сілы і здароўе хлебаробам, захаваў палеткі ад непагадзі. Ён асвяціў насенне і зямлю, благаславіў кіраўніцтва раёна і працаўнікоў вёскі на добрую справу. Першымі мяшочкі з асвячоным зернем па чарзе бралі аграномы, каб унесці свой уклад у пачатак пасяўных работ.


Старадаўні абрад засевак пачаўся з карагода. Затым на роўныя і моцныя ўсходы кіраўнік раёна Васіль Шылаў закапаў у зямлю ахвяру для Маці-Зямлі – хлеб, варанае яйка і грамічную свечку, а затым пасеяў асвечанае збожжа. Яго намеснік Аляксей Гарбуль на добрае і спрыяльнае надвор’е рассыпаў яшчэ цёплыя вугельчыкі па зямлі і заліў іх крынічнай вадой. А галоўны аграном СП «Дрысенскі» Яўген Мароз, як гаспадар поля, у якога напярэдадні засевак у сям’і здарыўся важкі прыбытак – нарадзілася дачка, – загнаў у зямлю сякеру, каб не сапсавала ўраджай пустазеллем.
І вось па старадаўняй традыцыі сейбіты накіраваліся ў поле. Прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і сельгаспрадпрыемстваў пасеялі зерне ва свежаўзараную глебу. Упершыню гэту важную і спрадвеку мужчынскую справу даверылі дырэктару СП «Лявонішана» Жанне Тарлецкай – адзінай жанчыне-кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства ў раёне.
Васіль Шылаў павіншаваў прысутных з самым важным часам года – пачаткам работ, якія забяспечваюць жыццё на зямлі. Затым удзельнікам засевак былі ўручаны духмяныя караваі ўраджаю 2021 года.
Падчас правядзення старадаўняга абраду для гасцей гучалі народныя песні ў выкананні артыстаў Сар’янскага СДК. Вяла мерапрыемства яго кіраўнік Алена Мінчанка.
Пасяўная ў гаспадарках раёна ўзяла старт – жадаем сельскім працаўнікам здароўя і добрага ўраджаю!
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *