Дзяржава для народа – Аляксандр Лукашэнка назваў галоўныя напрамкі дзейнасці органаў улады

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 чэрвеня прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел амаль 700 чалавек. У іх ліку — вышэйшыя службовыя асобы, а таксама асобы, якія займаюць кіруючыя пасады ў дзяржорганах і арганізацыях.

Напярэдадні, 9 чэрвеня, у рамках семінара-нарады адбыліся пасяджэнні ў шасці секцыях, у час якіх абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў па тэме актуалізацыі метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні.

Галоўны стандарт – сацыяльная справядлівасць

Дзяржава для народа — гэта сучасная суверэнная палітыка Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, як бы ні было цяжка, у розныя перыяды беларускай гісторыі ў краіне заўсёды вытрымлівалі ўстаноўленыя стандарты жыцця чалавека: сацыяльную справядлівасць у грамадстве, роўныя правы і магчымасці ўсіх грамадзян, нацыянальныя, культурныя каштоўнасці і традыцыйны ўклад жыцця.

«Усё гэта і ёсць праграма развіцця нашай дзяржавы. І давайце будзем шчырыя: прыходзячы на выбарчыя ўчасткі, ці гэта парламенцкія выбары, ці выбары ў мясцовыя Саветы, рэферэндумы, народ перш за ўсё галасуе за палітычны курс», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ля руля – людзі ад зямлі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ў Беларусі мэтанакіравана ўмацоўваюць вертыкаль улады знізу, максімальна набліжаючы яе да людзей.

«У нашай краіне, гэтым можна ганарыцца, чыноўніцкі апарат не з’яўляецца «небажыхарамі». Гаворачы простай мовай, ля руля знаходзяцца не алігархі, не патомныя правіцелі, а людзі, якіх вылучае на пасады само жыццё. І вылучае са сваёй гушчы, з народа», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўсе яны ў роўных умовах атрымліваюць адукацыю, рухаюцца па кар’ернай лесвіцы, ствараюць сем’і, гадуюць, выхоўваюць і вучаць дзяцей. «І адпавядаюць галоўнаму патрабаванню: за плячыма ў кожнага сур’ёзны вопыт практычнай работы і веданне жыцця. Як гаворыцца, ад зямлі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму і пытанні, з якімі ідуць беларусы на прыём да таго ці іншага начальніка, як правіла, яму блізкія і зразумелыя. Больш таго, людзі павінны быць пачуты, а праблемы зняты».

Эфектыўна працаваць з насельніцтвам

«Вы ведаеце, што эфектыўная работа з насельніцтвам — гэта індыкатар прафпрыдатнасці кіраўніцтва і вобласці, і раёна, і асобна ўзятага прадпрыемства. А скаргі — гэта паказчык нашых недапрацовак. У ідэале іх наогул быць не павінна. Вядома, такі вынік — са сферы фантастыкі, але нам трэба да яго імкнуцца. Гэта што датычыцца работы са зваротамі грамадзян», — сказаў Прэзідэнт.

Не менш значным напрамкам у дзейнасці дзяржслужачых Аляксандр Лукашэнка назваў і інфармацыйна-камунікацыйную работу. «Мы разумеем, наколькі сёння важна максімальна і разумна выкарыстоўваць магчымасці ў тым ліку і лічбавых рэсурсаў, выбудоўваць узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. Бачым, як імгненна разлятаецца інфармацыя, часам самыя відавочныя фэйкі, што стварае аснову для сацыяльных узрываў. Бачым, як важна своечасова рэагаваць на ўкіды, растлумачваць прынятыя рашэнні людзям, а таксама ўключаць іх у працэс кіравання, адэкватна рэагаваць на стваральныя ініцыятывы, якія ідуць ад народа», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён падкрэсліў, што і грамадзяне павінны быць больш адказнымі, уносіць свой уклад у развіццё. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што  немагчыма жыць, як у Швейцарыі, а працаваць спусціўшы рукавы. “Плаціць мінімум падаткаў або наогул не плаціць і мець каласальны ўзровень сацыяльнай падтрымкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Так, вядома, дзяржава павінна абараніць мір і парадак, прадастаўляць рабочыя месцы, адукацыю, медыцынскую дапамогу, магчымасць рэалізаваць сябе ў навуцы, творчасці, спорце і гэтак далей. Скажыце, а што, у нас у Беларусі не хапае нечага для таго, каб сябе рэалізаваць у гэтых аспектах? Але ёсць пытанні, якія людзі могуць і павінны падзяліць з дзяржавай».

Самае простае, паводле слоў Прэзідэнта, — ствараць утульнасць і прыгажосць сваімі рукамі і для сябе, берагчы чысціню ў сваіх дамах, дварах і на вуліцах.

Бачыць ініцыятывы грамадзян

«Магчыма, мы, упраўленцы, часам не бачым ініцыятыў насельніцтва, не ўмеем іх убудоўваць у працэс дзяржаўнага будаўніцтва, не даём магчымасці людзям адчуць сваё дачыненне, быць карыснымі. А запатрабаванне ж ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаў, што ўлады, як і грамадскія аб’яднанні з прафсаюзамі, у нейкі момант прагледзелі гэта запатрабаванне ад насельніцтва. На гэтай ніве з’явіліся розныя маргінальныя арганізацыі.

«Прывабілі людзей знешне нібыта высакароднымі ідэямі, якія ў патрэбны момант набылі палітычную афарбоўку. Мы гэта бачылі ў 2020-м. І яны, ахопленыя імкненнем дапамагаць маючым патрэбу, берагчы прыроду, абараняць братоў нашых меншых, сталі заложнікамі ангажыраваных Захадам дэструктыўных сіл.

На яго думку, гэта адбылося з-за патурання ўлад на ўсіх узроўнях.

«Калі б дэпутаты ўсіх узроўняў, у тым ліку і сельскіх Саветаў, у свой час убачылі актыўнасць людзей, змаглі выбудаваць з імі ўзаемадзеянне, то ўжо тады, у перыяд актыўнай фазы інфармацыйнай атакі на Беларусь, мы мелі б апору ў выглядзе сацыяльна адказнай грамадзянскай супольнасці”.

Гаворачы аб прававым статусе грамадзянскай супольнасці, які будзе прапісаны ў адпаведным законе, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яна павінна быць арыентавана на дыялог з уладай і адназначную прыхільнасць да традыцый беларускага народа.

Чыноўнікі павінны быць першакрыніцай  навін

«Колькі разоў гаварылі, што людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вырашаеце праблемы, што плануеце і гэтак далей. Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прыгадаў пра свой вопыт работы на кіруючых пасадах рознага ўзроўню і важнае правіла, засвоенае з той пары, — трэба абавязкова размаўляць з людзьмі. «Ёсць шмат у нашым грамадстве людзей, якія проста хочуць з табой пагаварыць. Яны, можа, і скардзіцца потым не будуць, і крыўдзіцца не будуць, калі ты не вырашыш іх праблем. З людзьмі трэба размаўляць і не баяцца ісці да іх, — параіў беларускі лідар. — А ці шмат у нас старшынь райвыканкамаў, дэпутатаў, гатовых выйсці на публіку, выступіць, адказаць на нязручныя пытанні?»

Прэзідэнт нагадаў аб паспяховым вопыце правядзення дыялогавых пляцовак у перыяд абмеркавання паправак у Канстытуцыю і выказаў упэўненасць, што такія формы публічных абмеркаванняў неабходна часцей практыкаваць і ў далейшым. І арганізаваць гэту работу павінны перш за ўсё ідэолагі.

У якасці пазітыўнага моманту кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мясцовыя ўлады навучыліся працаваць у тандэме з рэгіянальнымі журналістамі. «Але гэта не азначае, што раённым газетам трэба ператварыцца ў трыбуну або Дошку гонару старшыні выканкама. Яны павінны быць цікавыя чытачам і даваць уяўленне аб жыцці не толькі рэгіёна і райвыканкама, але і краіны ў цэлым, — арыентаваў беларускі лідар.

«І галоўнае, уся работа па інфармацыйным суправаджэнні дзеянняў мясцовай улады павінна весціся так, каб людзі разумелі, што яны не адны ў сваіх праблемах, што мы іх чуем», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ураўнаваць сацыяльныя стандарты ў горадзе і ў вёсцы

Важнейшая задача бягучай пяцігодкі — ураўнаваць сацыяльныя стандарты для гарадской і сельскай мясцовасці, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Гэта датычыцца не толькі паслуг сувязі, але і якасці і ахопу транспартнымі зносінамі, медыцынскім абслугоўваннем, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У сталіцы яны на парадак вышэйшыя, чым у любым раённым цэнтры або аграгарадку. А менавіта ў вёсцы фарміруецца наша харчовая і, калі хочаце, дэмаграфічная бяспека. Там аснова развіцця краіны».

Своечасовае вырашэнне пытання забеспячэння сацыяльных стандартаў зніме многія скаргі і звароты. «Такі падыход павінен забяспечвацца па ўсіх напрамках», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб рабоце службы 115: ветліва размаўляюць, але пытанні эфектыўней

 ЖКГ: бязладнага стаўлення быць не павінна

Беларускі лідар пракаменціраваў работу сферы ЖКГ, на якую паступае найбольшая колькасць скаргаў.  «Вал зваротаў па пытаннях ЖКГ звязаны з хранічнымі праблемамі ў гэтай сферы: няякаснае аказанне паслуг, неабгрунтаванае завышэнне аб’ёмаў затрат, парушэнне тэрмінаў, прадастаўленне недакладнай інфармацыі аб выкананні работ, адсутнасць сістэмы зваротнай сувязі. Традыцыйна нечакана ў нас надыходзіць зіма ў снежні і пачынаюцца дажджы восенню», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Пагардлівае і высакамернае стаўленне да людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да дзяржавы, недапушчальна. Абсалютна непрымальныя хамства, фанабэрыя, бюракратычная цяганіна, якая вымотвае чалавека», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грашаць службы ЖКГ і фармалізмам, абыякавасцю, нежаданнем займацца практычным вырашэннем праблем, якія ўзніклі ў грамадзян.

«А колькі пытанняў да будаўнікоў! Часам так будуюць дамы для шматдзетных, што тыя месяцамі вымушаны хадзіць і прасіць устараніць недаробкі. Прычым сур’ёзныя. І такіх фактаў хапае», — прывёў яшчэ адзін прыклад кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што падыходы асобных чыноўнікаў і фарміруюць у грамадстве справядлівыя стэрэатыпы аб уладзе на месцах, якія праецыруюцца потым на ўсю вертыкаль. У выніку чалавек шукае выхад на вышэйшыя інстанцыі.

Не народ павінен ісці да ўлады, а ўлада павінна бегчы да народа, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Аб рабоце мясцовых Саветаў

«Калі мы атрымліваем кучу скаргаў ад насельніцтва, паўстае пытанне, а дзе былі нашы шматлікія Саветы ўсіх узроўняў? Дзе былі органы ўлады? Дажыліся да таго, што разгарнулі дыскусію на тэму, ці патрэбны нам сельскія Саветы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што работа мясцовых Саветаў будзе эфектыўнай, калі ўлады наладзяць з імі нармальнае ўзаемадзеянне. «Нічога ў тым дрэннага няма. Але тут жа прасцей: узяў іх і ліквідаваў. Чаму? Мы ж з імі не працуем і працаваць не хочам. Навошта? Падумаеш, нейкія сельскія Саветы. А вы паглядзіце на вёскі, на пасёлкі — сорам. Гэта недапрацоўка гэтых самых сельскіх Саветаў. А старшыні райвыканкамаў з іх не запатрабавалі. Яны нават дрэва не могуць пасадзіць там, дзе ўраган заваліў яго», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы, выслухаўшы выступленні ўдзельнікаў мерапрыемства, даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Сергяенку на працягу лета рэалізаваць прапановы, унесеныя па выніках работы нарады.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *