Творчыя знаходкі Святланы Калеснікавай

Актуально Культура

Святлана Генадзьеўна Калеснікава – актыўны ўдзельнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў пры раённым Доме рамёстваў. Яна заўсёды ў творчым пошуку, пастаянна вучыцца нечаму новаму – і кожны раз даказвае, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Святлана Генадзьеўна не можа дакладна сказаць, у які момант яна захапілася творчасцю. Рукадзелле было побач з ёю, здаецца, на працягу ўсяго жыцця, ад самага маленства. У сям’і і маці, і бабуля ўмелі добра шыць. Навучылася па-майстэрску абыходзіцца з ніткай і іголкай і Святлана, нават скончыла індустрыяльна-педагагічны тэхнікум.
– Раней заўсёды жанчыны шылі, – расказвае майстрыца. – Зараз моладзь не ведае, як гузік прышыць, а некалі шыццё было сродкам выжывання.
Падчас педагагічнай практыкі ў Мінску, калі Святлана Генадзьеўна дапамагала вучням ствараць конкурсныя работы, яна пачала эксперыментаваць з тэхнікамі, зацікавілася вышыўкай і аплікацыяй. Майстрыца разважае: магчыма, цяга да творчасці з’явілася менавіта ў той час. Ці гэта проста гены? Стрыечная сястра Святланы – член Саюза мастакоў Расіі, а стрыечны брат – паспяховы музыкант, які запісвае свае песні і дае канцэрты.
А можа, пачатак творчага шляху паклала бабуліна лапікавая коўдра, змайстраваная з кавалачкаў старога адзення? Святлана часта ўспамінала яе і аднойчы захацела зрабіць такую ж. На справе гэта аказалася не так лёгка, як здавалася на першы погляд: нават прафесійна ўмеючы шыць, майстрыца не адразу справілася з «мазаікай» з тканіны. Але паступова навучылася, і зараз лапікавае шыццё – адна з яе «візітных картак».
Святлана Генадзьеўна добра памятае, з чаго пачалося яе цеснае супрацоўніцтва з раённым Домам рамёстваў: у 2012 годзе праходзіў прафсаюзны конкурс навагодніх вырабаў, і яна вырашыла прыняць у ім удзел. Да справы падыйшла адказна – настолькі, што дзеля пано ў тэхніцы лапікавага шыцця «ў ахвяру» быў прынесены абсалютна новы камплект пасцельнай бялізны. Так «нарадзіліся» прыгожыя і вельмі святочныя снегавікі, якіх заўважыла загадчык клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў пры Доме рамёстваў Алена Міхайлаўна Дзямешка. Яна прафесійна ацаніла добрую работу і запрасіла аўтара ў клуб.
З таго часу Святлана Генадзьеўна – удзельніца шмат-лікіх творчых выстаў, конкурсаў і фестываляў. Яна не толькі займаецца адраджэннем старажытнага рамяства лапікавага шыцця ў Верхнядзвінскім раёне, але і пастаянна спрабуе нешта новае. Эксперыментам спрыяе і тое, што Святлана Генадзьеўна – загадчык народнага клуба «Сучаснік» пры раённай бібліятэцы. Для клубных мерапрыемстваў яна робіць розныя тэматычныя ўпрыгожванні: напрыклад, нядаўна стварыла асенні тапіарый – «дрэва шчасця». Галінка, якая стала «ствалом», захоўвалася ў запасах майстрыцы каля чатырох гадоў – чакала свайго часу. У дзіцячай бібліятэцы з’явіліся зробленыя майстрыцай прыгожыя кардонныя хаткі, якія вельмі падабаюцца маленькім наведвальнікам. А зімой клуб «Сучаснік» прыняў удзел у конкурсе «Рождественский венок», работа атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Волшебство из ничего».
Святлана Генадзьеўна – чалавек рознабаковы. Чаго толькі яна не ўмее! Шые, вышывае, займаецца макрамэ, выконвае работы ў тэхніцы алмазнай мазаікі, а нядаўна захапілася маляваннем па нумарах. Толькі з вязаннем неяк не склалася – не прыйшлося па душы.
Натхненне майстрыца чэрпае ў інтэрнэце: знаходзіць цікавыя ідэі, захоўвае ў закладках, а пасля, калі выдаецца вольны час, прымаецца за справу. Вось і зараз Святлана Генадзьеўна копіць задумкі, якія абавязкова рэалізуе доўгімі зімовымі вечарамі.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *