2 лістапада беларусы адзначаюць Дзень памяці

Наш край

Лістапад у каталіцкай традыцыі – гэта месяц асаблівым чынам прызначаны малітвам за памерлых. У касцёлах і на могілках праводзяцца набажэнствы, падчас якіх узносяцца малітвы да Божай Міласэрнасці за душы спачылых родных, блізкіх, сваякоў і ўсіх людзей добрай волі. Католікі моляцца за ўсіх ахрышчаных памерлых у незалежнасці ад іх веравызнання, усведамляючы праўду пра тое, што ў Бога няма раздзялення. Нябеснае валадарства адно, і пасля смерці Бог збірае ўсіх у адну нябесную аўчарню, у якой Хрыстос – Добры Пастыр чакае кожную сваю авечку.

Вучэнне Каталіцкага Касцёла сцвярджае, што пасля смерці душа чалавека мае два шляхі: неба альбо пекла. Тыя, хто памірае ў стане асвячальнай ласкі і сяброўстве з Богам, назаўсёды прабываюць з Хрыстом у стане вечнай радасці і супакою. Яны назаўсёды прыпадабняюцца да Бога, таму што бачаць Яго такім «які Ён ёсць».
Калі чалавек быў ахрышчаны, але вёў жыццё не згоднае з Божымі запаведзямі і памёр у стане смяротнага граху, тым самым ужо на зямлі асуджаючы сябе на пакаранне, то душа такога чалавека трапляе ў стан вечнага асуджэння – пекла. Хрыстос называе пекла «вогненнай печчу», дзе «будзе плач і скрыгатанне зубоў». Тыя ж, хто імкнуўся жыць згодна з Божым законам, але адышоў з гэтага свету без пакаяння, пасля смерці павінны прайсці праз ачышчэнне, каб здабыць святасць, неабходную для ўваходу ў Божае Валадарства. Менавіта душы, якія трапляюць у чысцец, патрабуюць нашых малітваў, бо нічым іншым мы не можам ім дапамагчы здзейсніць гэты пераход да Вечнай Айчыны.
Таму ад 1 лістапада, калі ў касцёле адзначаецца Ўрачыстасць Усіх Святых, веруючыя збіраюцца ў святынях і на могілках, каб маліцца за сваіх памерлых. У храмах праводзяцца ружанцовыя набажэнствы, дзе чытаюцца памінальныя запіскі, а таксама падчас актавы (8 дзён) служацца святыя Імшы за ўсіх памерлых. У нашым Верхнядзвінскім касцёле памінальныя набажэнствы служацца ад 3 да 9 лістапада: у панядзелак, сераду і пятніцу ў 17.30, а ў аўторак, чацвер і суботу ў 9.30.
На могілках адбываюцца малітвы на пяці сімвалічных прыпынках, на якіх Божай Міласэрнасці даручаюцца душы памерлых святароў, бацькоў і родных, сваякоў і дабрадзеяў, выхавацеляў і ахвяраў войнаў і катастрофаў. Падчас малітваў людзі запальваюць на магілах свечкі і знічы.
Нагадваю, што ніякага алкоголю і «пачас-тункаў» на могілкі не прыносім. Памінаць – значыць маліцца. Традыцыя спраўляць па памерлых так званыя трызны – гэта выключна язычніцкі звычай, які ўвайшоў і моцна «урос» у свядомасць нашых слабаверуючых людзей з часоў атэізму.
Даручаючы ўсіх нас Божай Міласэрнасці, а таксама Беззаганнай Панне Марыі, Каралеве супакою, яднаюся ў сардэчнай малітве за нашых памерлых братоў і сясцёр.
Кс. Аляксандр Грыцкевіч.

Расклад памінальных набажэнстваў
на могілках Верхнядзвінска:
2 лістапада – 11.30 – старыя могілкі;
5 лістапада – 12.00 – могілкі на Гейжынава; 12.40 – могілкі ў Бароўцы; 13.30 – новыя могілкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *